Беларуская Служба

На першы позірк у расіян ёсць перавага на Данбасе, але толькі на першы позірк

21.04.2022 15:09
Найбольш верагодны сцэнар – доўгая пазіцыйная вайна, адсутнасць хуткіх перамогаў аднаго з бакоў і ў канцы канцоў перамога Украіны, выратаванне дзяржаўнасці краіны.
  -
Знішчаная падчас расійска-украінскай вайны баявая тэхнікафота: PAP/EPA/OLEG PETRASYUK

Выданне Polityka аналізуе магчымыя сцэнары развіцця падзей на Данбасе, дзе пачалося расійскае наступленне. Адзін з найбольш песімістычных сцэнароў – украінскія войскі, якія бароняць заходні Данбас, будуць акружаныя, адрэзаныя ад Дняпру, а пазней разбітыя. Дапамога не паспее своечасова. Пасля перамогі на Данбасе расійскія войскі зноў нападуць на Кіеў, на гэты раз разам з арміяй Лукашэнкі. І знішчаць украінскую сталіцу. І прымусяць тое, што застанецца ад украінскага ўраду, да перамоваў. Перамоваў пра тое, каб прымусіць Захад утрымліваў абрэзаную з усіх бакоў заходнюю Украіну.

Гэтая візія вельмі пужае, яна ў вялікай ступені згодная з планамі Пуціна. Аднак вельмі верагодна, што сцэнар вайны будзе выглядаць зусім інакш. На першы позірк у расіян ёсць мілітарная перавага. Але толькі на першы позірк. «Другая армія свету» ужо атрымала ў зубы пад Кіевам, а песімістычныя сцэнары хутка могуць змяніцца, дзякуючы ўкраінскаму балоту, польскім ды чэшскім танкам, амерыканскім беспілотнікам, васьмі гадам падрыхтоўкі ўкраінскага войска, добрай разведцы і славутаму расійскаму бардаку.

У гэтай вайне пераможа той, хто хутчэй папоўніць свае запасы. У расіян хапае амуніцыі, але бракуе людзей, якія гатовыя пайсці на гэтую варварскую вайну, украінцы маюць шмат салдат, гатовых змагацца, але не хапае тэхнікі і ўзбраення. Расіяне спяшаюцца з атакай, хаця не хапае ім салдат, каб выставіць на фронце іх з класічнай перавагай 3 да 1 (каб атака была паспяховай, у нападаючага боку павінна быць у тры разы больш жывой сілы, чым у суперніка).

Так што Украіна мае шанцы абараніць свае пазіцыі на Данбасе. Найбольш верагодны сцэнар – доўгая пазіцыйная вайна, адсутнасць хуткіх перамогаў аднаго з бакоў і ў канцы канцоў перамога Украіны ды выратаванне дзяржаўнасці краіны.

 

Большасць украінскіх палітыкаў упэўненыя, што гэта будзе працяглы канфлікт, цытуе словы кіраўніка канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы Міхала Дворчыка выданне Rzeczpospolita.

Дворчыка пыталі, у прыватнасці, ці можа Расія ўжыць тактычную ядзерную зброю ва Украіне?

"Думаю, што сёння нельга выключаць ніводнага сцэнара. Сцэнар выкарыстання тактычнай ядзернай зброі аналітыкі таксама разглядаюць як рэальнае развіццё падзей, калі б Расія не змагла дасягнуць ваенных мэтаў звычайнымі сродкамі. Мы, канешне, спадзяемся, што да гэтага не дойдзе. Краіны NATO, перш за ўсё ЗША, праяўляюць вялікую рашучасць, калі гаворка ідзе аб падтрымцы Украіны ў барацьбе з расійскім агрэсарам, і Расія павінна ўлічваць наступствы сваёй злачыннай палітыкі", – ацаніў кіраўнік канцылярыі прэмʼер-міністра.

Дворчык таксама сказаў, што ва Украіне чакаюць, калі пачнецца сапраўдны поўнамаштабны расійскі наступ на Данбас. "Гэты наступ яшчэ не пачаўся цалкам, – падкрэсліў ён. – Для ўсіх галоўнае пытанне – якія сілы і сродкі будуць сабраныя на гэтым участку перад ударам".

Кіраўнік канцылярыі прэмʼер-міністра адзначыў, што цяпер большая частка расійскіх войскаў сканцэнтраваная на ўсходзе Украіны. – Многія кажуць, што гэта можа быць вырашальным сутыкненнем, калі гаворка ідзе пра дадзены этап вайны, – сказаў пра бітву за Данбас Дворчык.

"Большасць украінскіх палітыкаў перакананыя, што гэта будзе працяглы канфлікт, што нават пасля гэтага сутыкнення (за Данбас) гэты канфлікт не скончыцца, ён будзе працягвацца".

нг