Міністэрства ўнутраных спраў Францыі абвясціла канчатковыя вынікі другога тура прэзідэнцкіх выбараў. Пасля падліку дадзеных з усіх выбарчых участкаў было абвешчана, што ў нядзельным, другім туры галасавання перамог дзейны прэзідэнт Эмануэль Макрон.
Такім чынам, пацвердзіліся вынікі ўчарашняга апытання. Паводле звестак французскага МУС, у другім туры прэзідэнцкіх выбараў Эмануэль Макрон набраў 58,54 працэнта галасоў, а яго суперніца Марын Ле Пен – 41,46 працэнта. Гэта значыць, што дзейнага прэзідэнта падтрымалі на 17 працэнтаў выбаршчыкаў больш, чым Марын Ле Пен.
«Бліжэйшыя гады не будуць спакойнымі, але яны будуць гістарычнымі», – запэўніў прэзідэнт Эмануэль Макрон. Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў кіраўнік дзяржавы выступіў з прамовай на Марсавым полі ў Парыжы, звяртаючыся, між іншым, да прыхільнікаў сваёй суперніцы:
- З гэтага моманту я не з’яўляюся ўжо кандыдатам адной партыі, але прэзідэнтам усіх французаў.
Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў слова ўзяла таксама лідарка нацыяналістаў Марын Ле Пен, якая прызнала сваю паразу:
- Нягледзячы на няўдачу, я бачу нейкую форму надзеі. Гэты вынік паказвае вялікі недавер французскага народа да французскіх і еўрапейскіх лідараў. Яны не могуць ігнараваць гэта. Гэта таксама сведчыць аб агульным жаданні пераменаў. Французы сёння выказалі неабходнасць моцнага процідзеяння, каб супрацьстаяць Эмануэлю Макрону, і моцнай апазіцыі, якая будзе працягваць іх абараняць.
Марын Ле Пен дадала, што, нягледзячы на сваю паразу, не сыдзе з палітычнага жыцця.
Каментатары звяртаюць увагу на выразныя падзелы ў французскім грамадстве і тое, што выбаршчыкі выбралі стабільнасць і супрацівіліся крайнім правым сілам. Каментатары, звяртаюць увагу таксама на самую нізкую яўку за апошнія 50 гадоў, якая склала 71,9 працэнта і з’яўляецца другім найгоршым вынікам у гісторыі прамых прэзідэнцкіх выбараў у Францыі, а таксама на рэкордны (41 працэнт) вынік кандыдата ад нацыяналістаў Марын Ле Пен.
Перамогу Макрона вітаюць перш за ўсё партнёры Францыі ў Еўропе і ў Вашынгтоне з-за непрыхільнага стаўлення Марын Ле Пен да Еўрасаюза і НАТА. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн павіншаваў Эмануэля Макрона з пераабраннем на пасаду прэзідэнта. Ён падкрэсліў цесны саюз ЗША з Францыяй і неабходнасць працягваць падтрымліваць Украіну. «Віншую Эмануэля Макрона з пераабраннем. Францыя – наш найстарэйшы саюзнік і ключавы партнёр у вырашэнні глабальных праблем», – напісаў амерыканскі прэзідэнт у Твітары.
«Я жадаю Эмануэлю Макрону новых поспехаў на карысць французскага народа. Я цаню падтрымку Францыі і я перакананы, што мы разам дасягнем перамогі! Для моцнай і адзінай Еўропы!« – напісаў у Твітары прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
З перамогай на прэзідэнцкіх выбарах Эмануэля Макрона павіншавалі таксама прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і кіраўнік польскага ўрада Матэвуш Маравецкі.
«Мы шмат разоў сустракаліся за апошнія месяцы, і я рады, што магу працягнуць дыялог. Віншую, дарагі Эмануэль Макрон!» – напісаў Анджэй Дуда.
У сваю чаргу прэм'ер Матэвуш Маравецкі нагадаў, што ў Польшчы і Францыі шмат агульных праблем і агульных інтарэсаў. «Кожныя выбары – гэта свята дэмакратыі. Нават пасля самай гарачай кампаніі надыходзіць час руплівай працы», – напісаў у сацсетках Матэвуш Маравецкі.
Міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Польшчы Гжэгаж Пуда(Grzegorz Puda) заявіў, што пасля выбараў Францыя павінна адмовіцца ад пракрамлёўскай палітыкі:
- Мы спадзяемся на тое, што Францыя крыху працверазее, паколькі прапуцінская і пракрамлёўская палітыка давяла да таго, што зараз Францыя – адна з краін, якія ў нейкай ступені адказваюць за тое, што адбываецца ва Украіне. Я не спадзяюся нейкага пералому, але верыць у змены заўсёды можна.
Паводле віцэ-кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Войцеха Скуркевіча(Wojciech Skurkiewicz), бліжэйшыя тыдні і месяцы пакажуць, ці адбудзецца змена ў адносінах паміж Варшавай і Парыжам:
- Несумненна, перамога Макрона з’яўляецца працягам палітыкі апошніх 5 гадоў, якая была не найлепшай у аспекце адносінаў на лініі Варшава-Парыж. Тым не менш, па-за выбарчай кампаніяй у Францыі, назіраліся нейкія сімптомы пацяплення адносінаў паміж Варшавай і Парыжам. Аднак, як гэта будзе, пакажуць наступныя тыдні і месяцы. Пыл перадвыбарнага суперніцтва ў Францыі ўжо апусціўся, і я спадзяюся, што Макрон выканае тыя задачы, якія ён павінен выконваць як прэзідэнт магутнай еўрапейскай краіны ў адносінах да Усходняй Еўропы, асабліва ў дачыненні да Расіі.
Падтрымліваны ліберальнай партыяй «En Marche» Эмануэль Макрон другі раз запар перамог лідарку «Нацыянальнага абʼяднання» Марын Ле Пен, хоць гэтым разам атрымаў на 8 працэнтных пунктаў менш, чым на прэзідэнцкіх выбарах 2017 года.
Эмануэль Макрон стаў чацвёртым прэзідэнтам у гісторыі Пятай рэспублікі, які быў пераабраны на галоўную пасаду ў краіне. Апошні раз гэта ўдалося прэзідэнту Жаку Шыраку ў 2002 годзе. Макрон будзе прэзідэнтам Францыі да 2027 года.
Тым часам аглядальнікі звяртаюць увагу, што пераабраны прэзідэнт праз некалькі тыдняў будзе прымушаны справіцца з наступным выклікам, то бок чэрвеньскімі парламенцкімі выбарамі, якія вызначаць склад новага ўрада. Гэта на падтрымку Савета міністраў будзе разлічваць Макрон падчас рэалізацыі планаваных рэформаў. Тым часам, як правіла, новаабраныя прэзідэнты не могуць разлічваць на большасць у парламенце, калі парламенцкія выбары праходзяць адразу пасля прэзідэнцкіх. Між тым, Марын Ле Пен паабяцала стварыць моцны апазіцыйны блок у парламенце.
IAR/аз