Беларуская Служба

Ціханоўская ў ЗША: будуць абмяркоўваць пытанні дапамогі беларускім праваабаронцам, медыя, грамадзянскай супольнасці

27.04.2022 15:12
Святлана Ціханоўская гэтымі днямі знаходзіцца з візітам у ЗША.
Аўдыё
  • Святлана Ціханоўская паехала на пахаванне былога сакратара ЗША Мадлен Олбрайт, таксама запланаваны шэраг палітычных сустрэч.
     .
Сустрэча Святланы Ціханоўскай з Мадлен Олбрайт. Архіўнае фотаФота: tsikhanouskaya.org

Слухайце далучаны файл!

Святлана Ціханоўская паехала на пахаванне былога сакратара ЗША Мадлен Олбрайт, таксама запланаваны шэраг палітычных сустрэч.

Цырымонія развітання з былым дзяржаўным сакратаром ЗША Мадлен Олбрайт запланаваная на сёння, 27 красавіка. Падчас цырымоніі плануецца выступ прэзідэнта ЗШАДжзэфа Байдэна, экс-прэзідэнта Біла Клінтана, былога дзяржсакратара Хілары Клінтан.

Мадлен Олбрайт памерла 23 сакавіка, ёй было 84 гады. Мадлен Олбрайт – жанчына з цікавай біяграфіяй. Яна нарадзілася ў 1937 годзе ў Празе, яе сям’я эмігравала ў ЗША ў 1948 годзе. Яе бацька будучага дзяржсакратара быў быў чэхаславацкім дыпламатам.
Мадлен Олбрайт стала першай жанчынай на пасадзе дзяржаўнага сакратара ЗША. Яна працавала пастаяннай прадстаўніцай ЗША пры ААН, дарадцай прэзідэнта Біла Клінтана, кіравала праграмай «Жанчыны ў замежнай палітыцы». Мадлен Олбрайт вітала прасоўванне жанчын у грамадска-палітычнай сферы, магчымасці для кар’еры.

Цікавы штрых да партрэта палітычнай дзяячкі: Олбрайт любіла ўпрыгожваць свае строі рознымі брошкамі, якія неслі дадатковую сэнсавую нагрузку. Напрыклад, яна апранула брошку ў выглядзе разбітай шкляной столі, калі Хілары Клінтан стала кандыдатам у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі.

«Пасля сённяшняга вечара гэтая брошка будзе адзінай шкляной столлю, якая засталася на з'ездзе Дэмакратычнай партыі ў Філадэльфіі!» – заявіла Олбрайт. Яна мела на ўвазе тое, што Клінтан разбіла шкляную столь, стаўшы першай жанчынай-кандыдатам у прэзідэнты ад буйной палітычнай партыі ЗША. Сама Олбрайт, нагадаем, была першай жанчынай-дзяржсакратаром.

Пра візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША расказвае прэс-сакратар Ганна Красуліна:

– Святлана Ціханоўская запрошаная не проста так. Цягам апошняга часу ў яе склаліся вельмі цёплыя адносіны. Олбрайт дапамагала нашай дэлегацыі падчас візіту Ціханоўскай у ЗША. Яна вельмі цёпла сустрэла тады Ціханоўскую, сімпатызавала ёй. Яна змагалася за дэмакратычныя пераўтварэнні, каб краіны, якія апынуліся пад уплывам Расійскай імперыі, а пасля і Савецкага саюза, атрымалі сапраўдную незалежнасць. Олбрайт нарадзілася ў празе, у 1968 годзе Чэхія ўвайшла ў склад сацыялістычнага блока. Мы з вамі памятаем, як гэта адбывалася, для яе гэта было балюча. Таму дэмакратычныя пераўтварэнні постсавецкіх краін – яна за гэта заўсёды вельмі, вельмі перажывала.

Для Ціханоўскай гэта не толькі візіт развітання з палітыкам. Яна правядзе таксама шэраг працоўных сустрэч у Дзярждэпартаменце і Кангрэсе ЗША, з дэпутатамі беларускіх кокусаў – гэта парламенцкія групы, якія працуюць па пытаннях Беларусі, а таксама правядзе брыфінг для дыпламатычнага корпусу.

– Гэта будзе працоўны візіт, падчас якога будуць вырашацца пытанні незалежнасці Беларусі, пытанні ролі Беларусі ў вайне Расіі з Украінай і, адпаведна, адказнасці Лукашэнкі, пытанні дапамогі беларускім праваабаронцам, медыя, грамадзянскай супольнасці. Таму мы разлічваем, што будуць практычныя вынікі гэтага візіту – у рэальных справах для нашай будучыні і гісторыі, – гаворыць прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

У ЗША адбудуцца сустрэчы Ціханоўскай з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, беларускай дыяспары. Плануецца, што яна таксама выступіць ва ўніверсітэце, сустрэнецца з прадстаўнікамі амерыканскіх і міжнародных СМІ.

вх