Беларуская Служба

Міжнародная супольнасць сабрала 6, 5 мільярдаў долараў для Украіны

06.05.2022 11:04
У Варшаве адбылася Міжнародная канферэнцыя донараў. На Нацыянальным стадыёне сустрэліся прадстаўнікі заходніх краін і арганізацый, каб сумесна стварыць новы фонд дапамогі для Украіну.
Ілюстрацыйны здымак PAP/Rafał Guz

Улады Украіны заяўляюць, што больш за дзясятак мільёнаў грамадзян гэтай краіны маюць патрэбу ў прадуктах першай неабходнасці, такіх як харчаванне, лекі, сродкі асабістай гігіены і цёплыя рэчы. Таксама паводле дадзеных ААН, больш за 12 мільёнаў чалавек на ахопленай вайной украінскай тэрыторыі маюць патрэбу ў тэрміновай гуманітарнай дапамозе.

У звязку з паўсталай сітуацыяй ў польскай сталіцы адбылася канферэнцыя міжнародных донараў, каб сабраць дапамогу для Украіны.  Гэта сумесная ініцыятыва прэм'ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага і прэм'ер-міністра Швецыі Магдалены Андэрсан, а таксама старшыняў Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай рады. 

На дадзены момант сабрана 6 з паловай мільярдаў долараў ахвяраванняў для Украіны. У першую чаргу дапамога будзе аказвацца жыхарам Усходняй Украіны і тым, каму давялося пакінуць свае дамы ў выніку вайны. Польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі падзякаваў удзельнікам за гатоўнасць дапамагаць.

- Дзякую за ўсе ахвяраванні, я толькі што атрымаў канчатковую лічбу. Я вельмі рады абвясціць, што ўсе мы змаглі мабілізаваць 6,5 мільярдаў долараў. Давайце зробім так, каб гэтыя грошы дайшлі да ўкраінцаў як мага хутчэй і эфектыўна. Гэты дзень паказвае, што наша падтрымка Украіне працягваецца і што сярод нас няма эгаізму. Я лічу, што гэта выдатная выснова, бо калі пераможа эгаізм, пераможа Пуцін. Калі перамагае адзінства - перамагае Украіна, а значыць, і ўсе мы. Расія нясе смерць, і таму краіны вольнага свету павінны дапамагаць. Канферэнцыя ў Варшаве паказала вялікую салідарнасць усіх нас, даючы надзею Украіне, забяспечваючы яе будучыню.

Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што цяпер трэба думаць аб аднаўленні Украіны, а таксама аб яе будучыні як суверэннай і свабоднай краіны. Ёй трэба надаць статус краіны-кандыдата ў Еўрасаюз.

- Перш за ўсё, Украіне трэба як мага хутчэй надаць статус краіны-кандыдата ў Еўрасаюз. Я ведаю, наколькі важна для ўкраінцаў захаваць баявы дух і маральны дух. Гэта надзвычай важна.

Прэм’ер-міністар Швэцыі Магдалена Андэрсан заявіла ў Варшаве, што пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны Еўропа не будзе як раней. Паводле словаў Магдалены Андэрсан, інфармацыя, якая паступае з Украіны, нагадвае нам пра найгоршыя моманты ў гісторыі Еўропы, якія, як здавалася, больш ніколі не паўторацца. Яна таксама працытавала выказванне  11-гадовага хлопчыка з Адэсы і падкрэсліла, што ні адно дзіця ў свеце не павінна перажываць такія пакуты.

- Ён баяўся, распавёў ЮНІСЕФ, што былі выбухі, і ён іх вельмі добра чуў, і ў любы момант у дом, дзе ён жыве, можа патрапіць ракета, і ўсе загінуць.

Палітык паведаміла, што Швецыя бярэ на сябе абавязацельства ахвяраваць 23 мільярды долараў на падтрымку Украіны. Прэм'ер-міністр Швецыі Магдалена Андэрсан зазначыла, што ганарыцца ініцыятывай Польшчы і Швецыі па арганізацыі канферэнцыі.

- Мы працавалі разам, каб сабраць разам суб’екты, гатовых падтрымаць Украіну, прадстаўляючы неадкладную гуманітарную дапамогу, як у кароткатэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве. Грошы, якія мы сабралі сёння, вельмі патрэбны мужчынам і жанчынам, дзецям і старым, якія бачаць як іх жыццё, як іх дамы і сем'і, знішчаюцца жорсткай расійскай агрэсіяй.

Партнёрамі мерапрыемства выступілі старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль і старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Старшыня Еўракамісіі нагадала пра дапамогу ЕС для Украіны, якая ўжо аказваецца, і паабяцала яе павялічыць.

- За 10 тыдняў вайны мы аказалі эканамічную дапамогу ў памеры 4 мільярды еўра, мабілізавалі 3,5 мільярда еўра для бежанцаў у Еўрапейскім саюзе, а тры тыдні таму, тут, у Варшаве, мы абавязаліся ахвяраваць 1,8 мільярда еўра ўнутраным бежанцаў ва Украіне. Але гэтага, вядома, недастаткова. Сёння мы адкрываем яшчэ адну главу, таму віншую удзельнікаў канферэнцыі з вынікам, - ён унікальны.

У канферэнцыі, у тым ліку, удзельнічаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па відэасувязі з Кіева. Ён сказаў, што яго краіне патрэбны міжнародны план дапамогі, падобны на план Маршала. У прамове падчас Міжнароднай канферэнцыі донараў для Украіны ў Варшаве украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што ўлады рыхтуюць грандыёзны план адбудовы краіны пасля вайны.

- Гэтыя грошы, а таксама тэхналогіі і дапамога спецыялістаў створаць магчымасць эканамічнага росту, а таксама бяспечнага жыцця грамадзян, мадэрнізацыі і сацыяльнага развіцця. Гэта будзе інвестыцыя ў стабільнасць Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, каб агрэсар ведаў, што ён не зламаў моц Еўропы, сілу ўсіх свабодных нацый.

Варшаўская канферэнцыя сведчыць аб тым, што Украіна і свабодны свет знаходзяцца на шляху да агульнай перамогі, што міжнародная супольнасць на баку Украіны.Чым скончыцца вайна будзе вырашацца не толькі на полі бою, але і праз эканоміку, фінансы і гуманітарную дапамогу. Падтрымка Украіны стане інвестыцыяй у стабільнасць Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч