Беларуская Служба

Міністр абароны Украіны хваліць польскую тэхніку, якая ўдзельнічае ў вайне з Расіяй

20.05.2022 15:01
Warmate – гэта сямейства невялікіх беспілотнікаў, абсталяваных баявымі зарадамі. Яны знішчаюць мэты, трапляючы ў дакладна абраныя месцы.
Польскі БПЛА вырабляецца таксама па ліцэнзіі ва Украіне прадпрыемствам «Чезара» фота: Warmate UAV, Kyiv/VoidWanderer

Сайт Польскага тэлебачання tvp.info піша пра ваенную тэхніку з Польшчы, якая эфектыўна працуе на вайне ва Украіне. Украінскія жаўнеры хваляць польскую тэхніку ў інтэрнэце. «Warmate» эфектыўна знішчае ворага ў руках нашай арміі», – напісаў таксама міністр абароны Украіны. Польскія баражыруючыя боепрыпасы могуць доўга цыркуляваць, чакаючы загаду атакаваць, яны пераносяць розныя боегалоўкі ў залежнасці ад мэты. – Warmate мае магчымасць дзейнічаць роем, гэта значыць запускаць у паветра каля 10 ракет, якія могуць атакаваць адначасова з розных бакоў. Ні адна сістэма супрацьпаветранай абароны не здольная супрацьстаяць такой атацы – кажа дырэктар па камунікацыях кампаніі WB Group, якая выпускае інавацыйную польскую тэхніку, Рэмігіюш Вільк (Remigiusz Wilk).

– З пункту гледжання палякаў, самае галоўнае, што ўсе нашы сістэмы на 100 працэнтаў польскія. Поўны кантроль над рашэннямі, мадыфікацыямі і аб'ёмам вытворчасці за намі.

Вільк тлумачыць, што Warmate – гэта сямейства невялікіх беспілотнікаў, абсталяваных баявымі зарадамі. Яны знішчаюць мэты, трапляючы ў дакладна абраныя месцы. У сутычцы з расіянамі яны даюць украінцам значную перавагу.

– Як правіла, мы не каментуем выкарыстання нашай тэхнікі карыстальнікамі, асабліва замежнымі. Але, вядома, мы рады, што нехта, як міністр абароны, ацэньвае эфектыўнасць сістэм WB GROUP, – кажа Вільк. Ён тлумачыць, што канструкцыя дазваляе гнутка адаптаваць тэхніку да місіі. Больш за тое, сістэма таннейшая, таму што яна можа адаптавацца да патрабаванняў. Кіраваць імі вельмі проста, не патрэбна складаная падрыхтоўка, як у выпадку з кіраваннем буйнымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

– Безумоўна, у апошні час цікавасць да нашых сістэм вельмі ўзрасла. WB GROUP прапануе «заходнія» сістэмы, якія зарэкамендавалі сябе ў рэгулярных баявых дзеяннях, дзе дзейнічае буйнамаштабная авіяцыя, працуе супрацьпаветраная абарона, радары. Такім чынам, мы можам з гонарам сказаць, што польскія сістэмы прайшлі праверку і працуюць выдатна – пра што сведчыць той факт, што да гэтага часу ў Twitter не зʼяўлялася фотаздымкаў збітага або пашкоджанага польскага БПЛА.

нг