Выданне Polska Times друкуе вялікае інтэрвʼю з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Першае пытанне – пра ўзрост. Нядаўна Дудзе споўнілася 50 гадоў, ці з гэтай датай звязаны нейкія канкрэтныя планы? Прэзідэнт адказвае, што такі ўзрост дадае пашаны ў свеце палітыкі. Акрамя таго, ён адчувае сябе здаровым, моцным і верыць, што яшчэ можа прыдасца сваёй краіне (Дуда ўжо два разы быў прэзідэнтам, не можа балатавацца трэці раз - рэд.).
У размове шмат увагі прысвечана сітуацыі ва Украіне. Дуда кажа, што перад нападам Расіі было ўжо вядома, што гэта адбудзецца, сам Дуда быў ва Украіне незадоўга да гэтага, а выехаў з краіны літаральна за некалькі гадзін да пачатку вайны. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі на развітанне сказаў: «Расіяне думаюць, што мы не будзем змагацца, але яны памыляюцца. Анджэй, магчыма, мы бачымся апошні раз».
- Уладзімір называе мяне сябрам, але я таксама лічу яго сваім сябрам, вайна яшчэ больш умацавала гэтае сяброўства. Зяленскі прымаў мяне ў Кіеве і Адэсе. Я верыў, што разам мы зможам пераадолець складаныя старонкі польска-ўкраінскай гісторыі. Тады я не думаў, што здарыцца поўнамаштабная вайна з Расіяй. А калі яна пачалася, я званіў яму штодзённа. І сапраўды баяўся, што больш яго не пачую, – кажа Дуда.
Ён адзначае, што дзякуючы асабістым добрым кантактам з прэзідэнтам Украіны на працягу апошніх месяцаў удавалася вырашаць шмат праблем, між іншым, вялізнай чаргі на мяжы, калі ў першыя дні вайны з Украіны хлынуў паток бежанцаў. Тады Дуда пазваніў Зяленскаму з прапановай, каб украінцы на мяжы хутка прапускалі ўсіх жанчын і дзяцей, а палякі ўжо імі зоймуцца. І чарга зменшылася.
Як закончыцца вайна ва Украіне? Дуда адказвае на гэтае пытанне так: «Я магу сказаць, як я б хацеў, каб яна закончылася. Я б хацеў, каб Украіна вярнула ўсю сваю тэрыторыю, прызнаную на свеце. Гэта вельмі важна таксама для Польшчы, для яе бяспекі. Я стараюся падтрымліваць Украіну ўсімі сіламі, каб яна перамагла ў вайне. Так будзе справядліва і так павінна быць. Я б хацеў, каб Украіна адбудавалася, каб яна была вялікай, квітнеючай дзяржавай, нашым суседам, сябрам, хаўруснікам», – падсумоўвае гутарку прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
нг