Беларуская Служба

Вялікабрытанія прапануе стварыць новы хаўрус у якасці альтэрнатывы Еўрасаюзу

28.05.2022 09:13
У новы саюз на чале з Вялікабрытаніяй увойдуць Украіна, Польшча, Эстонія, Латвія і Літва і, магчыма, пазней Турцыя.
ЛонданPhoto:Peggy_Marco/pixabay.com/CC0 Public Domain

Выданне DoRzeczy піша са спасылкай на італьянскую газету Corriere della Sera, што прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан прапануе стварыць новы палітычны, эканамічны і ваенны хаўрус у якасці альтэрнатывы Еўрапейскаму Саюзу.

У новы саюз на чале з Вялікабрытаніяй увойдуць Украіна, Польшча, Эстонія, Латвія і Літва і, магчыма, пазней Турцыя.

Паводле высноваў італьянскай прэсы, ініцыятыва Лондану накіраваная на «пабудову блока дзяржаў, якія жадаюць захаваць нацыянальны суверэнітэт, ліберальных у эканоміцы і поўных рашучасці супрацьстаяць палітыцы Расіі».

Прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан упершыню падзяліўся сваёй ідэяй з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім падчас візіту ў Кіеў 9 красавіка, аднак Кіеў не падтрымаў і не адхіліў прапановы. Газета мяркуе, што Зяленскі мог бы больш сурʼёзна паставіцца да ініцыятывы Джонсана, калі б Брусель не прызнаў статусу Украіны ў якасці кандыдата на ўваход у ЕС на саміце, які павінен адбыцца 23-24 чэрвеня.

Кіраўнік украінскай дыпламатыі Дзмітрый Кулеба патлумачыў, што Кіеў хоча мець «зарэзерваванае» месца ў ЕС, нават калі для паўнавартаснага членства спатрэбіцца «некаторы час». Працэс прыняцця ў ЕС займае звычайна шмат гадоў, кандыдаты павінны даказаць, што яны адпавядаюць шэрагу крытэрыяў – ад павагі да дэмакратыі і вяршэнства закона да дастаткова моцнай эканомікі.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў у пачатку траўня, што працэс далучэння Украіны да супольнасці зойме «дзесяцігоддзі». На яго думку, Кіеў павінен стаць членам «паралельнай еўрапейскай супольнасці», пакуль не дасягне статусу паўнапраўнага члена ЕС.

нг