Беларуская Служба

Нямецкія СМІ: Хаос і хлусня замест паставак танкаў для Украіны

30.05.2022 10:15
Пытанне адпраўкі ва Украіну танкаў «Мардэр» суправаджаецца хаосам.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота: Shutterstock

Мінабароны Германіі некалькі дзён таму патлумачыла, што NATO не дае згоды на пастаўкі зброі Украіне. Прадстаўнік Альянсу гэта абверг. Акрамя таго, супраць дзеянняў канцлера і Мінабароны выступаюць нават члены кааліцыі ад Зялёных і FDP, піша штодзённік Bild.

Тыдзень таму дзяржсакратар Зімт'е Мёлер (Siemtje Moeller) (СДПГ), выступаючы ад імя Мінабароны, сцвярджаў, што Германія не можа паставіць танкі «Мардэр» з-за «рашэння, прынятага NATO», нагадвае «Bild».

Выданне, запытаўшы непасрэдна ў штаб-кватэры NATO, прызнала заяву нямецкага міністра «хлуснёй».

СДПГ – партыя канцлера Олафа Шольца і міністра абароны Крысцін Ламбрэхт – хутка адмовілася ад гэтага, матывуючы свае словы «нефармальным пагадненнем» унутры Альянсу. «Але гэта таксама не было праўдай», –  падкрэслівае Bild, які папрасіў пацвярджэння ў кіраўніка літоўскага МЗС Габрыэліуса Ландсбергіса. Ландсбергіс катэгарычна аспрэчыў, што на пасяджэннях NATO будуць заключацца якія-небудзь, нават неафіцыйныя, дамоўленасці не пастаўляць Украіне заходнія танкі або баявыя машыны.

Вольфганг Хельміх (Wolfgang Hellmich), прэс-сакратар СДПГ па абароннай палітыцы, спадзеючыся ўпэўніцца ў наратыве сваёй партыі, заявіў у чацвер, што парламенцкі камітэт па абароне ўжо быў «поўнасцю праінфармаваны» аб гэтай справе. «Гэта была трэцяя хлусня пра танкі», — піша Bild.

Старшыня камітэта па абароне Мары-Агнес Страк-Зіммерманн (Marie-Agnes Strack-Zimmermann) (FDP) падкрэсліла, што гэтае пытанне не абмяркоўвалася. Гэта пацвердзіла яе калега па кааліцыі Сара Нанні (Sara Nanni) (Зялёныя), якая прысутнічала падчас сустрэчы камітэта: «Я была там, і размовы аб такім пагадненні не было».

Уся сітуацыя дадаткова ўскладняецца тым, што існуе яшчэ і спрэчка паміж Мінабароны на чале з СДПГ і Міністэрствам замежных спраў, якое знаходзіцца ў руках «зялёных». «Відаць, ні зялёныя, ні МЗС нічога не ведалі пра нібыта пагадненне з NATO», — адзначае Bild.

Як падкрэслівае штодзённік, міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Ліз Трас (Liz Trus) і яе чэшскі калега Ян Ліпаўскі (Jan Lipavsky) пасля сустрэчы ў Празе ў мінулую пятніцу таксама абверглі наяўнасць дамоўленасцяў у НАТА аб непастаўцы ва Украіну цяжкага ўзбраення.

«Ваенная падтрымка ўраду ў Кіеве ідзе з боку асобных краін, гэта не вынік сумесных дамоўленасцяў членаў Заходняга абарончага альянсу», — падкрэсьліў Ліпаўскі.

PAP / gazetaprawna.pl / вх