Беларуская Служба

Ціханоўская: Усплёск пратэстаў у Беларусі – пытанне часу

02.06.2022 10:41
Паводле Святланы Ціханоўскай, хоць Лукашэнка душыць апазіцыю, але ён таксама ў пастцы.
Святлана Ціханоўская падчас з'езду ЕНП PAP/EPA/Sem van der Wal

«Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі – арышты, катаванні – пасля пачатку вайны ва Украіне для Захаду выглядае меншым злом. Лукашэнка пра гэта ведае. Таму ён карыстаецца сітуацыяй і душыць апазіцыю», – кажа народнаабраная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю выданню «Gazeta Wyborcza».

Ціханоўская, якая зараз пражывае ў Літве, гасціла ў Ратэрдаме на запрашэнне Еўрапейскай народнай партыі.
Падчас з'езду ЕНП беларуска заклікала Еўропу не забываць пра тысячы беларускіх палітвязняў у Беларусі.

«Калі мы пачыналі барацьбу ў 2020 годзе, міжнародная супольнасць асуджала дзеянні Лукашэнкі вельмі рашуча. Быў моцны ціск з мэтай увядзення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, можна было зрабіць значна больш, чым сёння. Таксама тады я бачыла адзінства і рашучасць сярод еўрапейскіх лідараў. Цяпер, вядома, мы разумеем, што ўся ўвага прыкавана да Украіны. Мы ўсім сэрцам падтрымліваем барацьбу ўкраінцаў. Лёсы нашых краін узаемазвязаны і многа залежыць ад таго, чым скончыцца гэтая вайна. Нельга забыць таксама, што хаўруснікам Пуціна ў гэтай вайне стаў Лукашэнка, які дагэтуль знаходзіцца пры ўладзе. У той жа час мы выкарыстоўваем любую магчымасць, каб пагаварыць пра сітуацыю ў Беларусі з еўрапейскімі лідарамі. Вось чаму мы тут. Бо там яшчэ тысячы палітвязняў. Некаторым з іх пагражае смяротнае пакаранне», – нагадала Ціханоўская.

«Лукашэнка ведае, што ў параўнанні са злачынствамі вайны ва Украіне тое, што адбываецца ў Беларусі – арышты і катаванні – выглядае меншым злом. Вайна дапамагае яму здушыць апазіцыю (…) Але гэта мала дапаможа. Людзі ўсё больш неахвотна ставяцца да Лукашэнкі, адчуваецца, што беларускае грамадства кіпіць. Усплёск новых пратэстаў – толькі пытанне часу. Лукашэнка жудасна баіцца людзей і ён няўпэўнены ў сваёй пазіцыі. Апошнія два месяцы ён баяўся далейшых актаў сабатажу на чыгунцы. Гэта як пастка – з аднаго боку, ён знаходзіцца пад моцным ціскам з боку Пуціна, з другога – стаў «персона нон грата» на Захадзе. Ён ужо не ў стане заглушыць людзей жахам і тыраніяй. Ён стаў непрадказальным. Таму, пакуль ён пры ўладзе, гэта пагроза не толькі для суседніх краін, але і для ўсёй Еўропы», – перасцерагае Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю выданню «Gazeta Wyborcza».

аз

Святлана Ціханоўская асабіста паразмаўляе з беларусамі ў гэтую пятніцу

02.06.2022 09:31
Пасля рэгістрацыі вы атрымаеце персанальны час для званка.