Беларуская Служба

Немагчыма прадбачыць, што рыхтуюць у Крамлі, якія чарговыя агрэсіўныя планы там выношваюць

07.06.2022 11:49
Адзінае, што застаецца рабіць палякам – рыхтавацца да вайны.
,
Масква, Крэмльфота: IAR/Maciej Jastrzębski

Польшча знаходзіцца цяпер у небяспецы, над якой жыхары краіны не могуць мець поўнага кантролю. Справа ў тым, што ніхто не ў стане дакладна прадбачыць, што рыхтуюць у Крамлі, якія чарговыя агрэсіўныя планы там выношваюць – піша тыднёвае выданне Sieci. Аднак гэта не азначае, што Польшча павінна чакаць са складзенымі рукамі таго дня, калі расійскія войскі ўварвуцца ў дзяржаву. Не варта таксама старацца заігрываць з Масквой і яе задобрываць, паколькі такія жэсты толькі яшчэ больш заахвочваюць да агрэсіі.

Адзінае, што застаецца рабіць палякам – рыхтавацца да вайны. Не дзеля таго, каб яе весці, а дзеля таго, каб яе перадухіліць. Вайна ва Украіне павінна падзейнічаць на ўсіх палякаў як ледзяны душ. Аказалася, што свет, які нас акружае, не надта моцна памяняўся і не вельмі адрозніваецца ад таго свету, у якім давялося жыць нашым продкам, папярэднім пакаленням. Падчас нападзення на Украіну Расія ў поўнай меры паказала сваё варварства. І можна выдатна сабе ўявіць, што магло б здарыцца, калі б Украіна панесла паразу і маскоўская арда без перашкод пайшла б далей на захад. Кожны польскі горад і кожная польская вёска на яе шляху сталі б палямі смерці.

Украінцы затрымалі расійскую арду, але гэта не значыць, што палякі могуць супакоіцца. Вядома, што Расію можа спыніць толькі сіла. Такой эфектыўнай сілай з'яўляецца сучасная зброя, а таксама размяшчэнне на польскай тэрыторыі аддзелаў саюзнікаў. Прысутнасць амерыканскіх войскаў эфектыўна адпужвае агрэсара. Таму менавіта Пуцін так рашуча патрабаваў адвесці сілы НАТА. Тады магчымы канфлікт з Польшчай не пагражаў бы яму аўтаматычна вайной з ЗША.

нг