Беларуская Служба

Войска Польскае ставіць на новае ўзбраенне

01.07.2022 13:36
Міністэрства нацыянальнай абароны набывае для польскага войска 32 верталёты і больш за 400 танкаў. Тэму асвятляе штодзёнка «Gazeta Wyborcza».
Ілюстрацыйны здымакPAP/Marcin Bielecki

У пятніцу, кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак падпісвае кантракт на пастаўку шматмэтавых верталётаў AW149 для авіяцыі Сухапутных войск.

Паводле інфармацыі Міністэрства нацыянальнай абароны, кантракт прадугледжвае пастаўку 32 верталётаў AW149 разам з пакетам матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння (запас запасных частак, абсталяванне для наземнага абслугоўвання верталётаў) і трэніровачным пакетам (комплексная падрыхтоўка пілотаў і тэхнічнага персаналу і пастаўка камплекта перадавых трэнажораў і навучальнага абсталявання). Верталёты будуць пастаўленыя ў 2023-2029 гадах.

Апроч таго Польшча хоча набыць 180 карэйскіх танкаў K2 за 10 мільярдаў злотых. Ужо шмат месяцаў вядуцца перамовы аб распрацоўцы і вытворчасці ў Польшчы мадыфікаванай - адаптаванай да польскіх патрабаванняў - версіі K2 (папярэдняя назва K2PL). Гэты танк павінен быў быць даўжэйшым (з-за дадатковай пары колаў), абсталяваным польскай оптаэлектронікай і мець узмоцненую ў параўнанні з К2 браню. Карэйцы таксама прапанавалі, каб вытворчасць K2PL магла адбывацца «са значнай доляй польскай прамысловасці», то бок па ліцэнзіі ў Польшчы.

У красавіку кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак падпісаў кантракт на закупку 250 амерыканскіх танкаў Abrams у найноўшай версіі M1A2 SEPv3. Яны павінны быць пастаўлены ў Польшчу ў 2025-26 гадах, хоць цяпер вядуцца перамовы аб паскарэнні паставак.

юл