Беларуская Служба

Уладзімір Пуцін рыхтуецца замарыць голадам вялікую частку краін у Афрыцы і на Блізкім Усходзе

06.07.2022 14:45
Чарговы этап плану Пуціна выходзіць паза Украіну.
Ілюстрацыйнае фотаpixabay.com/CCO/Free-Photos

Уварванне Расіі ва Украіну ўзмацняе сусветны харчовы крызіс. Эксперты кажуць, што гэта частка наўмыснай тактыкі Крамля, каб замарыць свет голадам і аказаць ціск на Захад, які  падтрымлівае Украіну,-– піша Businessinsider.

«У Расіі ёсць план галадамора. Уладзімір Пуцін рыхтуецца замарыць голадам вялікую частку краін у Афрыцы і на Блізкім Усходзе, і гэта яго наступны этап вайны ў Еўропе», — напісаў у твітэры Цімаці Снайдэр, гісторык з Ельскага ўніверсітэта і эксперт па аўтарытарных сістэмах.

Ён лічыць, што Масква «плануе замарыць голадам азіятаў і афрыканцам і такім шляхам выйграць вайну ў Еўропе». Снайдэр мяркуе, што Пуцін не толькі будзе знішчаць ўкраінскую дзяржаву праз спыненне экспарту, але і будзе падаграваць нестабільнасць у Еўропе шляхам «генеравання бежанцаў з Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу, якіх звычайна корміць Украіна».

Украіна, якую называюць жытніцай Еўропы, з'яўляецца буйным экспарцёрам пшаніцы, сланечнікавага алею і кукурузы. Яна адказвае прыкладна за 10 працэнтаў сусветнага экспарту пшаніцы, 15 працэнтаў экспарту кукурузы і амаль паловы сусветнага экспарту сланечнікавага алею.

«Гэта новы ўзровень каланіялізму», — дадаў Снайдэр у Twitter.

Ва Украіне цяпер захоўваецца каля 18 мільёнаў тон збожжа, а па дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO), да восені ўкраінскі аграрыі павінны сабраць яшчэ 60 мільёнаў тон. Расія заблакавала парты ў Чорным моры і не дазваляе вывозіць збожжа за мяжу.

яс