Беларуская Служба

Бальцэровіч і Фукуяма сярод дарадцаў па адбудове Украіны

08.07.2022 15:03
Сусветна вядомыя эканамісты, палітыкі, грамадскія дзеячы будуць прыцягнуты да адбудовы Украіны пасля вайны, піша штодзёнка «Rzeczpospolita».
Ілюстрацыйны здымакPAP/Mykola Kalyeniak

Першынство і каардынацыя ў аднаўленні Украіны застанецца за яе ўладай, бізнесам і грамадствам. Але ў шырокі ўдзел таксама Нобелеўскія лаўрэаты і сусветна вядомыя эксперты, паведаміў прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.

Гаворачы аб выніках Міжнароднай канферэнцыі па рэканструкцыі ў Лугана, ён падкрэсліў, што ўсе краіны-партнёры пагадзіліся далучыцца да аднаўлення Украіны, як і раней рабілі свой уклад у яе абарону.

Украінскі ўрадовец адзначыў, што да рэканструкцыі будуць прыцягнуты сусветна вядомыя эканамісты, палітыкі і іншыя дзеячы. Гэта дапаможа максімальна эфектыўна і разумна рэалізаваць планы па аднаўленні.

Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што кошт аднаўлення краіны, разбуранай расійскім уварваннем, можа скласці да 750 мільярдаў долараў. - Гэты рахунак павінна аплаціць Расія, - кажа палітык.

Падрыхтоўчыя работы каардынуе Упраўленне рэформаў і адбудовы пры Кабінеце Міністраў. Асобна ствараюцца назіральны савет і савет саветнікаў высокага ўзроўню.

— Сёння мы размаўляем з Лешакам Бальцэровічам і Фрэнсісам Фукуямам, — сказаў Шмыгаль. — Гэта значыць з навукоўцамі з сусветным імем, нобелеўскімі лаўрэатамі, якія на аснове навукі збяруць і згенерыруюць бачанне развіцця макра сітуацыі Украіны, фінансавых рынкаў, фінансавай сферы і бізнесу.

Галоўны офіс па адбудове Украіны размесціцца ў Кіеве. Таксама офісы будуць размешчаны ў гарадах краін-партнёраў, што дазволіць найбольш карэктна і эфектыўна кіраваць працэсам рэканструкцыі.

юл