Беларуская Служба

Польшча перадала Украіне танкі PT-91

25.07.2022 13:03
PT-91 – гэта танк польскай вытворчасці, мае адмысловую браню, якая значна павышае абароненасць машыны.
 PT-91 Twardy.
Танк PT-91 Twardy.Фота: pl.wikipedia.org

Пра перадачу Украіне танкаў PT-91 Twardy паведаміў прэс-сакратар Агенцтва ўзбраенняў Мінабароны Польшчы Кшыштаф Платэк (Krzysztof Płatek).

– Недахоп больш чым 200 танкаў Т-72 і пэўнай колькасці танкаў PT-91 – тут я не магу дакладна сказаць, колькі – будзе цалкам пакрыты, нават з прэфіцытам, таму што гэта танкі значна больш высокай якасці, – сказаў Кшыштаф Платэк.

Плануецца, што новыя танкі будуць пастаўленыя ў Польшчу з Паўднёвай Карэі на працягу 2022-2026 гадоў. Яны заменяць баявыя машыны, адпраўленыя на вайну ва Украіну. Акрамя таго, Платэк дадаў, што атрымаў ад карэйскага боку гарантыі хуткай дастаўкі. Яму паабяцалі, што Польшча атрымае «сапраўды вялікую колькасць танкаў».

Адміністрацыя прэзідэнта Украіны ўжо адрэагавала на пастаўку танкаў. Кіраўнік адміністрацыі Андрэй Ермак падзякаваў Польшчы за перадачу танкаў. Ён таксама пацвердзіў, што ва Украіну ўжо прыбылі баявыя машыны. 

PT-91 – гэта танк польскай вытворчасці. Для яго стварэння выкарыстоўвалася ліцэнзійная версія Т-72М1, якая выпускалася ў СССР. Гэтая машына абсталявана распрацаванай палякамі бранёй ERAWA, яна складаецца з 394 блокаў. Яны шчыльна закрываюць пярэднюю частку машыны, а таксама яе вежу. Прычым яны размешчаны такім чынам, што шчылін практычна не застаецца. Як паказалі выпрабаванні, такая браня значна павышае абароненасць танка, паведамляе Rzeczpospolita.

вх