Апошнім часам у ЕЗ усё гучней падымаецца пытанне прыпынення выдачы візаў грамадзянам краіны-агрэсара. Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Пётр Ваўжык заявіў, што пазіцыя краін Балтыі, якія хочуць прыпыніць выдачу віз расіянам, наўрад ці знойдзе паслядоўнікаў па ўсёй Еўропе. Аднак ужо шэраг краін Еўропы, якія найбольш актыўна падтрымліваюць гэтую ініцыятыву, прыпынілі выдачу шэнгенскіх віз грамадзянам РФ (Эстонія, Латвія, Літва, Чэхія). Фінляндыя плануе на 90% зменшыць колькасць віз, выдадзеных расіянам. Польская дыпламатыя выступае за ўвядзенне гэтых абмежаванняў, кажа Пётр Ваўжык:
- Гэта не вайна Пуціна, таму што Пуцін не ваюе, ваююць расіяне, але калі іхнія сем'і не разумеюць гэтага, калі іх блізкія не ў стане зразумець таго, што адбываецца ва Украіне, то, я думаю, што яны павінны таксама адчуваць наступствы гэтага. Калі б у Пуціна не было б падтрымкі з боку грамадства, то, напэўна, ён не вёў бы гэтую вайну. Ён вельмі адчувальны да таго, як ацэньваюць яго палітыку самі расіяне.
Урад ФРГ ужо заяўляе, што не падтрымае рашэнне аб прыпыненні выдачы віз расіянам. Як адзначае намеснік міністра Пётр Ваўжык, для Берліна пытанне маралі не такое важнае, як магчымасць вядзення бізнесу з Расіяй:
- Гэта выключна пытанне маральнасці, гэта не палітычнае пытанне. Парадокс заключаецца ў тым, што ў Еўропе гэтага не разумеюць толькі ФРГ, канцлер Шольц.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы нагадаў, што ад пачатку вайны ва Украіне Германія заняла даволі нейтральную пазіцыю. Як аказалася, не Германія, а ЗША, Вялікабрытанія і Польшча аказваюць Украіне самую вялікую ваенную дапамогу. На такую пасіўную пазіцыю Берліна звяртае ўвагу, у тым ліку, нямецкая прэса. Адметна, што палітыкі нямецкага апазіцыйнага «Хрысціянска-дэмакратычнага саюза» далучыліся да заклікаў абмежаваць выдачу віз грамадзянам Расіі ў сувязі з вайной РФ супраць Украіны.
Напярэдадні стала вядома, што Польшча пачала распрацоўку канцэпцыі па абмежаванні або прыпыненні выдачы віз грамадзянам Расіі. Аб гэтым на мінулым тыдні заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Пётр Ваўжык. Пры гэтым ён адзначыў, што рашэнняў па гэтым пытанні можна чакаць у найбліжэйшыя тыдні.
У сваю чаргу, намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач, заявіў, што канцэпцыя забароны выдачы віз расіянам будзе мець больш сэнсу, калі яна будзе прыменяцца на еўрапейскім узроўні. Дыпламат падкрэсліў, што Еўропа не можа быць адкрытая для людзей, якія падтрымліваюць палітыку Уладзіміра Пуціна і забойствы мірных жыхароў. «Тым часам, мы па-ранейшаму бачым расійскіх алігархаў і іх дзяцей, якія навучаюцца ў лепшых заходніх універсітэтах, і плаваюць па Міжземным моры», – адзначыў Пшыдач:
- Каб іх закрануць, гэты прынцып павінен дзейнічаць на агульнаеўрапейскім узроўні. На гэта, аднак, няма згоды ўсіх 27 краін. Досвед папярэдніх месяцаў паказвае, што ў такіх выпадках неабходна будаваць кааліцыю краін, якія гэтага хочуць. Спачатку гэта дзве краіны, потым тры, сем, восем, а пазней – па прынцыпе снежнага кома – далучаюцца чарговыя, пад ціскам СМІ і грамадскай думкі. Мы спадзяемся, што сварыўшы такую кааліцыю, у пэўны момант да яе будуць вымушаныя далучыцца Францыя і ФРГ.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк заявіў, што Польшча чакае ад краін ЕЗ ўвядзення большых абмежаванняў у кантэксце візавай палітыкі для расіянаў. Дыпламат адзначыў, што візы ў краіны ЕЗ атрымліваюць пераважна заможныя расіяне, якія актыўна падтрымліваюць агрэсіўную палітыку Пуціна:
- Ці варта нам сёння іх сустракаць і даваць ім візы? Гэта, на мой погляд, абсурд. Гаворка тут не ідзе пра калектыўную адказнасць, а толькі пра адпаведнае пазбаўленне асаблівых прывілеяў. Такія прывілеі ім былі дадзены ў 1990-я гады пагадненнем паміж ЕЗ і Расіяй аб спрашчэнні візавага рэжыму. Сёння гэты шлях спрошчаны. Трэба неадкладна разарваць гэтую дамову.
Польшча ўжо абмежавала выдачу візаў расяянам. З пачатку года па 9 жніўня было выдадзена каля 4,5 тыс. такіх дакументаў – у асноўным працоўныя і гуманітарныя візы. Летась Польшча выдала каля 31 тысячы візаў. Цалкам адмененая выдача турыстычныя візаў. Раней МЗС Чэхіі, якая цяпер старшынствуе ў ЕЗ, заявіла аб жаданні на сустрэчы міністраў замежных спраў Супольнасці, якая пройдзе ў Празе ў канцы жніўня, абмеркаваць пытанне аб агульным прыпыненні выдачы віз для грамадзян РФ.
З заклікам прыпыніць выдачу візаў грамадзянам РФ першапачаткова выступіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Тады палітык падзякаваў Чэхіі, краінам Балтыі і іншым еўрапейскім краінам, якія на ўзроўні ЕЗ паставілі пытанне аб візах для расіянаў. Зяленскі раскрытыкаваў цяперашнюю еўрапейскую візавую палітыку ў дачыненні да іх:
- Па-першае, павінны быць гарантыі, што расійскія забойцы і памагатыя дзяржаўнага тэрору не будуць атрымоўваць карысці ад Шэнгену. Нельга разбураць саму ідэю Еўропы, нашы агульныя еўрапейскія каштоўнасці, гэта значыць нельга ператвараць Еўропу ў супермаркет, у якім не важна, хто заходзіць, а галоўнае, каб чалавек проста разлічыўся за тавары.
Адначасова палітык прызнаў, што ў Расіі ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў абароне. Тым грамадзянам РФ, якіх пераследуе рэжым Пуціна, неабходна даць дапамогу цывілізаванага свету праз механізмы бежанства, просьбы аб прытулку і іншыя, перакананы прэзідэнт Украіны.
З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у Польшчу, па дадзеных Памежнай варты, уехала больш за 61 тыс. грамадзянаў РФ. Мяжу Польшчы з Беларуссю і Расіяй могуць перасякаць расійскія студэнты, асобы, якія маюць дазвол на працу або від на жыхарства. Польшча працягвае надаваць грамадзянам Расіі міжнародную абарону. За першыя сем месяцаў года адпаведную заяву напісалі каля тысячы расіянаў – пераважна чачэнцы.
iar/pr/эж