Беларуская Служба

Сяргей Навумчык: Гарбачоў быў верным ленінцам, але ён не абраў крывавы шлях уратавання імперыі

31.08.2022 16:07
«Калі б Гарбачоў у сярэдзіне 1980-ых захацеў зацэментаваць сістэму, ён змог бы гэта зрабіць. Маўчалі б усе – і на Каўказе, і ў Балтыйскіх рэспубліках».
Аўдыё
  • «Дзякуй Вам, Міхаіл Сяргеевіч», – такімі словамі на смерць Гарбачова адрэагаваў, дэпутат беларускай незалежнасці, а цяпер журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Навумчык.
 , 2016 .
Міхаіл Гарбачоў, 2016 г. PAP/EPA/SERGEI ILNITSKY

У аўторак, 30 жніўня, з жыцця пайшоў генеральны сакратар ЦК КПСС першы і апошні прэзідэнт СССР Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў. Яму быў 91 год. Менавіта Гарбачоў абраў курс на Галоснасць і Перабудову, што цалкам змяніла грамадска-палітычная жыццё ў Краіне Саветаў. Тыя рэчы якія раней здаваліся немагчымымі – свабода слова і сходаў, элементы рынкавай эканомікі – імкліва, але моцна ўвайшлі ў паўсядзённае і дагэтуль шэрае, прыгнечанае, застойнае жыццё савецкіх грамадзянаў. І працэс пайшоў, як любіў казаць Міхаіл Сяргеевіч.


М. Гарбачоў у Боне - сталіцы ФРГ, 1989 г.

М. Гарбачоў у Боне - сталіцы ФРГ, 1989 г.

Працэс імчаў і кантраляваць яго ўжо не мог нават ініцыятар. «Дзякуй Вам, Міхаіл Сяргеевіч», – такімі словамі на смерць Гарбачова адрэагаваў, дэпутат беларускай незалежнасці, а цяпер журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Навумчык. Мы запыталі ў яго, за што ж ён удзячны «апошняму савецкаму імператару»:

-Калі я разважаю пра Гарбачова, імкнуся разумець яго дзеянні ў кантэксце той эпохі, уяўляю якой была альтэрнатыва. Я ўяўляю, хто мог бы быць абраны на пасаду генсека замест Гарбачова. Найбольш верагодныя кандыдаты - першыя сакратары Ленінградскага і Маскоўскага гаркамаў КПСС – Раманаў і Грышын адпаведна. І гэта былі людзі, пазбаўленыя ўсялякага пачуцця чалавечнасці, але яно было ўласцівае Міхаілу Гарбачову. У адрозненні ад яго, гэтыя людзі не адважыліся б нават на тыя нясмелыя і палавінчатыя рэформы, на якія пайшоў Гарбачоў. Перакананы, што Гарбачоў не хацеў развалу партыі і краіны. Ён быў верным ленінцам, і што б ён там не казаў пазней, ён не хацеў сур'ёзных рэформаў ні ў 1985, ні ў 1987, а ў 1990 і 1991 годзе, калі такое жаданне зʼявілася, гэта ўжо было па-за межамі яго магчымасцяў.

І калі б Гарбачоў у сярэдзіне 1980-ых захацеў зацэментаваць тую сістэму пры дапамозе КДБ і Савецкай Арміі, вышкаленымі на гэта яшчэ Сталіным, ён змог бы гэта зрабіць. Маўчалі б усе – і на Каўказе, і ў Балтыйскіх рэспубліках – таксама, як яны маўчалі ў 1970-ыя. Не пікнуў бы ніхто. Калі б не Гарбачоў, ніякіх нацыянальных рухаў не было бы ні ў Літве, ні ва Украіне, ні ў Беларусі.

І я ўдзячны Гарбачову за тое, што абраў іншы шлях. Ведаеце, у палітыцы часам трэба ацэньваць дзеяча не па тым што было зроблена, а па тым, што, нягледзячы на магчымасць, зроблена не было. У Міхаіла Гарбачова да самых Віскулёў была магчымасць крывава спыніць працэс распаду, а ён гэтай магчымасцю не скарыстаўся. За гэта я яму і ўдзячны. (...)


М. Гарбачоў пасля адстаўкі ў 1992 г. 

М. Гарбачоў пасля адстаўкі ў 1992 г. 

Незадоўга да сваё смерці, ужо падчас вайны Расіі супраць Украіны, Міхаіл Гарбачоў заявіў: «Я разумею, што адбываецца. Пуцін руйнуе дасягненне ўсяго майго жыцця». Як вы думаеце, у чым гэта дасягненне заключаецца?

-У глабальным сэнсе Гарбачоў разам з Рэйганам адсунулі свет ад мяжы ядзернага самазнішчэння. Я вельмі добра памятаю 1985 год. У гэты год Гарбачоў акурат быў абраны генсекам. А я акурат служыў у ракетных войсках, і пагроза ядзернай вайны была абсалютна рэальнай, мы рыхтаваліся да яе. Гарбачоў адвёў гэту небяспеку ад чалавецтва, а Пуцін наадварот наблізіў свет да ядзернай катастрофы так, як напэўна ніколі ў гісторыі.

Апроч гэтага, Пуцін канчаткова звярнуў тыя парасткі дэмакратыі і свабоды ў расійскім грамадстве, якія былі пасеяны Гарбачовым і якія ўзыходзілі пры раннім Ельцыне. Цяпер мы бачым стан расійскага грамадства, які можна параўнаць нават не  з брэжнеўскімі часамі, а са сталінскімі.

Размову з Сяргеем Навумчыкам запісаў Эдуард Жолуд, цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле!

Памяці Станіслава Шушкевіча

04.05.2022 15:01
Цягам сваёй навуковай, а потым палітычнай кар’еры Станіслаў Шушкевіч здабыў сабе рэпутацыю чалавека беззаганных маральных якасцяў, фенаменальнай сціпласці і поўнай адсутнасці пыхы, так уласцівай уплывовым і вядомым асобам.