Беларуская Служба

Еўрасаюз прыпыніць пагадненне з Расіяй аб спрошчаным візавым рэжыме

31.08.2022 16:11
Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на кіраўніка МЗС Венгрыі Петэра Сіярта.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота з адкрытых крыніц.

Міністры замежных спраў краін ЕС на сустрэчы ў Празе не змаглі дасягнуць кансэнсусу па забароне на выдачу віз расіянам, заявіў кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта.

Еўразвяз прыпыніць дзеянне спрошчанага візавага рэжыму з Расіяй. Гэта зробіць працэс атрымання візы больш доўгім і дарагім.

Супраць поўнай забароны на ўезд расійскіх турыстаў выступілі Венгрыя і яшчэ некалькі краін. Разам з тым на сустрэчы кіраўнікоў дыпламатыі краінаў ЕС Польшча, Фінляндыя і краіны Балтыі мелі прапанову зрабіць больш жорсткай візавую палітыку ў дачыненні да грамадзянаў Расіі ў Еўрасаюзе.

Намеснік міністра замежных справаў Павал Яблоньскі заявіў, што Еўрасаюз павінен абмежаваць выдачу візаў расіянам. Аднак гэтыя абмежаванні не павінны распаўсюджвацца на гуманітарныя візы.

- Маем сітуацыю, калі вайна, якую вядзе Расія, падтрымліваецца большасцю расійскага грамадства. Былі ўведзеныя санкцыі супраць расіі, напрыклад, датычна авіяпералётаў. Расійскія самалёты не могуць ляцець у Еўрасаюз, над Еўрасаюзам. Але іншымі каналамі грамадзяне Расіі могуць патрапіць у мноства краін.

Пяць дзяржаў ЕС, якія мяжуюць з Расіяй – Польшча, Фінляндыя, Літва, Латвія і Эстонія – у сумеснай заяве пагражаюць прыняць «нацыянальныя меры», каб скараціць колькасць расіян, якія ўязджаюць, калі ЕС не зможа дамовіцца аб агульным падыходзе, піша Financial Times. Згаданыя дзяржавы запатрабавалі ад Еўракамісіі прапанаваць «адпаведныя візавыя меры», якія «істотна скароцяць прыток расійскіх грамадзян у Еўрапейскі саюз і Шэнгенскую зону».

«Пакуль такія меры не будуць уведзеныя на ўзроўні ЕС, мы будзем разглядаць магчымасць увядзення часовых мер на нацыянальным узроўні для вырашэння непазбежных праблем грамадскай бяспекі, звязаных з павелічэннем прытоку расійскіх грамадзян праз нашы межы», – гаворыцца ў дакуменце. Паводле інфармацыі Financial Times, каля 700 тыс расіян заехалі ў гэтыя пяць краін з пачатку поўнамаштабнай вайны. «Мы лічым, што гэта можа стаць сур'ёзнай пагрозай грамадскай бяспецы», – падкрэсліваецца ў сумеснай заяве. У ёй таксама адзначана неабходнасць захавання «выключэнняў для дысідэнтаў, а таксама іншых гуманітарных выпадкаў».

Разам з тым лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская выступае за адкрытыя межы для Беларусаў:

- Пакуль мы імкнемся дасягнуць стратэгічных мэт, я прашу вас прасоўваць тыя ідэі, якія зблізяць Беларусь і Еўрасаюз: мабільнасць беларусаў, выдача віз, запуск студэнцкіх абменаў і адукацыйных праграм. Усё тое, у чым не ўдзельнічае рэжым, толькі дапаможа нам.

Абмеркаванне абмежаванняў для расіян магчымасці ўехаць у ЕС стала асабліва актыўным пасля заявы Уладзіміра Зяленскага зробленай 8 жніўня ў інтэрвʼю газеце The Washington Post. «Расіяне павінны жыць у сваім свеце да таго часу, пакуль не зменяць сваю філасофію», – заявіў тады прэзідэнт Украіны. Ён таксама сказаў, што забараніць уезд у заходнія краіны трэба нават тым расіянам, хто зʼехаў з краіны і выступіў супраць дзеянняў уладаў: «Якія б ні былі рускія… няхай едуць у Расію». На думку Зяленскага, адказнасць за пачатак вайны нясе ўсё насельніцтва РФ.

IAR / PAP / вх