Беларуская Служба

Уладзімір Зяленскі ў гадавіну пачатку ІІ Сусветнай вайны: Мы зробім усё, каб нянавісць канчаткова прайграла

01.09.2022 13:23
У ІІ Сусветнай вайне загінула больш за 60 мільёнаў чалавек, сярод якіх амаль 6 мільёнаў грамадзян Польшчы (з іх 3,2 млн габрэяў). 
Аўдыё
  • Уладзімір Зяленскі ў гадавіну пачатку ІІ Сусветнай вайны: Мы зробім усё, каб нянавісць канчаткова прайграла

1 верасня 1939 года ў 4:45 нямецкі навучальны браняносец «Шлезвіг-Гальштэйн» пачаў абстрэл польскага Вестэрплятэ. Гэта былі першыя залпы Другой сусветнай вайны. Вестэрплятэ быў першым месцам гераічнага супраціву палякаў нямецкім захопнікам. Польскі фарпост абараняўся на працягу сямі дзён. У 83-ую гадавіну пачатку вайны Вестэрплятэ наведаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Польскі лідар падкрэсліў, што вайна прынесла пагібель мільёнам простых палякаў:

-Гэта была адназначна самая страшная трагедыя ў нашай гісторыі. Не толькі таму, што адабрала ў нас свабоду. Не толькі таму, што адабрала ў нас дзяржаву. Але таксама і таму, што гэтая вайна пацягнула за сабой мільёны смерцяў сярод польскіх грамадзян і незлічоныя, незаменныя страты для нашай Радзімы і нашага народа.

Прыблізна ў той жа самы час, што залпы, дадзеныя са «Шлейзвіга-Гальштэйна», першыя авіяцыйныя бомбы ўпалі на польскую зямлю. У горадзе Велюнь, які цяпер знаходзіцца ў Лодзінскім ваяводстве, таксама прайшлі жалобныя ўрачыстасці, прысвечаныя пачатку Другой сусветнай вайны. Менавіта гэты горад часта лічыцца месцам пачатку вайны, бо 1 верасня 1939 года ў 4:40 раніцы нямецкія Люфтвафэ ажыццявілі масіраваную бамбардзіроўку польскага гораду, у выніку якой загінулі каля 1200 чалавек. Сёння ў 4: 40 раніцы, як і кожны год, у Велюні прагучалі сірэны трывогі ў памяць аб пачатку нападу нацысткай Германіі на Польшчу. У цырымоніі прынялі ўдзел прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі і прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў Польшчы і Украіны.

Кіраўнік польскага ўрада Матэвуш Маравецкі падкрэсліў важнасць перадачы трагічнай гісторыі ХХ стагоддзя наступнаму пакаленню:

-На ўсю гэтую гісторыю трэба паглядзець з самага пачатку да канца. Мы павінны адстойваць праўду, праўду аб мінулым, менавіта дзеля таго, каб будаваць будучыню.

Гадавіна трагічных падзеяў стала чарговай нагодай для дэманстрацыі новага высокага ўзроўню польска-украінскіх адносінаў. Як 83 гады таму Польшча, так Украіна цяпер змагаецца з лютым агрэсарам. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што, як і ў 1939 годзе, сёння поўная нянавісці ідэалогія спрабуе скарыць Еўропу масавымі забойствамі і тэрорам.

У сваім выступленні, якое трансліравалася падчас урачыстай цырымоніі ў Велюні, украінскі лідар падзякаваў за вялікую падтрымку з боку Польшчы ў барацьбе з расійскім агрэсарам. Палітык таксама запэўніў украінскі народ што, зробіць усё, каб спыніць імперыялістычныя прэтэнзіі расіянаў:

-Мы зробім усё, каб украінцы, палякі, усе народы Еўропы жылі свабодна. Мы зробім усё, каб раніца 1 верасня, раніца 22 чэрвеня, раніца 24 лютага не паўтараліся. Мы зробім усё, каб нянавісць канчаткова прайграла. Дзякую вам за падтрымку, дзякую, дарагі Анджэй, за тваё лідарства. Слава Польшчы! Слава Украіне!

Адметна, што апошні сказ сваёй прамовы Уладзімір Зяленскі сказаў па-польску.

Другая Сусветная вайна была самым разбуральным і крывавым канфліктам у гісторыі чалавецтва. Яна пачалася нападам Германіі на Польшчу. Доўжылася 6 гадоў, у ёй загінула больш за 60 мільёнаў чалавек, сярод якіх амаль 6 мільёнаў грамадзян Польшчы (з іх 3,2 млн габрэяў). Вайна ахапіла амаль увесь свет, 61 краіну, у розных формах у ёй прынялі ўдзел больш за 1 мільярда 700 мільёнаў чалавек. Палякі ваявалі на ўсіх франтах Другой сусветнай вайны.

Слухайце аўдыё!

iar/эж

Анджэй Дуда: «Вайна прынесла смерць мільёнам звычайных палякаў»

01.09.2022 08:55
Прэзідэнт Польшчы і прэм’ер-міністр узялі ўдзел ва ўрачыстасцях ушанавання памяці з нагоды пачатку ІІ Сусветнай вайны.

Свет мусіць даведаецца, якія наступствы мела Другая сусветная вайна

01.09.2022 12:21
У Польскай сталіцы адбылася прэзентацыя даклада аб стратах Польшчы падчас ІІ Сусветнай вайны.