Беларуская Служба

Латушка: Я не думаю, што сёння для нас прыярытэтам зʼяўляецца пытанне санкцыяў

06.09.2022 17:28
На якім этапе дзейнасці цяпер знаходзіцца Аб'яднаны Пераходны кабінет Беларусі - гутарка з Паўлам Латушкам.
Аўдыё
  • Гутарка з прадстаўніком па транзіце ўлады ў Беларусі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Паўлам Латушкам .
  -
Павел Латушка - кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраванняradyjo.net/ Я. Смялоўская

Прайшоў амаль месяц ад часу, як на Канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні быў створаны Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі. На якім этапе дзейнасці цяпер знаходзіцца гэтая структура, як працуе і чым займаецца мы запыталі ў Паўла Латушкі, які зʼяўляецца прадстаўніком Кабінета па транзіце ўлады.

Што можа зрабіць Абʼяднаны Пераходны Кабінет, чаго не маглі зрабіць НАУ ці Офіс Ціханоўскай?

- На дадзеным этапе мы зразумелі, што ніводная з дэмакратычных структур і ініцыятываў не ў стане самастойна дасягнуць той мэты, якую мы паставілі перад сабой – гэта змена палітычнай сітуацыі ў нашай краіне на дэмакратычны лад. Было прынятае рашэнне аб неабходнасці максімальна шырокага абʼяднання. Пад ідэяй стварэння Кабінету абʼядналіся Офіс Святланы Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, Полк «Пагоня», ініцыятыва BYPol, Ініцыятыва «Супраціў», Кіберпартызаны. Гэтае абʼяднанне адкрытае і кожны можа далучыцца да яго.

Чаму быў створаны Кабінет? – Таму што зараз у Беларусі нелегітымная ўлада, узурпаваная Аляксандрам Лукашэнкам і яго прыспешнікамі, якія сілай утрымліваюць уладу. Парушанае ўсё заканадаўства разам з Канстытуцыяй. Фактычна Беларусь зараз знаходзіцца пад акупацыяй расійскіх войскаў, калі марыянеткавы ўрад Лукашэнкі не выконвае інтарэсаў беларускага народу, а рэалізуе іх толькі ў імя Расійскай Федэрацыі. Усё гэта прывяло да неабходнасці стварэння альтэрнатыўнай уладнай структуры – протаураду, якім і зʼяўляецца Абʼяднаны Пераходны Кабінет. Слова «абʼяднаны» я патлумачыў, «пераходны» – таму, што мы ставім перад сабой мэту забяспечыць пераход улады ў рукі беларускага народу і не дапусціць анархію, разлад у дзейнасці дзяржавы да моманту правядзення дэмакратычных выбараў у Беларусі. Гэта галоўнае, што стала прычынай паўстання Абʼяднанага Пераходнага Кабінету.

Гэта значыць, што фактычна Пераходны Кабінет ствараецца для працы ў самой Беларусі, а сёння ў замежжы чым ён займаецца?

- Урад ужо пачынае працаваць, ён яшчэ недафарміраваны. Прызначаныя чатыры міністры – прадстаўнікі Кабінета па пытаннях. Вы размаўляеце з прадстаўніком Кабінета па пытаннях транзіту і маёй задачай зʼяўляецца менавіта забяспечыць адсутнасць анархіі, стабільнасць у транзітны перыяд пераходу ўлады ў рукі народа. Таксама я адказваю за пытанні крымінальнага, санкцыйнага ціску, знешнепалітычнага і ўнутрыпалітычнага ціску на нелегітымную ўладу ў Беларусі. Прадстаўнік Кабінета Аляксандр Азараў адказвае за пытанні правапарадку, фактычна зʼяўляцца міністрам унутраных спраў і забяспечвае дзейнасць плану «Перамога», за стварэнне руху, які мог бы ў гэты вырашальны момант забяспечыць дасягненне нашай мэты. Прадстаўнік па пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны Валеры Сахашчык займаецца вайсковым будаўніцтвам і вайсковымі падраздзяленнямі, якія сёння знаходзяцца ва Украіне. Гэта полк Каліноўскага, батальён Тэрор, полк Пагоня, гэта іншыя вайскоўцы і адзінкі, якія ўжо функцыянуюць на тэрыторыі Украіны і змагаюцца за незалежнасць нашых суседзяў. Прадстаўнік па пытаннях знешняй палітыкі Валеры Кавалеўскі фактычна зʼяўляецца міністрам замежных спраў. Фактычна мы ўжо пачалі працаваць над выпрацоўкай сістэмы дзеянняў, якая забяспечыць нас да таго, што мы дасягнем мэты, у якую вераць і хочуць большасць беларусаў.

То бок, усе чакаюць той момант, калі Пераходны Кабінет пачне працаваць на тэрыторыі Беларусі для яе грамадзян...

- Зразумела, што гэта зʼяўляецца нашай галоўнай мэтай – пераход у сітуацыю, калі мы будзем працаваць у Беларусі, ці гэта будзе Брэст, ці Гомель, ці лепш за ўсё Мінск, калі мы зможам узяць пад кантроль сітуацыю ўнутры Беларусі, але без падтрымкі беларускага грамадства, без выбудовы структураў унутры краіны сёння гэта не зʼяўляецца рэальным. На сённяшні дзень ніводзін палітык не можа функцыянаваць у Беларусі, бо ён адразу апынецца за кратамі. Таму тое, што мы знаходзімся за мяжой гэта вымушаныя абставіны, але гэта дае нам магчымасць больш адкрыта і сістэмна працаваць над стварэннем сістэмы, якая дазволіць змяніць сітуацыю ўнутры Беларусі.

Кабінет і сістэма, якую ён выбудоўвае, грунтуецца на людзях, якія зараз знаходзяцца за мяжою, не ў Беларусі?

- Гэта не зусім так. Калі мы кажам пра прадстаўнікоў Кабінета гэта людзі, якія працуюць за мяжой, але пад кожнай структурай кабінета існуе рэсурс, існуюць структуры, якія падпольна дзейнічаюць унутры Беларусі.

Зараз беларускае грамадства рэзка падзеленае на праціўнікаў і прыхільнікаў Лукашэнкі. Які факт, якая сітуацыя змогуць пераканаць тых, хто на баку дыктатара да змены пазіцыі? Што гэта можа быць – дадатковыя санкцыі?

- Так, беларускае грамадства падзеленае, ёсць прыхільнікі Лукашэнкі, якія не займаюць проактыўную пазіцыю. Хутчэй за ўсё ў крызіснай, вырашальнай сітуацыі яны будуць прадстаўляць падыход статыстаў, наглядальнікаў. Большая частка грамадства, якая знаходзіцца ў стане страху, небяспекі і яны канешне закрыліся ў сваіх дамах, бо рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі настолькі маштабныя, што гэтага не ведала гісторыя Еўропы напрыканцы ХХ і ХХІІ стст., і гэта можна зразумець, але гэта прыхільнікі дэмакратычных пераменаў. Яны напэўна не хочуць жыць у такой дзяржаве, якой зараз яшчэ кіруе Лукашэнка. Ёсць даволі значная група людзей, якія гатовыя да актыўнай дзейнасці. І вось гэтая проактыўная група дае ўсё боль і больш сігналаў, што варта браць ініцыятыву ў свае рукі. І менавіта на іх мы перадусім будзем абапірацца, пераконваючы значную частка грамадства ў неабходнасці дзеянняў. Пераконваць іх аб неабходнасці пераменаў не варта і не трэба, бо яны ўжо перакананыя. Перад намі цяжкая праца, таксама з беларусамі, якія вымушана зʼехалі паза межы Беларусі, бо тут таксама большасць беларусаў, якія хацелі б вярнуцца ў Беларусь. Што можа прывесці да змены сітуацыі ў Беларусі? – гэта сістэма дзеянняў. Мы вядзем барацьбу з сістэмай дзеянняў, выпрацаванай Лукашэнкам за 28 гадоў. Калі мы не створым моцную сістэму, мы не зможам яго перамагчы. Гэта магчыма выбудаваць сістэму ўнутры Беларусі з-за мяжы – менавіта стварэнне протаураду, калі пад кожным з прадстаўніком будзе структура і сістэма дзеяння. Гэта не пытанне бюракратыі, гэта пытанне акумулявання рэсурсаў. Напрыклад, калі мы возьмем тэматыку персанальных санкцыяў – над гэтым працавала некалькі ініцыятываў. Абʼяднанне іх разам – гэта вельмі важна. Знешнепалітычная тэматыка – кожны займаўся сваёй часткай знешняй палітыкі – Офіс Ціханоўскай трошкі больш, НАУ – трошкі меней, хтосьці яшчэ менш, але абʼяднанне ў адных руках і заход да заходніх партнёраў з адной павесткай узмацняе наш рэсурс, калі мы кажам пра пытанне абароны і бяспекі. Гэтымі пытаннямі і пытаннямі ўнутранага парадку сістэмна ніхто не займаўся. Так, ініцыятыва ByPol займалася, але абʼяднаўшыся выніковасць ByPol можа ўзрасці. Так што абʼяднанне рэсурсаў дае толькі плюсы. У Кабінеце яшчэ павінен быць прадстаўнік па пытаннях нацыянальнага адраджэння, па пытаннях сацыяльнай палітыкі, па пытаннях, з якімі сутыкаюцца беларусы паза межамі Беларусі. Перамога Украіны – гэта той фактар, які безумоўна можа паспрыяць і стварыць для нас не шанец, а магчымасць зменаў. Можа быць сітуацыя, калі мы яшчэ да моманту перамогі, павінны будзем прыняць актыўныя дзеянні ўнутры Беларусі. Але дзеля таго, каб нават марыць пра гэта, нам трэба мультыплікаваць структуры, яны павінны быць даволі моцныя. Мы можам проста сядзець каля ракі і глядзець, калі вада зменіцца на іншую, або мы бярэмся і працуем. Калі хто гатовы нас падтрымаць – прыходзьце і падтрымлівайце!

Што можа наблізіць канец рэжыму?Ці Еўропа можа зрабіць яшчэ больш? Ці дастатковыя санкцыі, якія былі ўведзеныя дагэтуль? Ці ў вас ёсць яшчэ іншыя прапановы?

- Я не думаю, што сёння для нас прыярытэтам зʼяўляецца пытанне санкцыяў, мы павінны прааналізаваць эфектыўнасць гэтых санкцыяў. Я хутчэй бы казаў пра крымінальны інструмент адказнасці за гвалт у адносінах да беларусаў. Права дае нам Канвенцыя ААН і кожны нацыянальны ўрад мае права гэта зрабіць, і незразумела, чаму да гэтай пары пракуратуры краін, дзе ўзбуджаныя гэтыя справы, не даводзяць да канца ні воднае следства. Я разумею, што схапіць злачынцу можна, калі ён знаходзіцца на тэрыторыі гэтай краіны, але выклікаць яго павесткай у Пракуратуру гэта рэальна і магчыма. Таксама крымінальная адказнасць за агрэсію супраць Украіны, бо з пункту гледжання міжнароднага права Беларусь Лукашэнкі стала суагрэсарам у гэтай вайне. Гэта таксама пытанне ваенных злачынстваў, забойствы ў Бучы – гэта ўсё віна Лукашэнкі, які пусціў са сваёй тэрыторыі расійскія войскі ў накірунку Кіева. Вось тут не выкарыстаныя яшчэ інструменты, якія ёсць.
Зʼяўляецца пытанне дыялогу – калі хтосьці з Еўрапейскага Саюза пачынае кідаць магчымасці тыпу «Давайце, мы з вамі пагандлюемся жыццямі палітвязняў». Я лічу гэта здрадай, такія гутаркі ідуць, але яны носяць паў-фармальны характар. Ніякія размовы за спіной беларускага народа з серыйным забойцам, якім зʼяўляецца Лукашэнка, немагчымы!


Вялікі дзякуй за размову!


З былым паслом Беларусі, міністрам культуры і былым дырэктарам Тэатру імя Янкі Купалы ў Мінску, а цяпер прадстаўніком па транзіце ўлады ў Беларусі Абʼяднанага Пераходнага Кабінета Паўлам Латушкам гутарыла Яланта Смялоўская.

Гутарку поўнасцю слухайце ў далучаным файле