У горадзе Карпач на Паўднёвым захадзе Польшчы гэтымі днямі праходзіць Эканамічны форум. Гэта вялікая прадстаўнічая пляцоўка, дзе абмяркоўваюць не толькі пытанні эканомікі, але і геапалітыкі. У праграме форуму запланавана правесці больш за 400 панэльных дыскусій па пытаннях бяспекі, энергетыкі, міжнароднай палітыкі. Удзел бяруць і прадстаўнікі Беларусі.
Цяперашні форум праходзіць пад лозунгам «Еўропа ў святле новых выклікаў».
Журналістка, рэдактар «Хартыі 97» Наталля Радзіна ўдзельнічала ў дыскусіі «Беларусь і Расія перад санкцыямі»:
- Я казала ў сваім выступе, што трэба ўзмацняць сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Пуціна і Лукашэнкі. Санкцыі супраць Лукашэнкі ўведзеныя перш за ўсё за фальсіфікацыю вынікаў выбараў 2020 года, а таксама за жорсткае падаўленне акцый пратэсту, зняволенне тысяч людзей, якія цяпер знаходзяцца ў турмах і падвяргаюцца катаванням. Па другое, санкцыі ўведзеныя за тое, што Лукашэнка стаў суўдзельнікам расійскай агрэсіі ва Украіне. На мой погляд, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі варта ўзмацняць, але мы бачым па апошніх пакетам санкцыйным, што яны больш мяккія, чым супраць рэжыму Пуціна. Таксама варта глядзець, як санкцыі выконваюцца.
Была закранутая тэма верагоднасці вызвалення палітвязняў падчас так званай амністыі, якую Лукашэнка абяцае правесці ў верасні гэтага года. Тут Захад мусіць быць цвёрдым: часткова санкцыі могуць быць знятыя толькі ў выпадку вызвалення ўсіх палітвязняў, а гэта, па розных ацэнках, ад трох да пяці тысяч чалавек, нельга дазваляць дыктатару зноў гандляваць людзьмі. Толькі вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне тэрору супраць насельніцтва і разблакаванне ўсіх незалежных СМІ можа быць першым крокам да часткова разблакавання санкцый.
«Будучыня Беларусі. Шляхі выхаду з крызісу» – на гэтай панэлі выступалі Павел Латушка і Аляксандр Азараў, прадстаўнікі Пераходнага кабінету офісу Святланы Ціханоўскай. Падчас выступу быў прэзентаваны Пераходны кабінет, яго праца.
«Форум – гэта платформа, дзе шмат кантактаў са СМІ, палітыкамі, прадстаўнікамі МЗС. Гэта дазваляе падняць тэму Беларусі. Бо мы разумеем, што пасля пачатку вайны гэтая тэма сышла на другі план», – гаворыць Арцём Брухан, прэс-сакратар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Зразумела, што сёлета Эканамічны форум закранае шмат тэмаў, якія тычацца вайны ва Украіне. Палітык Аляксандр Мілінкевіч удзельнічаў у дыскусіі «Вайна Пуціна вачыма свабодных людзей».
Віцэ-прэм'ер і міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётр Гліньскі заявіў, што сёння крызіс выкліканы Расіяй.
«Расія гандлявала з Еўропай, з усім светам, нафтай і газам, і цяпер яна шантажуе свет. Яна хоча навязаць палітычныя мэты, ваенныя мэты праз эканамічны шантаж. Гэта жудасна, і мы ўсе гэта адчуваем», – сказаў віцэ-прэмʼер.
У рамках Форуму быў уручаны шэраг узнагарод. Амбасадар Украіны Васіль Зварыч атрымаў прэмію «Чалавек года» для прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на гала-ўрачыстасці XXXI Эканамічнага форуму ў Карпачы.
Форум будуць суправаджаюць разнастайныя культурныя падзеі. У прыватнасці, канцэрт украінскага гурта Kalush Orchestra, а таксама творчы вечар украінскай пісьменніцы Аксаны Забужко.
вх