Рэжым Лукашэнкі стаў адкрытым саўдзельнікам расійскай агрэсіі супраць Украіны. У той жа час украінскія ўлады не разрывалі дыпламатычныя адносіны з Беларуссю. Двухбаковыя адносіны ўпалі да самага нізкага ўзроўню з 1991 года. Палітолаг, дырэктар Інстытуту сусветнай палітыкі, старшыня назіральнай рады ГА «Заходні інфармацыйны фронт» Яўген Магда прапануе для Украіны і Беларусі стратэгію «Дарога ў тысячу крокаў».
Слухайце далучаны файл!
Па сутнасці гэта ідэя дыялогу паміж супольнасцямі Украіны і Беларусі з мэтай паразумення.
«Пра падрыхтоўку Крамля Лукашэнка ведаў, гэта можна сказаць з упэўненасцю. Ён ператварыў Беларусь у плацдарм для агрэсіі, рамонтную базу і шпіталь для расійскіх салдат. З першага дня шырокамаштабнага ўварвання вядзецца дыскусія аб магчымасці далучэння беларускіх войскаў да сіл уварвання, актыўнасць беларускага войска прымушае Украіну трымаць значныя рэзервы ўздоўж 1000-кіламетровай мяжы паміж нашымі дзяржавамі. Грамадзян Беларусі, нават тых, хто быў вымушаны ўцякаць ад рэжыму Лукашэнкі і быў добраахвотнікам ва Украіне, цяпер кепска ўспрымаць ва Украіне. У выніку дзеянняў Дзяржаўнай міграцыйнай службы і СБУ (яны спрабуюць адфільтраваць магчымых варожых агентаў, часам з празмерным энтузіязмам), грамадзяне Беларусі перасталі ўспрымаць тэрыторыю Украіны як месца прытулку. Акрамя таго, Украіна заблакавала банкаўскія рахункі і карткі многіх грамадзян Беларусі, якія пражываюць на яе тэрыторыі, у тым ліку IT-спецыялістаў, якіх заклікалі пераехаць ва Украіну яшчэ ў 2020 годзе. У выніку прадстаўнікі беларускага бізнесу і грамадскасці масава пакідаюць межы Украіны. Тыя, каму было няўтульна ў адной дзяржаве з Лукашэнкам, аказаліся непатрэбнымі Украіне, якая не разрывала дыпламатычныя адносіны з афіцыйным Мінскам», – тлумачыць сітуацыю палітолаг у адпаведным аўтарскім матэрыяле.
Яўген Магда падкрэслівае, што ва Украіне не надта добра ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі і, адпаведна, пра Украіну ў Беларусі. Намаганнямі грамадзянскай супольнасці можна было б гэтыя хібы выправіць.
Прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму закідаюць, што за два гады ён так і не сустрэўся з лідарам дэмакратычнай апазіцыі Святланай Ціханоўскай. Яўген Магда настойліва раіць не чакаць і браць справу ў свае рукі:
«Мая пазіцыя вельмі простая: Калі мы будзем чакаць сустрэчы Уладзіміра Зяленскага са Святланаю Ціханоўскаю, проста сядзець на беразе і чакаць, то хутчэй Дняпро пацячэ да Смаленскай вобласці, чым мы дасягнем нейкага выніку.
Нішто не перашкаджаем нам хаця б вызначыць кола праблем і пачаць пра іх гаварыць».
Палітолаг мяркуе, што афіцыйнай сустрэчы Кіева са Святланай Ціханоўскай не адбылося, бо спачатку не разумелі выгодаў, пазней стала «не да таго».
– Я думаю, што да 24 лютага быў гандаль з Беларуссю, якая прынесла ў 2021 годзе тры мільярды долараў, а пасля таго стала «трохі не да яе». Думаю, у офісе ўкраінскага прэзидэнта не зусім разумеюць, што яму можа даць сустрэча са Святланаю Ціханоўскаю – полк «Каліноўскага», полк «Пагоня» існуюць і без гэтага. Які профіт? Сітуацыя завісла ў паветры.
Дыялог на ўзроўні супольнасці дапаможа стварыць базу для гэтай сустрэчы. Я за тое, каб украінская супольнасць размаўляла з рознымі прадстаўнікамі беларускай апазіцыі – гэта можа быць і форум дэмакратычных сіл, і Ціханоўская, і полк «Каліноўская». Пра што я кажу не першы год: мы маем тысячу кіламетраў агульнай мяжы, але вельмі мала ведаем адзін пра аднаго, жывём стэрэатыпамі. Але так мы нікуды не прасунемся, – падкрэслівае Яўген Магда.
Палітолаг закранае інфармацыйны аспект, яго ўплыў на грамадскую думку:
– Важнай праблемаю ёсць тое, што мы гадамі глядзелі адзін на аднаго праз айсберг расійскай прапаганды, гэта факт. То бок мы ўспрымаем адзін аднаго фактычна так, як нам прапанавалі гэта бачыць расіяне. Мы пераканаліся, асабліва пасля Бучы, што без дэмакратычнай Беларусі бяспечнай Еўропы не будзе. Але давайце і не забывацца пар тое, што ўкраінцы не будуць вырашаць праблемы беларусаў.
Мы пераканаліся, што без дэмакратычнай Беларусі бяспечнай Еўропы не будзе. Але давайце і не забывацца пар тое, што ўкраінцы не будуць вырашаць праблемы беларусаў
Апошняя думка, пра тое, што Украіна пераможа і Расію і далей нейкім чынам дапаможа Беларусі пазбавіцца ад рэжыму Лукашэнкі, часта гучыць у размовах, публічных дыскусіях. Але, па словах Яўгена Магды, гэта бесперспектыўная ідэя:
– Беларусы гатовыя абараняць сваю дзяржаву, гэта добра. Але такі момант: калі на тэрыторыю Беларусі будуць заходзіць людзі са зброяй з Украіны, Польшчы ці той жа Расіі, то беларуская прапаганда скажа «Вось, яны ідуць знішчаць нашу незалежнасць». І што мусяць рабіць патрыятычныя беларусы? Правільна абараняць сваю краіну. Быў паход Булак-Балаховіча і багата чаго іншага. Але гэта гісторыя стогадовай даўніны, я не думаю, што гэта мог бы быць добры сцэнар.
Нягледзячы на тое, што Беларусь стала плацдармам для нападу на Украіну і, безумоўна, украінскі народ мае права мець пытанні і прэтэнзіі, Магда верыць у магчымасці нармальна суіснавання дзвюх дзяржаў і народаў:
– Калі адбылося прымірэнне паміж немцамі і палякамі, паміж немцамі і грэкамі, бо захоп Грэцыі быў жорсткім, то я не думаю, што мы дурнейшыя за іх. Але, калі казаць пра ўмовы, то пажадана стварыць супольную пляцоўку – для размоў, дыялогу. Другое, гаварыць па-ўкраінску і па-беларуску. Нашыя мовы падобныя. І гаварыць пра праблемы – гэта лепш, чым іх замоўчваць. І трэцяе, гаварыць адзін з адным, гэта нашмат лепш, чым мы сабе гэта ўяўляем.
вх