5 верасня Мінскі абласны суд агучыў прысуды па гучнай «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Гэта першая ў найноўшай гісторыі Беларусі падобная справа. На разгляд «змовы аб захопе ўлады» лукашэнкаўскаму суду спатрэбілася крыху больш месяца. Абвінавачаныя атрымалі па 10-11 гадоў зняволення. Аднак аналіз агучаных абставін справы змушае сумнявацца ў тым, ці ўвогуле была спроба захопу ўлады.
Лукашэнка доўгія гады палохаў беларусаў замахамі на яго. «Замахі» у Лукашэнкі былі ўжо падчас яго выбарчай кампаніі ў 1994-м годзе, калі па ягоных словаў нехта абстраляў машыну кандыдата ў прэзідэнты пад Лёзна. Таго стралка не знайшлі па сённяшні дзень. Гэтым разам рэжым прадэманстраваў «змоўшчыкаў» публіцы. У красавіку мінулага году ўлады арыштавалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, ды выкралі і вывезлі з Масквы былога прэсавага сакратара Лукашэнкі Аляксандра Фядуту і палітычнага актывіста ды эмігранта Юрася Зянковіча. Лукашэнка заявіў, што замах рыхтавалі заходнія спецслужбы. У якасці арганізатараў закалоту лукашысты паказалі затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
29 ліпеня ўлады пачалі суд над «змоўшчыкамі», нечакана зрабіўшы яго адкрытым. Гэта дазволіла грамадству даведацца больш пра справу. Высветлілася, што трое затрыманых удзельнічалі ў зум-сустрэчах, падчас якіх абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і больш радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы лукашысты затрымалі Зянковіча і Фядуту. Вось і ўвесь «замах». За гэта лукашэнкаўскі суд асудзіў Зянковіча, Кастусёва і Фядуту на 11, 11 і 10 год зняволення.
Ці можна назваць замахам размовы Зянковіча ды Фядуты ды што сведчыць гэтая справа пра палітычную сітуацыю ў Беларусі? Пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Зміцерам Міцкевічам.
- Самі фабрыканты гэтай справы публічна заявілі аб тым, што не было ніякай спробы перавароту. Уся гэта справа суцэльная правакацыя. Бачна, што не было ніякіх канкрэтных планаў. Не былі прадстаўленыя доказы, не было фактуры. Фабрыканты справы не хавалі гэтага. Мы ўбачылі імітацыю суда, яго можна было не праводзіць.
Навошта адкрылі працэс і прадэманстравалі імітацыю?
- Гэта паказвае іх узровень разумення рэчаіснасці. Яны вераць у тое, што паказаныя доказы дастатковыя, каб людзі паверылі ў іх абвінавачанне. Такое іх разуменне грамадства, разуменне таго, што гэтым можна грамадства пераканаць. Адкрытая дэманстрацыя непрафесіяналізму не зможа паўплываць на паляпшэнне іміджу Лукашызму.
Што працэс, агучаныя выракі сведчаць пра рэжым Лукашэнкі?
- Працэс паказаў, што рэжым не збіраецца здаваць назад. Будзе працягваць рэпрэсіі, фабрыкаваць новыя справы. Яны не збіраюцца адступацца ад гэтай палітыкі тэрору, будуць даваць драконаўскія прысуды, спадзяваючыся, што гэта напалохае іншых беларусаў ад пратэстаў супраць Лукашызму.
Калі будзе сапраўдны замах, с сапраўднымі спецслужбамі, скажам расійскімі, ці Лукашэнка выкрыў бы яго таксама паспяхова?
- Мы ведаем гісторыі, калі расійскі крымінал выходзіў сухім з вады, а ніякі АМПА і следчыя нічога зрабіць не маглі. Гэта не студэнтаў ганяць. Узровень аператыўнай працы ьеларускіх сілавікоў бліжэй да нуля. Пасля пераарыентацыі з прафесійнай дзейнасці на змагання з нелаяльным грамадствам, іх узровень прафесіяналізма знізіўся. Ніякім спецслужбам яны не здольныя супрацьстаяць.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч