Лукашэнкаўскі блогер Шпакоўскі напісаў нядаўна, што «знішчаць крытычную інфраструктуру Украіны, біць па падстанцыях, чыгуначных зносінах, мастам трэба было з першага дня спецаперацыі. Дрэнна, што падобныя рашэнні прымаюцца праз паўгода вайны і цяжкіх памылак... Цяпер, галоўнае, працягваць». Пры гэтым у самой Расіі прапагандысты пачалі лагодзіць наратыў, казаць пра эканамічную мабілізацыю, патрэбу перагрупавання ды скардзіцца на тое, што ваююць з НАТА ды ЗША.
Чым тлумачыцца такая агрэсіўнасць ды азлобленасць лукашыстаў. У вайну на баку Расіі Лукашэнка далучацца не спяшаецца. Ваюе ён толькі віртуальна рукамі ды вуснамі прапагандыстаў ды ідэолагаў. Пра гэта мы размаўляем з палітолагам, кіраўніком Цэнтру палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам
- Беларускія ўлады зрабілі стаўку на агрэсіўнасць даўно, яна тычыцца розных пытанняў. Яе прарасійскайсць выклікана жаданнем паказаць сваю лаяльнасць да Масквы. Гэта робіцца, каб мінімізаваць пагрозы для ўлады Лукашэнкі з боку Крамля. У значнай ступені адрасатам гэтай прапаганды выступае расійская аўдыторыя. У Расіі ўважліва сочаць за беларускім афіцыйным дыскурсам. Менавіта таму прапаганда настолькі агрэсіўная. Што тычыцца ацэнкі падзей ва Украіне, паміж расійскай і беларускай прапагандай амаль не бачна адрозненняў.
Як да гэтага ставяцца ў Беларусі? Гэтая прапаганда ўспрымаецца беларусамі як рэальны вобраз свету? Для якой колькасці насельніцтва?
- Другой мэтавай група з’яўляецца беларускае грамадства. У Беларусі недзе 20% прарасійскай аўдыторыі. Для іх гэта блізкая рыторыка. Яшчэ каля 10-20% знаходзяцца ў арбіце такіх наратываў. Гэта дэманстрацыя таго, што ёсць вонкавая пагроза, што расійская ўлада рашучая. Гатовая змагацца за сваё існаванне. Тут важны не змест, а форма. Але ўвогуле прарасійскія жыхары ў Беларусі атрымліваюць інфармацыю пра Украіну не праз беларускія дзяржаўныя СМІ. Гэта для іх дадатковая крыніца інфармацыі.
Як тады гэта стасуецца з заявамі ўладаў пра амністыю, што некаторыя пачалі называць новым гандлем закладнікамі з Захадам?
- Я не бачу цяпер магчымасці для Лукашэнкі праз такую амністыю пачаць дыялог з Захадам. Тут толькі магчымыя кансультацыі па дыпламатычных каналах. Заходнія краіны не гатовыя весці такі «прагматычны дыялог». У першую чаргу гэта звязана з вайной ва Украіне ды ролі Лукашэнкі ў ёй. Калі пазіцыя беларускіх уладаў па гэтым пытанні не зменіцца, цяжка ўяўляю, хто з еўрапейскіх палітыкаў возьме на сябе адказнасць ініцыяваць такія захады.
Ці ёсць умовы для аднаўлення кантактаў? Напрыклад, што будзе ў выпадку вызвалення знакавых палітвязняў?
- Калі мы пабачым выпуск знакавых фігур д змена рыторыкі, можна чакаць пачатку размоў. Не перамоў, а кансультацый. Спачатку змены ва ўнутранай палітыцы, а потым вонкавы кантэкст.
Ці апарат тэрору ды прапаганды зможа адначасна прыстасавацца ды спыніць махавік рэпрэсій?
- Паступіць загад спыніць рэпрэсіі – яны падпарадкуюцца. Так арганізавана беларуская дзяржаўная сістэма цяпер. Рашэнні пра рэпрэсіі прымаюцца на вышэйшым палітычным узроўні. Калі паступіць загад, тэрор будзе спынены. Незадаволенымі застануцца асобныя выканаўцы, баючыся адказнасці. Паўплываць на генеральную лінію яны не змогуць.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч