Беларуская Служба

Кітай выцясняе Расію з рэгіёну Цэнтральнай Азіі, які здаўна лічыўся вотчынай Масквы

17.09.2022 06:07
Кітайцы эфектыўна і ўпэўнена ўзмацняюць сваю палітычную і эканамічную прысутнасць у рэгіёне Цэнтральнай Азіі, якая да гэтага лічылася расійскай сферай уплываў. 
Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпінь у кулуарах саміту ШАСPAP/EPA/SERGEI BOBYLEV/SPUTNIK/KREMLIN POOL

Выданне Dziennik Gazeta Prawna публікуе артыкул з нагоды саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Самаркандзе ва Узбекістане. Як адзначаецца ў артыкуле, саміт ва Узбекістане з'яўляецца сведчаннем таго, што Кітай цяпер ужо стаў безапеляцыйным лідарам арганізацыі, якую некаторыя называюць «азіяцкім НАТА». Больш за тое, кітайцы эфектыўна і ўпэўнена ўзмацняюць сваю палітычную і эканамічную прысутнасць у рэгіёне Цэнтральнай Азіі, якая да гэтага лічылася вотчынай Расіі.

Газета звяртае ўвагу на тое, што лідар КНР Сі Цзіньпінь пачаў свой першы з пачатку пандэміі замежны візіт са сталіцы Казахстана, дзе яго з помпай сустрэў прэзідэнт краіны Касым Жамарт-Такаеў. Лідар Кітая заявіў, што «як бы ні мянялася міжнародная канʼюнктура», Пекін будзе працягваць рашуча падтрымліваць Казахстан «у абароне незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці» ды катэгарычна выступаць «супраць умяшання якіх-небудзь сіл ва ўнутраныя справы» Казахстана. Без сумневу, гаворачы пра «знешнія сілы» кітайскі лідар меў на ўвазе Расію.

Выданне адзначае, што гаворка ідзе не аб банальнай дыпламатычнай дэкларацыі, а аб цвёрдым сігнале, што прэзідэнт Казахстана, які прадстаўляе клан, вельмі цесна звязаны з Кітаем, можа разлічваць на поўную падтрымку ў выпадку спроб умяшальніцтва ў сітуацыю ў краіне, якую і ў эканамічным, і палітычным сэнсе слова актыўна асвойваюць кітайцы.

Падобна сітуацыя выглядае і з іншымі цэнтральнаазіяцкімі постсавецкімі рэспублікамі.
Сі Цзіньпінь таксама зрабіў высновы з вайны ва Украіне і не паспрабуе захапіць Тайвань, а будзе працягваць умацоўваць кітайскія ўплывы ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і цэлым шэрагу рэгіёнаў, выцясняючы Расію, якая ўсё больш становіцца сыравінным прыдаткам Паднябеснай, падкрэслівае Dziennik Gazeta Prawna.


вс