Учора жыхары Вялікабрытаніі пахавалі сваю каралеву. Разам з ёй закончылася цэлая эпоха ў жыцці чалавецтва, лепшая эпоха, чым тая, у якой мы цяпер жывем. Друкаваныя выданні прысвячаюць увагу як выключнай урачыстасці, так і выключнай каралеве Елізавеце ІІ. Пахаванне было такім жа ўнікальным, як і сама каралева пры жыцці – піша выданне Rzeczpospolita. Гэта была самая маштабная ўрачыстасць у краіне з часоў Другой сусветнай вайны. Акрамя жыхароў Брытаніі, за ёй сачылі па тэлебачанні рэкордныя 4 мільярды гледачоў.
Вялікая каралева пражыла ўсё жыццё з пачуццём абавязку, яна з адданасцю служыла свайму народу. Яе жыццё было напоўненым глыбокім сэнсам, а ў апошні шлях яе праводзілі не толькі мільёны брытанцаў, але таксама лідары амаль усіх краін свету. Запрашэнняў не атрымалі толькі самыя вялікія ізгоі: кіраўнікі Беларусі, Расіі, М’янмы, Венесуэлы, Сірыі ды Афганістану. Затое ў Вестмінстэрскае абацтва прыехалі прэзідэнты ЗША, Францыі, Бразіліі, Індыі, прэм’еры-міністры Канады ды Аўстраліі, а таксама каля двух тысяч іншых вядомых і ўплывовых асоб.
Пахаванне стала перш за ўсё прыкладам эмацыйнага развітання падданых са сваёй каралевай. На працягу апошніх дзён сотні тысяч людзей стаялі ў кіламетровых чэргах, каб падысці да труны каралевы. Труну з целам Елізаветы ІІ з вялікім ушанаваннем цягнула калона са 142 маракоў да Аркі Велінгтона, а пазней у спецыяльным аўтамабілі яна адправілася ў Віндзорскі замак, дзе была пахаваная каля свайго мужа ў замкавай капліцы.
нг