Дэманстрацыі праціўнікаў мабілізацыі не здольныя сур'ёзна пахіснуць трон Пуціна. Аднак яны могуць падштурхнуць маўклівую ўнутраную апазіцыю да больш настойлівых дзеянняў і справакаваць нейкі знешні фактар. Не выключана, што кітайскі, паколькі Пекін падчас нядаўняга саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва даў зразумець Пуціну, што чакае падпарадкавання яго волі (у тым ліку размова пра хуткае спыненне ваенных дзеянняў), і зараз бяздзейна назірае за тым, як крамлёўскі дыктатар спрабуе аднавіць кантроль.
Загад аб мабілізацыі – насуперак неаднаразовым заявам расійскіх уладаў – выразна паказвае разгубленасць Уладзіміра Пуціна. Тое, што ён зрабіў гэта ў гадавіну фармальнага заканчэння Брусілаўскага наступу – таксама адчайнага, апошняга вялікага ваеннага высілку царскай Расіі падчас Першай сусветнай вайны – верагодна, супадзенне, але гэтая дата надае рашэнням Крамля асаблівае сімвалічнае вымярэнне.
Журналіст выдання Dziennik Gazeta Prawna Вітольд Сакала (Witold Sokała) разважае пра гістарычныя паралелі і памылкі Крамля.
У чэрвені 1916 г. пасля моцнага ціску заходніх саюзнікаў больш за 50 расійскіх дывізій пачалі наступ на 500-кіламетровым адрэзку фронта на Валыні, зламаўшы пазіцыі Аўстра-Венгрыі і наступаючы на Карпаты. Аднак пасля першых поспехаў у верасні наступ спыніўся, паралізаваны памылкамі камандавання і праблемамі з пастаўкамі. У выніку былі былі разгружаныя Заходні і Італьянскі франты, паколькі цэнтральныя дзяржавы перацягнулі адтуль шматлікія рэзервы ў Галіцыю. Расія заплаціла цаной жыццяў амаль мільёна людзей, вельмі сурʼёзных страт у дэфіцытнай тэхніцы і боепрыпасах і не менш значных страт у маральным духу арміі і грамадства, што, верагодна, значна наблізіла рэвалюцыю.
Уладзімер Пуцін калісьці публічна прызнаў распад СССР «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагоддзя», а потым шмат гадоў не хаваў, што імкнецца аднавіць савецкую імперыю, гэта значыць канчаткова ліквідаваць цэнтрабежныя тэндэнцыі ў самой Расійскай Федэрацыі, каб кансалідаваць вакол сябе былыя савецкія рэспублікі, якія на пачатку 90-х абвясцілі незалежнасць, і вярнуць сабе сферы ўплыву, у тым ліку ў Еўропе. А таксама пазіцыю галоўнага стратэгічнага контрагента ЗША у глабальным суперніцтве і хаця б часова зрынуць аднапалярны парадак, які фарміруецца ў свеце, і замяніць яго шматпалярнай сістэмай з істотнай роляй Масквы.
Гэтаму і павінна была служыць вайна ва Украіне, не толькі забяспечыўшы лепшы доступ да мясцовай сыравіны і да Чорнага мора, але і дысцыплінаваўшы іншыя постсавецкія краіны і канчаткова выбіўшы з іх галоваў ідэі аб магчымым палітычным павароце на Захад. Апошняму гэта, дарэчы, таксама павінна было даць урок, паказаць, хто тут галоўны, і сутыкнуць амерыканцаў з іх еўрапейскімі саюзнікамі.
Аднак Захад заняў адназначна негатыўную пазіцыю, і да таго ж выказаў яе не толькі ў расплывістых і высокіх дэкларацыях (на што, напэўна, разлічваў Крэмль), але і з дапамогай жорсткіх эканамічных санкцый і паставак зброі ўкраінцам, якія ваююць.
Маскоўская прапаганда можа суцяшаць сябе і сваіх кіраўнікоў рознымі спосабамі, напрыклад, абвяшчаючы аб умацаванні сяброўства з Іранам або высокай падтрымкай расійскай «спецаперацыі» ў Венэсуэле, але гэта не дадае расіянам грошай і тэхналогій, дэфіцыт чаго адчуваецца ўсё больш.
Цалкам артыкул чытайце ў выданні Dziennik Gazeta Prawna.
вх