Іншым прыярытэтам ёсць захаванне журналістыкі ў цяперашніх складаных умовах, прыцягненне ў прафесію моладзі.
16 верасня споўнілася 27 гадоў Беларускай асацыяцыі журналістаў. На сённяшні дзень арганізацыя аб'ядноўвае больш за 1300 журналістаў, рэдактараў, фатографаў. Беларуская асацыяцыя журналістаў – сябра Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў, арганізацыі IFEX, сеткі «Рэпарцёраў без межаў». Лаўрэат прэміі ЮНЭСКА "За ўнёсак у свабоду прэсы", прэміі Еўрапарламента "За свабоду думкі" і многіх міжнародных узнагарод.
Пра цяперашнія прыярытэты БАЖ, пра тое, як можна рабіць сапраўдную журналістыку ва ўмовах тэрору ды дыктатуры ў Беларусі, мы паразмаўлялі з прэсавым сакратаром арганізацыі Барысам Гарэцкім.
- Ужо трэці год мы святкуем дзень народзін арганізацыі ў такіх экстрэмальных умовах. У 2020 годзе як раз 27 судзілі нашых калег Уладзя Грыдзіна ды Аляксандра Васюковіча. Летась была татальная зачыстка незалежных рэдакцый. Многія апынуліся за мяжой. На жаль сітуацыя не палепшылася і ў гэтым годзе. З 2021 года за кратамі знаходзіцца каля 30 калег, прадстаўнікоў медыя. Нягледзячы на ўсе высілкі ўладаў, судоў, журналісцкая супольнасць захоўваецца. Мы захавалі касцяк арганізацыі ды асноўныя накірункі дзейнасці. Асноўны на сённяшні дзень – гэта дапамога і падтрымка калег у звязку з рэпрэсіямі.
Барацьба з рэпрэсіямі стаў фактычна галоўным накірункам працы арганізацыі. Ціск захоўваецца, кажа адмысловец.
- За гэты год рознае здаралася. У першую чаргу – гэта крымінальныя справы на журналістаў. Мы прыйшлі да часу, калі ўжо амаль няма адміністрацыйных арыштаў. У асноўным – гэта адразу крымінальныя справы. Цяперашнія прысуды – гэта не 2-3 гады, а 6-8-15, як было з Дзянісам Івашыным. Цяпер ідзе жорсткі прэсінг усіх, хто застаецца ўнутры Беларусі. Сёлета дадаўся прэсінг уладаў на людзей, якія супрацоўнічаюць з медыя. Шэраг крымінальных спраў заведзена на людзей, якія дасылалі свае фота ці паведамленні ў рэдакцыі. Яны атрымліваюць турэмныя тэрміны.
Пасля расійскай агрэсіі на Украіну БАЖ занялася эвакуацыяй беларускіх журналістаў з тэрыторыі ахопленай вайной.
- Сёлета здарылася вайна ва Украіне. Вялізная колькасць нашых калег сустрэлі 24 лютага ў Кіеве ды іншых гарадах Украіны. Мы аператыўна здолелі дапамагчы многім супрацоўнікам медыя выехаць з Украіны. Вельмі пашанцавала, што ніхто з калег – беларускіх журналістаў не пацярпеў. Усе змаглі выехаць, легалізавацца да знайсці сябе ў новых краінах пасля другой рэлакацыі.
Якія перспектывы ў арганізацыі ды беларускіх медыя?
- Перспектыў на вяртанне нябачна. Рэпрэсіі прыцягваюцца ды ўзмацняюцца. У гэтых умовах нашай задачай ёсць захаваць беларускі медыя сектар. Гэта недахоп грошай, кадраў, патрэба легалізацыі ў новых краінах, вядзення бізнесу па новых правілах. Для нас важна аказваць падтрымку для калег у турмах. Апроч таго наш прыярытэт - падтрымаць моладзь, якая спрабуе прыйсці з журналістыку. Важна не згубіць гэтае пакаленне, навучыць іх крытычнаму мышленню, навучыць працаваць у медыя.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч