Беларуская Служба

ISW: Крытыка ў СМІ можа быць небяспечнай для Пуціна

03.10.2022 12:30
Хваля крытыкі супраць расійскага камандавання пасля абвяшчэння «частковай мабілізацыі» і вываду войскаў з Лімана на Данбасе падрывае наратыў Крамля пра вайну ва Украіне і ўскосна б'е па прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, там мяркуюць эксперты Інстытуту даследавання вайны ў ЗША (ISW).
Russian President Vladimir Putin delivers a speech during a concert after a ceremony to sign treaties on new territories accession to Russia on the Red Square in Moscow, Russia, 30 September 2022.
Russian President Vladimir Putin delivers a speech during a concert after a ceremony to sign treaties on new territories' accession to Russia on the Red Square in Moscow, Russia, 30 September 2022.Photo: EPA/SERGEI KARPUKHIN/SPUTNIK/KREMLIN POOL

Паражэнне ў Лімане і ў Харкаўскай вобласці ў спалучэнні з памылкамі ў абвешчанай прымусовай мабілізацыі выклікалі «рэзкія змены» ў расійскай інфармацыйнай прасторы, гаворыцца ў спецыяльным выпуску вашынгтонскага аналітычнага цэнтру.

Спансаваныя Крамлём расійскія СМІ і г.зв ваенныя блогеры шкадуюць з нагоды страты Лімана і ў той жа час крытыкуюць бюракратычныя правалы мабілізацыі. Некаторыя госці, запрошаныя на крамлёўскія тэлеканалы, нават раскрытыкавалі рашэнне Пуціна анексаваць чатыры ўкраінскія вобласці (Луганскую, Данецкую, Херсонскую і Запарожскую) без папярэдняга забеспячэння кантролю над імі. Крамлёўскія прапагандысты ўжо не хаваюць свайго незадавальнення мабілізацыяй, часта ўздымаюць тэму алкагалізму сярод вайскоўцаў. Некаторыя выказвалі асцярогі, што мабілізацыя не прывядзе да стварэння сіл, неабходных для аднаўлення ініцыятывы на полі бою, падкрэсліваецца ў справаздачы ISW.

«Абʼява Крамлём аб частковай мабілізацыі паказала расійскай грамадскасці наступствы паразы ў Харкаве і пазней у Лімане, знішчыўшы намаганні Крамля прадставіць гэтую вайну як абмежаваную і ў цэлым эфектыўную (аперацыю)», – падкрэсліваюць эксперты аналітычнага цэнтра. На іх думку, паражэнне ў Лімане выклікала большую блытаніну і негатыўныя рэпартажы ў расійскіх СМІ, чым адыход з Кіева, вострава Змяіны ці нават Харкаўскай вобласці. «Уплыў Лімана, верагодна, большы, таму што расіяне цяпер баяцца, што іх мабілізуюць для вырашэння ваенных праблем», – адзначаецца ў паведамленні.

Пры гэтым Пуцін робіць стаўку на кантроль над інфармацыйнай сферай у значна большай ступені, чым на апарат прыгнёту, які выкарыстоўвалі ўлады былога СССР. Гэта азначае, што перабоі ў інфармацыйнай прасторы патэнцыйна могуць быць для яго яшчэ больш небяспечнымі, чым для савецкіх кіраўнікоў.

Сярод крытыкаў расійскага вайсковага камандавання былі чачэнскі лідар Рамзан Кадыраў і кіраўнік групоўкі наймітаў Вагнера Яўген Прыгожын. Кадыраў абвінаваціў у паразе генерала Аляксандра Лапіна, які нясе непасрэдную адказнасць за войскі на Данбасе, і раскрытыкаваў кіраўніка Генштабу генерала Валерыя Герасімава. На думку ISW, крытыка Кадырава і Прыгожына на адрас вайскоўцаў таксама ўскосна бʼе па Пуціну, нават калі яе аўтары пра гэта не здагадваюцца.

Пуцін публічна выказаў Лапіну давер пасля захопу Лісічанску, паводле заходніх крыніцаў, расійскі прэзідэнт асабіста прымае аператыўныя рашэнні адносна дзеянняў на фронце. «Пуцін, хутчэй за ўсё, усведамляе небяспечны шлях, па якім пачалі ісці Кадыраў і Прыгожын. (...) Пакуль невядома, колькі Пуцін будзе цярпець і што будзе, калі ён паспрабуе прыбраць ваенных блогераў і іх крытыку, што гучыць усё часцей адносна яго рашэнняў, якія ён дагэтуль дазваляў распаўсюджваць у Расіі», – падкрэслівае ISW.

Тым часам на фронце ўкраінскія войскі адваявалі іншыя гарады на ўсходзе Украіны.

PAP / вх