5 кастрычніка, у 86-ыя ўгодкі з дня нараджэння Вацлава Гавела, у Беларускім Доме ў Варшаве адкрылася выстава, прысвечаная чэшскаму грамадскаму дзеячу, драматургу і палітыку.
«Вацлаў Гавел. Палітыка і свядомасць». Так называецца выстава, з якой можна пазнаёміцца ў Беларускім Доме ў польскай сталіцы. Экспазіцыю, прысвечаную жыццю і спадчыне славутага палітычнага і грамадскага дзеяча, Беларускі Дом арганізаваў разам з Амбасадай Чэхіі ў Польшчы, а таксама Чэшскім Цэнтры ў Варшаве.
Алесь Зарэмбюк і Якуб Дзюр
Вацлаў Гавел – не толькі чэшскі дысідэнт, драматург і прэзідэнт, але таксама постаць сусветнага маштабу, – адзначае дырэктар Беларускага Дому Алесь Зарэмбюк.
- Гэта постаць, якая для беларусаў, для беларускага грамадства з'яўляецца вялікім аўтарытэтам. У нашыя змрочныя часы беларускае грамадства патрабуе такіх аўтарытэтаў. Гавел быў сябрам беларускага грамадства, заўжды цікавіўся Беларуссю, падтрымліваў палітвязняў. Для нас гэта постаць, якую трэба памятаць, па прынцыпах якой трэба жыць. Гэта ўзор таго, як трэба жыць – па праўдзе, у сумленні і згодна са сваімі каштоўнасцямі.
На адкрыцці выставы выступіў Амбасадар Чэхіі ў Польшчы Якуб Дзюр (Jakub Dürr), які нагадаў, з якой дыстанцыяй і пачуццём гумару Гавел ставіўся да ўласнай асобы.
- Чалавек, якога мы сёння ўшаноўваем, меў абсалютна ўнікальныя рысы для сучаснага свету. Яго тоеснасць змянялася, але была, на маю думку, цалкам камплементарнай. Сам ён так сябе апісваў: «Дзіця буржуазіі, лабарант, жаўнер, дэкаратар сцэны, аўтар тэатральных пастановак, дысідэнт, вязень, прэзідэнт, пенсіянер, грамадскі феномен і пустэльнік, уяўны герой і прыхаваны баязлівец». На маю думку, Гавел быў аўтэнтычны ва ўсіх гэтых ролях, можа, за выключэннем «прыхаванага баязліўца», якім гэты сапраўдны герой, канешне, не быў.
Алесь Зарэмбюк і Аляксандр Мілінкевіч
Лічыцца, што палітыка – гэта брудная справа, а ўлада хутка разбэшчвае і псуе амаль кожнага чалавека. Аднак гэтае правіла абсалютна не адносіцца да былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела. Ён – сімвал абсалютна чыстай, маральнай палітыкі. І дзякуючы сваёй нязломнай пазіцыі на варце маральнасці ў палітыцы ён стаў аўтарытэтам і прыкладам для палітыкаў і грамадскіх дзеячаў ва ўсім свеце, – казаў заснавальнік руху «За свабоду», былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч.
- Яго лічаць сімвалам маральнай палітыкі. Ён заўсёды быў за мірныя перамены. Многія з ім нязгодныя, да гэтага часу. Не ўсе былі яго прыхільнікамі, былі і праціўнікі, але ён умеў размаўляць з усімі. Ён казаў, што дурань стварае ворагаў, а разумны яднае сяброў. І лічыў, што ў палітыцы нельга казаць, што хтосьці твой вораг, проста ён не падзяляе тваіх поглядаў. І што толькі тады мы моцныя, калі знойдзем кансалідацыю. Ён умеў аб'ядноўваць людзей, плюс маральныя паводзіны – ніхто ніколі не западозрыў, што ён штосьці скраў, нешта прыватызаваў. У сённяшняй Беларусі не існуе такой палітыкі. Ён належаў да людзей, якія служылі – народу, ідэі. Ён пайшоў ва ўладу не дзеля абагачэння. Я ганаруся, што яго ведаў, і хацеў бы быць да яго падобным.
Алесь Зарэмбюк і Артур Міхальскі
У Беларусі шмат асобаў, якія маглі б стаць узорам чыстай, маральнай палітыкі, прыкладам якой быў Вацлаў Гавел. Аб гэтым разважаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
- Адзінка, канкрэтны чалавек, у якога ёсць ідэя, які адчувае ўнутраную свабоду, у стане сапраўды шмат зрабіць. Нашы цудоўныя суседзі, беларусы, маюць такіх людзей. Гэта тыя людзі, якія заўсёды выступаюць на баку свабоды, для якіх палітыка не з’яўляецца бруднай справай. Для якіх палітыка, як для Вацлава Гавела, мае маральнае вымярэнне. У вас шмат такіх людзей, многім з іх прыйшлося з’ехаць з Беларусі, але яны памятаюць пра сваю краіну. У вас тысячы палітвязняў, а гэта значыць, што разам з блізкімі і сваякамі гэта дзясяткі тысяч людзей, якія перажываюць асабістую трагедыю. Але я глыбока веру, што гэта страшная ахвяра не можа быць дарэмнай. Мы сёння згадваем Вацлава Гавела. Я памятаю той час, калі прыйшла «восень свабоды» у нашу частку свету, якая тады была эйфарыя. Былі тры фактары, якія спрыялі пераменам – імкненне народаў быць свабоднымі, архаічнасць улады і геапалітычная сітуацыя (развал Савецкага Саюзу). Беларускі народ паказаў у 2020 годзе, што ён таксама імкнецца быць свабодным, беларуская ўлада цяпер дасягнула піку архаічнасці, і наступаюць вялікія геапалітычныя перамены – хтосьці з’ехаў з глузду і вырашыў развязаць вайну. Таму я веру, што Беларусь будзе свабоднай.
Вацлаў Гавел памёр у снежні 2011 года ва ўзросце 75 гадоў (нар. 5 кастрычніка 1936 г.). Неўзабаве пасля яго смерці беларускія дзеячы пачалі ладзіць вечарыны памяці выбітнага чэшскага прэзідэнта, – успамінаў беларускі палітык, прадстаўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Юры Губарэвіч.
Выставу, прысвечаную Вацлаву Гавелу, можна ўбачыць на працягу бліжэйшага месяца ў Беларускім Доме ў Варшаве.
нг