Мы паразмаўлялі з аўтарам пра яго разуменне тых падзей ды лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл. На ягоную думку, яе ўчынак пайсці на выбары замест арыштаванага мужа стаў пераломным момантам у беларускай гісторыі.
У Польшчы выйшла першая кніга пра лідарку беларускай апазыцыі Сьвятлану Ціханоўскую! На старонках кнігі паказваецца партрэт Святланы Ціханоўскай – звычайнай дзяўчыны з Мікашэвічаў з паўднёвай Беларусі, гаворыцца ў анатацыі да выдання. Як звычайная дзяўчына з Мікашэвіч ўварвалася на беларускі палітычны Алімп, як беларускія ўлады яе праваронілі і чаму яна стала «ледаколкай», мы паразмаўлялі з аўтарам кнігі рэпарцёрам Русланам Шошыным.
- Па-першае, Ціханоўская разбурыла лёд безнадзеі, якая цягнулася ў Беларусі шмат гадоў і выбарчых кампаній, пачынаючы з 2006-га года. Тады шмат хто меў надзею на праеўрапейскія змены, быў выдатны кандыдат Мілінкевіч, які збіраў сімпатыі нацыянальнаарыентаваных людзей. Пасля пачалася эпоха палітычнай млявасці.
Аднак, калі паглядзець на эканоміку, дык апошнія 5 год да 2020 года былі часам эканамічнага ўздыму ды пазітыўных змен. У чым Вы бачыце безнадзею?
- Гаворка не ў тым, што барацьба беларусаў ішла за міску з рысам ці за базавыя рэчы. У Беларусі ніколі не было добра. З пункту гледжання Мінска магчыма так, тады як у беларускай правінцыі сітуацыя была вельмі неадназначная. Часта людзі не заўважалі беднату і галечу, якая была ў шмат якіх дамах. Гэта прыводзіла да млявасці ды абыякавасці ў падыходзе да выбараў. Людзі не верылі, што нешта можна памяняць. Яны не цікавіліся палітыкай. Гэта прыйшло ў 2020-м годзе. Напачатку таму, што з’явіліся моцныя кандыдаты, якіх Лукашэнка адсунуў. З’явіўся Сяргей Ціханоўскі, які стаў шмат для каго неспадзяванкай. Чалавек аб’ездзіў шмат гарадоў, рэгіёнаў. Гэта ўсіх здзівіла. Учынак яго жонкі, якая ўзяла ад яго эстафету свабоду, стаў пераломным момантам у гісторыі Беларусі. Каб яна не зрабіла гэты крок, падаючыся ў ЦВК дзеля свайго мужа, тады быў бы канец.
Вы верыце ў гэта, што гэта была адзіная і галоўная матывацыя?
- Безумоўна, я пытаўся ў яе, я пытаўся ў іншых людзей, якія былі з ёй у момант прыняцця рашэнняў. Усе казалі, што тады ініцыятыва была яе, той першы людскі рух яна сама зрабіла. Іншыя, паглядзеўшы на тое, што адбываецца, вырашылі, што яе трэба падтрымаць. Памятаем, што падтрымка не была моцнай. Гэта было вузкае кола людзей: сімпатыкі Сяргея Ціханоўскага, людзі з Інтэрнэту. Мацнейшыя кандыдаты, як Бабарыка ці Цапкала не звярталі ўвагу на Ціханоўскую. Яны не ўспрымалі яе ў сур’ёз, як і чальцы ЦВК, якія смяяліся з гэтага ўсяго. Яны думалі, што яна самая слабое звяно і таму і зарэгістравалі.
Аўтар перакананы, што гэта была самая вялікая памылка лукашыстаў.
- Насамрэч гэта стала самай вялікай памылкай, таму што ўвагу людзей не прыцягнулі прыгожыя словы ды абяцанні, а людскі твар Святланы Ціханоўскай, жаночае трыа, чаго не было ніколі на палітычнай сцэне Беларусі. Гэта выглядала ўсё натуральна, адкрыта. Адсюль і ледаколка. Адзін з маіх суразмоўцаў назваў яе ледаколам. Але рэвалюцыя ў Беларусі была ў першую чаргу жаночая. Гэта мае значэнне. Тым больш, што барацьба не скончаная. Яна не складае рук, не кідае, не вяртаецца ў прыватнае жыццё, а цягне справу з 2020 года. Яна крок па кроку ломіць гэты лёд.
Журналіст перакананы, што самае важнае дасягненне цяпер Ціханоўскай, што беларуская тэма не знікае са старонак еўрапейскіх СМІ ды палітычнага раскладу ЕС ды Беларусі.
- Пакуль ёсць беларуская тэма ў медыйнай прасторы, асабліва палітыка. Пытанні свабоды СМІ заўсёды былі, а палітыка ў медыйнай прасторы з’яўлялася толькі пад выбары. Потым былі чарговыя 5 год цішыні, нічога не мянялася. Цяпер жа ніхто не сказаў кропка, ёсць альтэрнатыва з вялізарным міжнародным прызнаннем. Ніхто да Ціханоўскай такога не атрымліваў. У гэтым вартасць 2 гадоў дзейнасці офіса Святланы Ціханоўскай. Байдэн абы з кім сустракацца не будзе. Калі ёсць прызнанне з боку ўплывовых міжнародных гульцоў, не будзе сумневаў у тым, хто мае пераняць уладу ў Беларусі ў выпадку непрадказальнай сітуацыі ў Беларусі.
Ціханоўская трапіла ў палітыку пад уплывам абставін, не рабіла доўгую кар’еру. Яна ўтрымоўвае пазіцыю лідаркі дэмакратычных сіл. На вашу думку ў чым яе феномен як палітыка?
- У тым, што гэта таксама яе заслуга. Яна не бяздушная постаць, якая пазбаўленая эмоцый, жыцця, прыватнасці. Я не лічу, што яна проста ахвяра акалічнасцяў. Яе асабістая сітуацыя вельмі складаная. Яна спачатку мусіла вывесці дзяцей, потым ім растлумачыць, дзе яны апынуліся, незразумелы статус, што з яе бацькам, што з яе блізкімі ды сям’ёй. Гэта цікава таму, што ў такой сітуацыі непадрыхтаваны да палітыкі чалавек, непадрыхтаваны да такіх рэпрэсій, да такога пералому ў прыватным жыцці, яна па-людску не паддалася, не кінула ўсё гэта, і пайшла далей.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце аўдыёфайл