У ЕС кажуць пра неабходнасць распаўсюдзіць санкцыі супраць Расіі й на лукашэнкаўскую Беларусь. Гэта наступствы ўзмоцненых абстрэлаў з Расіі ды Беларусі ўкраінскіх гарадоў.
У панядзелак, 17 кастрычніка, Паўночнаатлантычны альянс пачаў вучэнні па ядзерным стрымліванні - «Steadfast Noon» («Непахісны поўдзень»). У манеўрах бяруць удзел 14 краін і каля 60 самалётаў розных тыпаў, у тым ліку знішчальнікі чацвёртага і пятага пакаленняў, а таксама самалёты назірання, запраўшчыкі, і амерыканскія цяжкія звышдалёкія стратэгічныя бамбавікі B-52. Трэніровачныя палёты ў асноўным праходзяць над Бельгіяй, а таксама над Паўночным морам і Вялікабрытаніяй.
Амерыканскія сілы застануцца ў Літве да 2026 года, паведаміла Міністэрства абароны Літвы. Кіраўнік міністэрства Арвідас Анушаўскас размаўляў сёння ў Бруселі на гэтую тэму з міністрам абароны ЗША Лойдам Остынам. У сваю чаргу ЗША абвясцілі, што выдзеляць Украіне яшчэ адзін пакет ваеннай дапамогі на 725 мільёнаў долараў. Такое рашэнне прыняў прэзідэнт Джо Байдэн. Зброя будзе паступаць з цяперашніх рэсурсаў Пентагона.
Краіны Балтыі выступілі за стварэнне спецыяльнага трыбунала, задачай якога будзе судзіць вінаватых у злачынствах Расіі ва Украіне. З заявай на гэты конт выступілі міністэрствы замежных спраў Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Усё гэта вынік таго, што цягам некалькіх апошніх дзён Еўропа назірае ўзмоцненыя ракетныя ўдары з боку расіян па цывільных аб'ектах ва Украіне. Як сказаў намеснік міністра замежных спраў Марцін Пшыдач, гэта прадуманая стратэгія Уладзіміра Пуціна, які хоча зламаць баявы дух украінскага грамадства.
- Я перакананы, што гэта адмысловая стратэгія, абдуманая, каб зламаць дух супраціву украінцаў, паказаць у Крамлі ды Маскве, сярод эліт улады, што Расія імкнецца весці агрэсіўную палітыку. На жаль, гэтая наступальнасць праяўляецца ў тым, што бамбардуюць звычайныя дамы, дзіцячыя пляцоўкі. Польшча заклікае вось ужо некалькі тыдняў, каб Украіна атрымала эфектыўныя сістэмы супрацьпаветранай барацьбы.
Прэм'ер-міністр Чэхіі ў інтэрв'ю выданню «Denik N» заявіў, што пагрозы прымянення Расіяй ядзернай зброі не варта баяцца, хоць да іх трэба ставіцца сур'ёзна. «Пуцін пастаянна адсоўвае межы ў сваёй агрэсіўнай палітыцы, і некаторыя з яго адчайных дзеянняў звязаны з яго няўдачай у звычайных баявых дзеяннях», — сказаў прэм'ер-міністр Чэхіі.
Расійская армія ўсё больш адчувае кадравы голад. Пра гэта вынікае з інфармацыі ўкраінскага Генштаба. Каб кампенсаваць яго, расіяне вымушаны праводзіць мабілізацыю на акупаваных імі тэрыторыях, а ў Расіі ў шэрагі войска ўваходзяць, між іншым, зняволеныя. Я б не назваў гэтых людзей жаўнерамі - сказаў у эфіры Польскага радыё Люблін палкоўнік Дарыюш Даховіч, былы камандзір 1-га асобнага палка камандас.
- Калі нехта знаходзіцца ў турме і спрабуе ўратавацца з турмы, ідучы на фронт, гэта значыць, што ягоны маральны стан вельмі кепскі, а ён кіруецца зусім іншым, чым украінскія жаўнеры, калі ідуць на фронт. Ваенныя дзеянні паказваюць звярыную жорсткасць расіян. Дастаткова згадаць тры гарады: Буча, Ірпень ды Ізюм.
У ЕС таксама загаварылі пра патрэбу больш жорсткай палітыкі ў дачыненні да Лукашэнкі. Польшча патрабуе ад Еўрасаюза разабрацца ў пытанні супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй
Міністр па справах Эўразвязу Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк заявіў, што Польшча патрабуе ад Эўразвязу разабрацца з лукашэнкаўскай Беларуссю. Гучаць прапановы распаўсюдзіць на рэжым Лукашэнкі такія ж санкцыя, якія накладзеныя на Расію.
- Польшча патрабуе, каб Еўропа рэагавала на калабарацыю рэжыму Лукашэнкі з Расійскай Федэрацыяй, супрацоўніцтва з рэжымам Пуціна. Для нас гэта важная справа і мы будзе пра яе казаць.
Намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Войцех Скуркевіч заявіў, што Беларусь удзельнічала ў вайне ва Украіне ад самага пачатку. Цяпер Аляксандр Лукашэнка можа адправіць сваіх жаўнераў на фронт.
- Спадзяваюся, што не будзе сітуацыі непасрэднага ўдзела беларускай арміі ў дадзеным канфлікце. Гэта будзе вельмі складаная сітуацыя для Лукашэнкі. Апазіцыя зможа зрабіць чарговы крок, каб зрынуць дыктатара. Не думаю, што беларуская армія будзе на 100% выконваць загады з Крамля.
У звязку з гэтым намеснік міністра нацыянальнай абароны Войцех Скуркевіч заявіў, што Польшча хоча набыць для войска 300 карэйскіх пускавых установак K239 CHUNMOO. Паслязаўтра чакаецца падпісанне рамачнага пагаднення аб закупцы згаданага абсталявання.
- Міністр Блашчак будзе неўзабаве ў Карэі з афіцыйным візітам. Супарцоўніцтва з Карэяй вельмі плённае. Набыццё карэйскіх СПА – гэта той элемент, які ўзмоцніць наш абабарончы патэнцыял.
Апроч таго, Еўрасаюз даў згоду на навучальную місію ЕС для ўкраінскіх вайскоўцаў. Такое рашэнне прынялі міністры замежных спраў 27 краін на сустрэчы ў Люксембургу. Пачатак місіі запланаваны на наступны месяц. Для пачатку плануецца падрыхтаваць 15 тысяч вайскоўцаў у некалькіх краінах Еўрасаюза, большасць з якіх — у Польшчы. Аператыўнае камандаванне місіі таксама будзе знаходзіцца ў Польшчы, верагодна, у ваколіцах Жэшава.
Юры Ліхтаровіч