Беларуская Служба

Перамога Украіны залежыць ад ЗША. Дакуль амерыканцы будуць дапамагаць?

21.10.2022 12:32
Амерыканцы дакладна не дадуць Украіне прайграць.
Вайна ва УкраінеPAP/Mykola Kalyeniak

Ці выйграе Украіна, залежыць ад ЗША. На дадзены момант падтрымка Кіева Вашынгтонам высокая, але не вядома, як доўга яна захаваецца, піша партал Forsal.pl

Тры дні. Менавіта столькі, паводле расiйскіх стратэгаў павінна была працягвацца «спецаперацыя» ва Украіне.
Праз восем месяцаў мы можам захапляцца віртуознасцю, з якой абараняюцца ўкраінцы, і гадаць, ці ўдасца ім адбіць Херсон да зімы.Так доўгая і эфектыўная абарончая кампанія была б немагчымай без падтрымкі Захаду, асабліва ЗША.

Акрамя палітычнага аспекту, палтрымку можна разглядаць як мінімум на трох узроўнях.

Першая, базавая, гэта фінансавая дапамога, якая праяўляецца пастаўкамі зброі. Дагэтуль ЗША паабяцалі падтрымаць больш чым 50 мільярдаў долараў. Гэта нашмат больш, паводле звестак Кільскага інстытута даследаванняў сусветнай эканомікі, чым даюць усе краіны ЕС.

Другое, пра што гавораць значна менш, – гэта разведка. Без ценю перабольшання можна сказаць, што з дапамогай самалётаў і спадарожнікаў амерыканскія вайскоўцы пастаянна сочаць за пераважнай большасцю перамяшчэння расійскіх войскаў. Той факт, што ўкраінскія абаронцы ведаюць, дзе біць, дае ім поспех.

Трэцяя сфера, дзе амерыканская падтрымка асабліва важная, – гэта сумесная распрацоўка планаў. Было такое ў выпадку відовішчнага наступу ў раёне Харкава. – Мы рабілі некалькі практыкаванняў на стале, – сказаў Колін Кал з Пентагона ў інтэрв'ю The New York Times. -Мы далі парады і ўкраінцы іх прынялі, – дадаў ён.

Безумоўна, трэба падкрэсліць, што ў аснове такой доўгай і добрай абароны ляжыць гераічная пазіцыя ўкраінцаў.

Калі б не іх баявы дух і часам шалёная адвага і неверагодная крэатыўнасць у выкарыстанні зброі, разгляд дапамогі ЗША не меў бы сэнсу, бо сёння Кіевам кіравала б расiйская марыянетка.

Ясна, што Украіна можа выйграць вайну, дзякуючы добраму спалучэнню палітыкі і ваенных магчымасцяў. З аднаго боку, гэта станоўча адбіваецца на баявым духу яе вайскоўцаў, а з другога – дазваляе аказваць большы ціск на Захад, каб той накіраваў далейшыя траншы дапамогі. Сёння заклікі не рабіць гэтага, бо так хутчэй скончыцца вайна, гучаць значна радзей, чым некалькі месяцаў таму.

Амерыканцы дакладна не дадуць Украіне прайграць.

Але ў ЗША ёсць упэўненасць, што на нейкім этапе пачнуцца перамовы і што Украіне і Расіі трэба будзе неяк дамовіцца. Таму Вашынгтон хоча, каб Кіеў займеў моцную пазіцыю на гэтых перамовах. Але ніхто не будзе прымушаць яго пачынаць іх.

Пакуль праблем з магчымым прыпыненнем дапамогі Вашынгтонам няма. Такое становішча спраў будзе працягвацца, пакуль Джо Байдэн будзе прэзідэнтам і дэмакраты будуць мець большасць у Кангрэсе.

яс