Беларуская Служба

Ці Польшча, пасля кампраметацыі расійскай арміі ва Украіне, можа ўздыхнуць з палёгкай?

11.11.2022 15:50
Неабходна прыгадаць старое праверанае правіла: хочаш міру – рыхтуйся да вайны.
  HIMARS
Амерыканскія РСЗА HIMARS змагаюцца па баку Украіныфота: PAP/EPA/HANNIBAL HANSCHKE

Надоечы з’явілася інфармацыя, што расійскія войскі пакідаюць Херсон. Магчыма, гэта стане пераломным момантам у расійска-украінскай вайне, хаця каментатары кажуць пра верагодны подступ з боку Расіі.

Пад канец лютага вайна ў Еўропе перастала быць фантазіяй, а стала фактам, цяпер шматлікія дзяржавы кантыненту ламаюць галовы, як абараніць сваю тэрыторыю ад патэнцыйнага агрэсара, асабліва гэта актуальнае пытанне для краін, якія маюць супольную мяжу з Расіяй. У выданні Gazeta Wyborcza – даклад аб бяспецы Польшчы.

Украіна змагаецца за жыццё, а свет назірае за вайной і робіць высновы. Украінцы даказваюць, што можна перамагчы нашмат больш магутнага агрэсара. Разбураюцца догмы. Аказалася, што ў Расіі няма непераможнай арміі, а яна сама не з’яўляецца імперыяй. Выведка, якая раней падкупляла палітыкаў з усяго свету і маніпулявала выбарамі на Захадзе, не была ў стане прадбачыць, што ўкраінцы будуць бараніцца да апошняга салдата. Расійская армія, якая кожны год праводзіла магутныя ваенныя вучэнні, не была ў стане зайсці ў Харкаў у 30 км ад расійскай мяжы, не кажучы ўжо пра Кіеў або Адэсу. Расійская авіяцыя, якая раней праводзіла сімуляцыю ядзернай атакі на Стакгольм, не была ў стане здабыць перавагу ў паветры над Украінай. Флот страціў свой флагман і не можа абараніць галоўны порт.

Ці, назіраючы за кампраметацыяй расійскай арміі ва Украіне, Польшча можа ўздыхнуць з палёгкай? Абсалютна не. У Расіі яшчэ шмат магчымасцяў весці вайну. А калі б ёй удалося пераканаць Украіну пайсці на перамір’е, яна б сабрала сілы і ўдарыла зноўку. Таму – нагадваем старое правіла: хочаш міру – рыхтуйся да вайны. Еўропа ў спешцы аднаўляе свае занядбаныя ўзброеныя сілы.

Поспехі ўкраінцаў паказваюць, што на полі бою якасць важнейшая, чым колькасць. Ледзьве некалькі дзясяткаў ракетных сістэм залпавага агню дазволілі Украіне затрымаць наступленне на Данбасе і пачаць вяртаць свае землі. Гэтая вайна вучыць, што нават вялікая армія можа няшмат, калі ў яе дрэннае камандаванне, калі паасобныя адзінкі не ўмеюць супрацоўнічаць. І не вучацца на памылках, у адрозненні ад украінскіх войскаў, якія год таму вучыліся ў калег з НАТА, а цяпер афіцэры НАТА могуць вучыцца ў іх.

нг