Беларуская Служба

«Politico»: Польшча можа мець самыя магутныя сухапутныя войскі ў ЕС

21.11.2022 11:18
Сайт «Politico» піша, што рашэнні польскіх уладаў азначаюць, што ў краіне неўзабаве можа з'явіцца самая магутная сухапутная армія ў ЕС.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак PAP/Łukasz Gagulski

«Калі на мінулым тыдні на польскую тэрыторыю ўпала ракета, у выніку якой загінулі два чалавекі, некаторыя еўрапейскія лідары былі не менш занепакоеныя рэакцыяй польскага правага ўрада, як і магчымасцю таго, што гэта быў наўмысны ўдар з боку Расіі», – апісвае «Politico».

Як адзначаецца на сайце, «даўні недавер Польшчы да ўсяго расійскага і глыбокая непрыязнасць цяперашняга ўрада да Масквы выклікалі страх ад Бруселю да Берліна, што Варшава можа зрабіць што-небудзь паспешліва». «Аднак Варшава захавала спакой, прывяла свае ўзброеныя сілы ў стан баявой гатоўнасці, дазуючы інфармацыю ў чаканні, пакуль не стала зразумела, што здарылася», – чытаем.

«Параноя Польшчы наконт Расіі прымусіла яе адмовіцца ад пануючага ў большай частцы Еўропы пераканання, што звычайныя баявыя дзеянні засталіся ў мінулым. Замест гэтага краіна апынулася на шляху да таго, каб стаць самай магутнай сухапутнай сілай ЕС», – піша «Politico».

Гэта перамена, якая выклікала рэзананс у найважнейшага саюзніка Польшчы, ЗША. «Польшча стала нашым найважнейшым партнёрам у кантынентальнай Еўропе», – сказаў высокапастаўлены афіцэр арміі ЗША ў Еўропе, згадаўшы ключавую ролю Польшчы ў падтрымцы Украіны і ўмацаванні абароны NATO ў краінах Балтыі.

«Між тым Германія, традыцыйна галоўны саюзнік Амерыкі ў рэгіёне, застаецца апорай у якасці лагістычнага цэнтра. Аднак бясконцыя дэбаты Берліна аб тым, як «вылечыць войска, і адсутнасць стратэгічнай культуры перашкаджаюць яго эфектыўнасці ў якасці партнёра», дадаў чыноўнік.

У той час Польшча ўжо робіць значныя інвестыцыі. «Politico» нагадвае, што Варшава абвясціла аб павелічэнні выдаткаў на абарону з 2,4% валавага ўнутранага прадукту да 5 працэнтаў. Германія, якая ў мінулым годзе выдаткавала каля 1,5% ВУП на абарону, дыскутуе, ці зможа захаваць мэтавы паказчык NATO ў 2% ВУП.

Польшча ўжо мае больш танкаў і гаўбіц, чым у Германіі, і краіна на шляху да таго, каб мець значна большую армію – 300 тысяч салдат да 2035 г. У Германіі ў цяперашні час армія налічвае 170 тысяч чалавек.

ав/dorzeczy.pl