Беларуская Служба

Беларусы маюць пазітыўны вобраз на Захадзе

25.11.2022 13:07
Пры гэтым Лукашэнка ды беларускі рэжым асвятляцца як саўдзельнік расійскага агрэсара.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакhttps://newbelarus.vision/

Зазначаецца, што існуе рызыка паглынання Беларусі Расіяй. Беларуская нацыя атрымала суб'ектнасць на Захадзе і ў свеце. Гэта вынікае з новага даследавання Цэнтра новых ідэй.

Што замежныя медыя пішуць пра Беларусь? Якія беларускія асобы і падзеі цікавяць замежную аўдыторыю? Цэнтр новых ідэй прадставіў вынікі даследавання аб вобразе Беларусі ў замежных СМІ. Даследаванне базіруецца на якасным аналізе 10 000 артыкулаў у 17 замежных выданнях, а таксама на 8 якасных інтэрв’ю з журналістамі вядучых замежных медыя.

Апошнім часам пра Беларусь пісалі ў кантэксце вайны, нелегальнай міграцыі, і значна менш унутранай сітуацыі, дэмакратычных лідараў. Распавядае аўтарка даследавання, даследчыца ЦНІ, дактарантка Karlstad University Леся Руднік.

- У 2021-22 прэзентацыя Беларусі ў замежных СМІ фармавалася праз прызму вайны ва Украіне. Гэта адрозніваецца ад таго, як працавалі з апісаннем Беларусі ў мінулым годзе. Яшчэ летась журналісты звярталі ўвагу на парушэнне правоў чалавека, актыўнасць беларускай грамадзянскай супольнасці, асобу Ціханоўскай, дзейнасць беларускай апазіцыі. У гэтым годзе мы бачым іншую карціну. Самай частай сітуацыяй, у якой Беларусь апісвалася ў замежных медыя, быў міграцыйны крызіс, вайна, геапалітыка, і менш за ўсё ўнутраная палітыка Беларусі.

Цікаўнасць да Беларусі знізалася, рэакцыя скіраваная на асвятлення падзей ва Украіне, кажа аўтарка даследавання, дактарантка Virginia Tech University Кацярына Шмаціна.

- Беларусь не знаходзіцца ў топе прыярытэтаў замежных рэдакцый. Зрэдку трапляе ў фокус міжнароднай увагі. Падзеі апошніх 2 гадоў, пачынаючы з лета 2020 года, і далейшы ланцужок здарэнняў у рэгіёне паказалі, што Беларусь – гэта не нейкая важная тэма, а тое, пра што можна пісаць часам і зрэдку.

Журналістам мяшае асвятляць падзеі ў Беларусі адсутнасць інфармацыі ды пазбаўленне акрэдытацыі ўладамі.

- Цяпер абмежаваны доступ да інфармацыі. Сярод чыннікаў, якія мяшаюць асвятляць падзеі, згадвалі ціскі і рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў ды пазбаўленне акрэдытацыі замежных журналістаў. Беларусь з'яўляецца нішавай тэмай, для экспертаў, якія цікавяцца рэгіёнам. Гэта карысна разумець, каб не цешыць сябе меркаваннямі, што ўвесь свет глядзіць на Беларусь. Цікавы быў каментар ад прадстаўнікоў нямецкіх СМІ, што ў гэтай краіне тэма ўсходняй Еўропы раней увесь час асвятлялася праз лінзу значнасці Расіі. Гэта адлюстроўвае знешнепалітычныя прыярытэты Нямеччыны.

Даследаванне паказала важны трэнд у грамадскай свядомасці на Заходзе, што бачны пераход беларускага народа ў стан ахвяры і закладніка, казала рэцэнзентка даследавання, Non-Resident Fellow, CEPA Марыя Садоўская-Комлач.

- Галоўнае ў тым, што бачны важны трэнд пра пераход беларускага народа ды апазіцыі са стану суб'ектнасці ў стан аб'ектнасці. Як мінімум да пачатку вайны ва Украіне, што беларускі народ з таго, хто сам спрабаваў узяць уладу ў свае рукі, змяніць на лепшае будучыню, у большасці медыя паказваецца вельмі стандартна, як ахвяра рэжыму, ад каго нічога не залежыць. Толькі тыя, хто змагаюцца ва Украіне, дапамагаюць захаваць гэтую суб'ектнасць.

Беларусь не ёсць чымсьці важным, але да яе невялікі інтарэс застаецца, у асноўным у Еўропе. Даследчыкі канстатуюць, што на Захадзе ёсць разуменне, што трэба сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі час ад часу, і знікае погляд на краіну праз прызму Расіі.

Юры Ліхтаровіч