Беларуская Служба

Як не застацца выданнямі для эміграцыі? Беларускія недзяржаўныя медыя ва ўмовах вялікіх выпрабаванняў

25.11.2022 19:06
Чаму ўлады Беларусі так зацята ваююць супраць незалежных журналістаў?
Аўдыё
  • Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі адзначе, што зніжаецца ўзровень інфармаванасці беларусаў пра падзеі ва Украіне.
      .
Беларускія недзяржаўныя медыя працуюць у складаных умовах.Фота6 baj.by

Пераслед беларускіх недзяржаўных медыя не спыняецца. Днямі гродзенскі інтэрнэт-рэсурс Hrodna.life унеслі ў «пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Што гэта значыць для рэдакцыі і для чытачоў медыя?

За «экстрэмісцкае фарміраванне» могуць пакараць стваральніка, кіраўніка альбо ўдзельніка. Яго могуць асудзіць да 10 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 361−1 Крымінальнага кодэкса. За ўдзел у такім фарміраванні з мэтай здзяйснення злачынства могуць пакараць да шасці гадоў пазбаўлення волі (арт.361−3 КК).

За садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці – да сямі гадоў пазбаўлення волі, а за фінансаванне – да васьмі гадоў.

Таму супрацоўнікі рэдакцыі Hrodna.life тэрмінова днямі з’ехалі з Беларусі. Так, нават ва ўмовах штодзённых рэпрэсій людзі свядома імкнуцца заставацца на радзіме. Цяпер для рэдакцыі медыя паўстае складаная задача, як дапамагчы журналістам працаваць з-за мяжы, як арганізаваць іх побыт.

Hrodna.life – гэта незалежны медыяпраект найперш для жыхароў Гродзеншчыны. Журналісты не толькі стваралі якасны медыя-прадукт, распавядалі пра падзеі, жыхароў Гарадзеншчыны, яе гісторыю, але і шмат працавалі з мясцовай супольнасцю, стваралі кам’юніці аднадумцаў.

Раней у спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў» унеслі шэраг беларускіх незалежных СМІ: БелаПАН, «Наша Ніва», «Еўрарадыё», «Белсат», «Зеркало».

Чаму ўлады не спыняюць гэтую практыку?

– Практыка гэта і не спыніцца ў цяперашніх умовах, бо ўлады робяць усё, каб адарваць недзяржаўныя медыя ад аўдыторыі, каб людзі баяліся дзяліцца з незалежнымі медыя нейкімі фактамі, каб баяліся дзяліцца кантэнтам. І тое, і тое крытычна важна. Бо рэдакцыі медыя, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, не будуць мець крыніцаў. Калі людзі не чытаюць, не заходзяць, не дзеляцца, аўдыторыя звужаецца. Улады бачаць, што папулярнасць недзяржаўных медыя ёсць. Людзі шукаюць інфармацыю, але не могуць знайсці яе ў дзяржаўнай прапагандысцкай прэсе. Каб яшчэ больш запалохаць, выносяць жорсткія прысуды журналістам, прызнаюць экстрэмісцкімі фармаваннямі медыя. Тым, хто дасылае інфармацыю, фотаздымкі, пагражае да шасці гадоў зняволення за сам факт супрацоўніцтва.

Гэтыя рэпрэсіі не застаюцца бясследнымі. Людзі сапраўды жывуць у страху. Прачытаць незалежнае медыя, а тым больш падзяліцца артыкулам, даслаць інфармацыю, даць каментар рэдакцыі – трэба быць сапраўды мужным чалавекам. І для медыя ёсць вялікі выклік – як не застацца выданнямі для эміграцыі, як рабіць прадукт для беларускай аўдыторыі, – каментуе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Разам з тым супрацоўнікі гэтых рэдакцый выехалі з Беларусі з мэтаў бяспекі. І часта менавіта людзі ўнутры краіны становяцца вушамі і вачамі журналістаў, аднак гэта становіцца ўсё больш рызыкоўным.

Раней сацыёлаг Андрэй Вардамацкі заявіў, што зніжаецца ўзровень інфармаванасці беларусаў пра падзеі ва Украіне. Паводле апытання, якое было праведзенае ў жніўні гэтага года, пра тое, што адбываецца ва Украіне, паінфармаваныя 57,7% беларусаў. У траўні гэтая лічба складала 74,2%, сакавіку – 79,3%.

– Расійскі наратыў не толькі праходзіць у інфармацыйнае поле, але і пранікае ў свядомасць беларусаў. Наратыў, які даносяць дзяржаўныя СМІ, практычна супадае з афіцыйным расійскім наратывам. Гэта вялікі выклік для недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, на які трэба адказваць, – кажа Вардамацкі.

Сацыёлаг адзначыў, што гэта ў інтарэсах Расіі: «Крэмль хацеў бы, каб увага да вайны знізілася. Калі гэта адбудзецца, то, адпаведна, зменшыцца ціск на заходніх палітыкаў».

вх