Беларуская Служба

Якую тэхніку і ўзбраенне Польшча пастаўляе ва Украіну (ФОТА + ВІДЭА)

01.12.2022 16:16
«Краб», «Пёрун», баявыя і разведдроны – гэта толькі частка з шырокага спісу польскай тэхнікі і ўзбраення, якія дапамагаюць украінцам змагацца з захопнікамі.
Аўдыё
  • Якую тэхніку і ўзбраенне Польшча пастаўляе ва Украіну
PPZR Piorun
PPZR Pioruntwitter.com/mblaszczak

Тыдзень таму мы паведамлялі пра тое, што ва ўкраінскіх СМІ ўсё часцей з’яўляюцца рэдакцыйныя матэрыялы, у якіх вайскоўцы і эксперты пазітыўна выказваюцца пра самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Краб» польскай вытворчасці. Дальнабойная артылерыя, якую палякі перадалі ўкраінцам, эфектыўна дапамагае ўкраінскім абаронцам змагацца з захопнікамі. Але сваю радзіму ўкраінцы абараняюць таксама пры дапамозе іншай польскай зброі і тэхнікі.

Канешне, нумарам адзін сярод тэхнікі і ўзбраення «Made in Poland», якія знаходзяцца на ўзбраенні ўкраінскай арміі, з’яўляецца 155-міліметровая самаходная артылерыйская ўстаноўка «Краб».


Polskie armatohaubice Krab Polskie armatohaubice Krab

У канцы мая 2022 года СМІ паінфармавалі пра тое, што Польшча перадасць Украіне 18 самаходных артылерыйскіх установак «Краб» (тры батарэі), якія знаходзяцца на ўзбраенні Войска Польскага. Паводле паведамленняў, афіцыйная Варшава перадала «Крабы» бясплатна ў рамках мілітарнай дапамогі. Артустаноўкі трапілі ва Украіну ў чэрвені, у канцы месяца пачалі несці службу ў шэрагах Узброеных сіл Украіны. Акрамя таго, Польшча падрыхтавала 100 украінскіх артылерыстаў. Дарэчы, адной з батарэй украінскіх «Крабаў» камандуе жанчына-афіцэр.

А рабіць наводку для «Крабаў» і іншай артылерыі, у тым ліку ракетнай, ды карэкціраваць агонь украінцам дапамагаюць дроны вытворчасці польскай кампаніі WB Electronics. Фірма была заснаваная як цалкам прыватная кампанія ў 1997 годзе. У 2017 годзе 24% акцый фірмы купіў дзяржаўны Польскі фонд развіцця. Галаўны офіс фірмы знаходзіцца ў Ажараве Мазавецкім – гарадку-спадарожніку Варшавы. Пазней WB Electronics прыняла ўдзел у прыватызацыі некалькіх дзяржаўных польскіх прадпрыемстваў з галіны ВПК.

Фірма з Ажарава Мазавецкага выпускае сродкі сувязі, праграмнае забеспячэнне, камп’ютары і тэрміналы вайсковага прызначэння, сістэмы кіравання агнём, радары, сістэмы ўнутранай сувязі, разведвальныя дроны і ўдарныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы Warmate. Дарэчы, гэтыя комплексы таксама прымяняюцца ўкраінцамі ў змаганні супраць расіян. Пра прымяненне іх шмат невядома, але дакладна вядома, што ў ліпені два боепрыпасы Warmate нанеслі ўдар па тэрыторыі Запарожскай электрастанцыі, знішчыўшы расійскія рэактыўныя сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град». Па ліцэнзіі польскія комплексы Warmate выпускаюцца ва ўкраінскім Чарнігаве з 2016 года. WB Electronics мае таксама свой завод у Кіеве.


A Polish-made Warmate drone. A Polish-made Warmate drone.

Акрамя Польшчы і Украіны, Warmate знаходзяцца на ўзбраенні ў Турцыі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Іншай вядомай польскай зброяй, якая дапамагае ўкраінцам змагацца з захопнікамі і якую ўкраінскія ваяры хваляць, з’яўляецца пераносны зенітна-ракетны комплекс «Пёрун». Ён прызначаны для барацьбы з нізка лятучымі цэлямі: самалётамі, верталётамі і БЛА. ПЗРК выпускае завод Mesko, які знаходзіцца ў невялікім горадзе Скаржыска-Каменна ў Свентакшыскім ваяводстве ў цэнтральнай Польшчы. Распрацоўка комплексу пачалася ў 2010 годзе і працягвалася некалькі гадоў.


Zestawy Piorun przeznaczone są do zwalczania nisko lecących statków powietrznych (samoloty, śmigłowce, drony). Zestawy Piorun przeznaczone są do zwalczania nisko lecących statków powietrznych (samoloty, śmigłowce, drony).

У Войска Польскае першыя «Пёруны» трапілі на ўзбраенне ў 2019 годзе. Распрацоўваўся комплекс спецыялістамі завода пры дапамозе дзяржаўных ваенна-навуковых інстытутаў. Прадпрыемства Mesko ўваходзіць у склад дзяржаўнага Польскага абароннага холдынгу. Першапачаткова Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы заказала 420 комплексаў і 1 тыс. 300 ракет для Войска Польскага. У чэрвені сёлета польская армія дадаткова купіла 3 тыс. 500 ракет і 600 пускавых механізмаў. Цана адной ракеты складае каля 130 тыс. еўра.

Польскія «Пёруны» аказаліся настолькі добрай распрацоўкай і дасканала сябе зарэкамендавалі на полі бою, што, акрамя Польшчы і Украіны, комплексы купіла Эстонія, Злучаныя Штаты Амерыкі, а на днях – таксама Нарвегія. «Пёрунамі» ўкраінцы эфектыўна збіваюць расійскія БЛА і авіяцыю, у тым ліку бамбавікі Су-34 і штурмавікі Су-25, а таксама верталёты Мі-24 і ўдарныя верталёты Ка-52.

Акрамя таго, паводле неафіцыйнай інфармацыі, украінскія ваяры таксама атрымалі сучасныя польскія модульныя аўтаматы «Грот».

Трэба таксама дадаць, што акрамя згаданых відаў сучаснай зброі, Польшча пастаўляе ва Украіну таксама зброю і тэхніку старэйшага пакалення. Гэта, у прыватнасці, ручныя супрацьтанкавыя гранатамёты RPG-76 Komar, кіраваныя ракеты Р-73 для ўкраінскіх самалётаў МіГ-29, БМП, гранатамёты RGP-40, палкавыя самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі 2С1 «Гваздзік», рэактыўныя сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град, мінамёты і танкі Т-72. Частка тэхнікі і зброі паходзіць з армейскіх складоў. Дарэчы, інфармацыя пра пастаўкі некаторых відаў узбраення з Польшчы ва Украіну мае неафіцыйны характар, а бакі не раскрываюць колькасці, свосабаў паставак і іншых падрабязнасцяў.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл