Беларуская Служба

У галіне дэзынфармацыі ў Расіі ёсць поспехі, але ўкраінцы знайшлі супрацьяддзе

19.01.2023 15:04
Палякі стараюцца пераймаць вопыт украінцаў.
Аўдыё
  • Як супрацьдзейнічаць расійскай дэзынфармацыі
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneIvan Marc/shutterstock.com

Расійская прапаганда ўжо шмат гадоў актыўна займаецца ўкраінскай тэматыкай, распавядаючы, які антычалавечы рэжым засеў ва ўрадавым квартале ў Кіеве. Калі пачалася вайна і Польшча актыўна заступілася за Украіну, прапагандысты, як расійскія, так і беларускія, пачалі больш увагі надзяляць і Польшчы. Што цікава, версіі прапаганды бываюць супярэчлівыя – раз Польшча вось-вось нападзе на Беларусь, а іншым разам кажуць, што з Польшчы масава выязджаюць мужчыны, бо баяцца нападзення з усходу. Аднак гэта прадуманая тактыка, якая разлічаная на розныя групы атрымальнікаў інфармацыі, – адзначае старшыня Фундацыі INFO OPS Каміль Басай (Kamil Basaj).

- Атрымальнікамі многіх інфармацыйных аперацый з’яўляюцца жыхары тых краін свету, на якія нашы супернікі маюць большы ўплыў. Гэта Блізкі Усход, Афрыка, Лацінская Амерыка, Азія. У гэтых дзяржавах матэрыялы, здымкі з польска-беларускай мяжы выкарыстоўваюць дзеля таго, каб прадставіць Польшчу ў негатыўным святле. Беларуская і расійская прапаганда дзейнічаюць разам, плануюць свае крокі далёка наперад. Расійская прапаганда хлусіць пра намеры Польшчы заняць заходнюю частку Украіны або Беларусі. Ёсць таксама шырокая кампанія, якая прадстаўляе масавы ўдзел польскіх наёмнікаў на вайне ва Украіне. Паводле расійскай і беларускай нарацыі, яны – гвалтаўнікі і марадзёры. Тое, што робяць расійскія салдаты, прыпісваюць палякам. Украінцы назвалі гэта «інфармацыйным алібі». Гэта значыць, тое, што робяць расіяне на акупаванай тэрыторыі, прыпісваюць або ўкраінскаму, або польскаму боку. Акупанты праводзяць індактрынацыю ўкраінскіх палонных і мірных жыхароў, прадстаўляючы Польшчу ў негатыўным кантэксце – як дзяржаву, якая імкнецца захапіць украінскія землі. Гэтая нарацыя вядзецца на розных плоскасцях, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Такім чынам расійская прапаганда рыхтуе грамадства да доўгатэрміновай вайны.

Паводле славутых словаў Лукашэнкі, натаўскія танкі ўжо даўно «лязгаюць гусеніцамі» на беларускай мяжы і збіраюцца захапіць Гарадзеншчыну. Як польскія вайскоўцы адказваюць і ці агулам адказваюць на гэтыя бязглуздыя выказванні? Няма сэнсу рэагаваць на кожны фэйкньюс, паколькі тады непраўдзівая інфармацыя хутчэй разыходзіцца. Значна больш небяспечным з’яўляецца выкарыстанне супернікам інтрэнет-тролінгу, – кажа прэс-сакратар 18-ай механізаванай дывізіі Войска Польскага Пшэмыслаў Ліпчыньскі (Przemysław Lipczyński).

- Калі гаворка ідзе пра дэзыінфармацыю, накіраваную супраць канкрэтных асоб, карыстаюцца як правіла фэйкньюсамі. Калі фэйкньюс не пашырыцца ў інфармацыйнай парсторы, ён не здолее дасягнуць сваёй мэты. Другі спосаб – інтэрнет-тролінг – значна больш небяспечны, паколькі вельмі цяжка ідэнтыфікаваць аўтара. Нам удалося стварыць такую сістэму, якая перадухіляе пашырэнне фэйкньюсаў – мы заўсёды адкрыта гаворым, чым займаемся і як выглядае наша праца. Найлепшы спосаб супрацьдзейнічаць дэзынфармацыі – адкрыта камунікаваць з грамадствам. У інфармацыйнай прасторы не можа быць вакууму, ён хутка будзе запоўнены. На маю думку, неабходна ўвесь час утрымліваць сувязь з атрымальнікамі інфармацыі.

Украінская дзяржава сутыкнулася з расійскай адмоўнай прапагандай шмат гадоў таму, яшчэ перад анексіяй Крыму. А перад поўнамаштабным уварваннем кампанія па дэзынфармацыі стала яшчэ больш агрэсіўнай. Як ва Украіне адказваюць на гэты выклік? У 2021 годзе прэзідэнт Уладзімір Зяленскі стварыў Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі, гэта таксама важная галіна дзейнасці ўкраінскіх спецслужбаў. Украінскія метады вельмі эфектыўныя, – падкрэслівае экспертка Польскага інстытуту міжнародных спраў Марыя Пехоўска (Maria Piechowska).

- Што самае важнае і эфектыўнае? Ясная, паслядоўная інфармацыйная палітыка. Украінцы – майстры ў дадзенай галіне. Ім удалося стварыць вобраз Уладзіміра Зяленскага як героя, які амаль што ў адзіночку змагаецца са злом. Усе ўкраінскія тэлеканалы з пачаткам вайны пачалі весці адзіны тэлемарафон, таму ўся інфармацыя вельмі паслядоўная. Усе гэтыя мемы, якімі захапляецца свет, таксама з’яўляюцца элементам інфармацыйнай палітыкі. Расійская прапаганда пераконвала слухачоў, што ўкраінцы сустрэнуць расіян з кветкамі. А ўкраінцы адказалі на гэта відэа, у якім украінская бабуля збіла расійскі дрон слоікам. Такім чынам украінцы пака залі, што нават бабулі змагаюцца з ворагам. Такія гумарыстычныя элементы часам ёсць таксама ў афіцыйных зводках. Напрыклад, у адказ на прапанову расіян аб’явіць перамір’е на праваслаўныя Каляды ўкраінцы адказалі, што хаймарсы святкавалі ў снежні, і таму яны цяпер не могуць адпачываць. Калі казаць пра адносіны да Польшчы, то тут расійскай дэзынфармацыі не ўдаецца дасягнуць сваіх мэтаў і прадставіць Польшчу ворагам украінцаў. Наадварот, Польшча лічыцца сябрам, напрыклад, улады Украіны распаўсюджваюць плакаты, на якіх дзякуюць прэзідэнту Польшчы. Гэта таксама барацьба з дэзынфармацыяй – паказваць, што Польшча – сябар Украіны.

Дзеля эфектыўнай барацьбы з дэзынфармацыяй вельмі важная адукацыя – значна цяжэй прамываць мазгі адукаванаму грамадству. Трэба таксама адкрыта адказваць на ўсе боязі людзей, прадстаўляць ім свае погляды і дзейнасць, чым павінны займацца ўсе дзяржаўныя ўстановы. А пра пагрозы, звязаныя з расійскай і беларускай прапагандай, разважалі эксперты і запрошаныя госці на канферэнцыі Польскага інстытуту міжнародных спраў.

нг