Беларуская Служба

Гісторык пра беларусаў у Сейме: Калі б была воля кампрамісу, Польшча магла б атрымаць беларускі П’емонт

23.01.2023 18:25
Роўна 100 гадоў таму, 23 студзеня 1923 года, прадстаўнік Беларускага пасольскага клубу Браніслаў Тарашкевіч выступіў з першай прамовай з сеймавай трыбуны.
Аўдыё
  • Беларускі пасольскі клуб у польскім Сейме
  .  ( ):  1-   . , . , . ;  2-   . , . , . , . , . ; : . , . , . , . -, . . . 1923
Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А. Аўсянік, Ф. Ярэміч, П. Валошын; у 2-м радзе — В. Багдановіч, М. Кахановіч, Б. Тарашкевіч, А. Назарэўскі, А. Уласаў; стаяць: В. Рагуля, С. Якавюк, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла. Варшава. 1923фота: Куфэрак Віленшчыны / М. Казлоўскі. — Маладзечна: 2007. — № 1 (12). — С. 16. Unknown author

У перыяд міжваеннай Польшчы ў парламенце дзяржавы дзейнічаў Беларускі пасольскі клуб – аб’яднанне дэпутатаў – прадстаўнікоў беларускай меншасці, якія выступалі ў абарону правоў беларусаў Польшчы. Роўна 100 гадоў таму, 23 студзеня 1923 года, прадстаўнік клубу Браніслаў Тарашкевіч выступіў з першай прамовай з сеймавай трыбуны.

Беларускі пасольскі клуб (БПК) быў створаны ў лістападзе 1922 года, у яго ўвайшлі паслы ў Сейм ад Наваградчыны, Гродзеншчыны, Беласточчыны, Піншчыны ды іншых беларускіх зямель. У складзе клубу было 11 дэпутатаў. Пра іх дзейнасць і рознагалоссі з іншымі дэпутатамі мы папрасілі расказаць кіраўніка Варшаўскай суполкі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўгена Дудкіна, які піша доктарскую дысертацыю ў Польскай Акадэміі Навук на тэму беларускіх дэпутатаў у міжваеннай Польшчы.

- Яны баранілі перш за ўсё сацыяльныя і нацыянальныя правы. Пытанне аграрнае, якое вельмі хвалявала беларускіх сялян і пытанне стварэння беларускіх школ, а таксама пытанне войска і магчымасці карыстацца беларускай мовай у органах улады. Польскія правыя партыі з падазрэннем глядзелі на Беларускі пасольскі клуб, паколькі гэтыя дэпутаты ішлі з прадстаўнікамі іншых нацменшасцяў, яны разам атрымалі другое месца ў парламенце – гэта была пагроза для стварэння монаэтнічнай Польшчы. Правыя разумелі, што гэтыя нацменшасці маглі выкарыстаць бальшавікі, што, дарэчы, пазней і сталася. Большасць у БПК былі сацыялісты, што напружвала польскіх нацыяналістаў.

Кіраўніком Беларускага пасольскага клубу на той час быў Браніслаў Тарашкевіч – не толькі палітык, але і філолаг, прыхільнік нацыянальнага адраджэння, патрыёт Беларусі. І менавіта ён выступіў з першай прамовай ад імя Беларускага клубу 23 студзеня 1923 года. На думку нашага госця, у прамове не хапала пазітыўнага элементу.

- Спадар Браніслаў пачаў з прамаўлення крыўдаў, выказаў заўвагі пра рэпрэсіі, якія чынілі польскія ўлады. Мне здаецца, што гэта не лепшы падыход, каб навесці масты. Канешне, былі праблемы, чыноўнікі, якія парушалі закон, але, каб знайсці саюзнікаў у парламенце, дзе БПК складаў толькі 3%, трэба было пайсці шляхам кампрамісаў, сказаць, што Польшча магла бы атрымаць ад таго, што падтрымае беларускі бок. Усё выступленне – гэта было апавяданне крыўдаў у адносінах польскага боку, хаця ў 1919-1920 гг. польскі бок фінансаваў беларускія школы, беларускую газету ў Мінску. Беларускія палітыкі былі недальнабачныя. Сярод патрабаванняў была між іншым перадача зямлі сялянам. Польскія памешчыкі на гэта б не пайшлі. Такі сацыялістычны спосаб вырашэння праблемы напружваў палякаў. Тут можна было знайсці формулу кампрамісу, каб Польшча магла атрымаць той беларускі П’емонт, які б у будучым адыграў ролю прыцягнення беларусаў у Польшчу як адданых грамадзян і прыцягнення тых зямель, якія засталіся ў БССР. Магчыма, рэалізацыя ідэі Пілсудскага па стварэнні дзяржаў Літвы, Беларусі і Польшчы як саюзнікаў магла б прадухіліць нападзенне Савецкага Саюзу на Польшчу ў 1939 годзе.

Трэба сказаць, што лёс аўтара прамовы – Браніслава Тарашкевіча, на жаль, склаўся трагічна. За сваё захапленне камуністычнымі ідэямі і адпаведную дзейнасць, ён трапіў у польскую турму, быў абменены на Францішка Аляхновіча, пазней арыштаваны ў Савецкім Саюзе на хвалі сталінскіх рэпрэсіяў і расстраляны. А канцэпцыя Юзафа Пілсудскага, пра якую згадвае Яўген Дудкін, зноў папулярная ў Польшчы. Многія польскія палітыкі кажуць пра магчымасць вяртання да ідэі хаўрусу народаў Польшчы, Літвы, Беларусі ды Украіны. Такі хаўрус мог бы супрацьстаяць магутным суседзям, у тым ліку Расіі. Аднак беларусы не могуць толькі патрабаваць, яны павінны навучыцца самі нешта прапанаваць ды ісці на кампрамісы – мяркуе наш суразмоўца.

- Так, канцэпцыя адраджаецца. Пытанне, што мы можам сёння зрабіць і што можам прапанаваць сваім саюзнікам. Калі мы толькі патрабуем і нічога не прапануем узамен, гэта дзіцячы эгаізм. Але калі мы ставім у цэнтр нацыянальнае пытанне, дыялог паміж рознымі групамі насельніцтва, мы прыходзім да кампрамісу і становімся больш адказнымі.

Размаўляла Наталля Грышкевіч

Слухайце аўдыё