Беларуская Служба

У Польшчы ў школах вучацца 26 тысяч дзяцей з Беларусі. Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага кабінету сустрэліся з беларусамі Варшавы

24.01.2023 10:38
Адкрытая сустрэча з лідарам дэмакратычнай апазіцыі Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінета, на якую маглі прыйсці ўсе ахвотныя, адбылася ў Варшаве.
        .
Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага кабінету сустрэліся з беларусамі Варшавы.Фота: Radyjo.net

Прысутных цікавілі практычныя пытанні: легалізацыя ў Польшчы, дапамога палітвязням, падтрымка байцоў беларускага добраахвотнага Палка імя Каліноўскага.

Аліна Коўшык, адказная за нацыянальнае адраджэнне ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, паведаміла што цяпер у польскіх школах навучаюцца 26 тысяч беларускіх дзяцей. Ідуць перамовы з Міністэрствам адукацыі Польшчы аб стварэнні ў Варшаве школы з беларускай мовай навучання.

Алесь Лозка, старшыня ліквідаванага летась у Беларусі «Таварыства беларускай школы», цяпер кіруе праектам дадатковага навучання ў Варшаве «Беларуская школа», падчас сустрэчы паведаміў, што ў польскіх школах з’явіцца магчымасць вывучаць украінскую мову як замежную ў сувязі з вялікай колькасцю дзяцей з Украіны, якія цяпер жывуць у Польшчы.

Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага кабінету сустрэліся з беларусамі Варшавы. Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага кабінету сустрэліся з беларусамі Варшавы.

На што Аліна Коўшык сказала, што ёсць папярэдняя дамоўленасць наконт таго, каб у школе была магчымасць вывучаць беларускую мову як замежную з умоваю, што ў класе навучаецца не менш за сем дзяцей, якія гэтага хацелі б. Таксама ёсць план стварыць суботнія беларускія школы ў розных гарадах Польшчы.

Павел Латушка, адказны за транзіт улады ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, нагадаў, што Еўрапейская камісія прыняла рашэнне выдаткаваць 4 млн еўра на падтрымку беларускай культуры за мяжою. Але сродкаў пакуль няма. Гэтыя грошы выдзеленыя на два гады. Чакаецца, што ў хуткім часе будзе абвешчаны конкурс праектаў, то бок рэгрантынг, якія будуць прэтэндаваць на фінансаванне ў межах гэтай падтрымкі. Латушка мяркуе, што прыярытэтам падтрымкі мусіць быць Купалаўскі тэатр у выгнанні, бо яны працуюць сістэмна, у той час як іншыя ініцыятывы будуць падаваць разавыя праекты.

Прысутных цікавілі практычныя пытанні, напрыклад, разблакаванне рахункаў беларусаў ва Украіне. Пасля пачатку вайны большасць грамадзян Беларусі, якія жылі ва Украіне, сутыкнуліся з тым, што іх рахункі, сродкі на іх былі заблакаваныя. Офіс Ціханоўскай звяртаўся да Службы бяспекі Украіны з просьбаю разблакаваць рахункі, дапамагаў з верыфікацыяй людзей.Але працэс ідзе вельмі павольна, заўважыў Валерый Кавалеўскі, адказны за замежныя справы.

Офіс стварае міжнародны фонд, сродкі якога будуць ісці на падтрымку палітзняволеных

Святлана Ціханоўская расказала пра рэабілітацыю палітвязняў, якія выходзяць на свабоду. Таксама яна паведаміла, што Офіс стварае міжнародны фонд, сродкі якога будуць ісці менавіта на падтрымку палітзняволеных. Павел Латушка сказаў, што Цяпер істотна скарацілася колькасць ахвяраванняў у фонды, якія падтрымліваюць палітзняволеных, родных палітзняволеных. Таму задача вывесці працу на іншы ўзровень праз стварэнне міжнароднага фонда.

Валерый Сахашчык, адказны за абарону і нацыянальную бяспеку, распавёў, што цяпер Аб’яднаны кабінет дапамагае зарэгістраваць асацыяцыю ветэранаў вайны ва Украіне. Вядома, што беларускія добраахвотнікі, якія перасталі ваяваць, застаюцца сам насам са сваімі праблемамі – псіхалагічнымі, праблемамі са здароўем, эканамічнымі і гэтак далей. Па словах Сахашчыка, былі праведзеныя перамовы з прадстаўнікамі ўлады Украіны, яны абяцалі, што беларускія добраахвотнікі будуць мець выплаты, ільготы такія ж, як і вайскоўцы Узброеных сілаў Украіны. Праўда, пакуль пра канкрэтныя вынікі не вядома.

Таксама, па словах Сахашчыка, ёсць дамова са шпіталем у Варшаве Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, наконт рэабілітацыі і лячэння беларускіх добраахвотнікаў.


Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага кабінету сустрэліся з беларусамі Варшавы. Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага кабінету сустрэліся з беларусамі Варшавы.

вх