Беларуская Служба

Рэдактар NaWschodzie.eu: Прастора для манеўраў у Мінска малая, але ў некаторых пытаннях ён зʼяўляецца «вентылем»

31.01.2023 12:50
Лукашэнка лавіруе паміж Крамлём і Захадам. Нягледзячы на жорсткую рыторыку, Беларусь па-ранейшаму не ўступае ў вайну супраць Украіны.
 .
Аляксандр Лукашэнка. Shutterstock/ Asatur Yesayants

Кіеў таксама не разарваў стасункаў з Мінскам, нягледзячы на тое, што ракеты ляцяць ва Украіну з тэрыторыі гэтай краіны, а ўкраінская армія захоўвае вялікія сілы, каб адбіць патэнцыйную атаку з поўначы, кажа рэдактар Барташ Тэслаўскі (Bartosz Tesławski), шэф NaWschodzie.eu, у інтэрв'ю BiznesAlert.pl.

Барташ Тэслаўскі звяртае ўвагу на складаную эканамічную сітуацыю ў Беларусі. Бюджэт на 2023 год прадугледжвае дэфіцыт у 3 мільярды беларускіх рублёў, а 5 мільярдаў у бюджэце, хутчэй за ўсё, забяспечаны крэдытам або ахвяраваннем з боку Расіі. Гэта значыць, што Мінску не хапае 8 мільярдаў беларускіх рублёў для збалансавання бюджэту, а гэта больш за 20 працэнтаў ад агульнага бюджэту Беларусі.
Санкцыі, асабліва ўведзеныя супраць Беларусі ў 2021 годзе пасля прымусовай пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам, фактычна душаць беларускі экспарт, а абмежаванні, уведзеныя пасля 24 лютага 2022 года, робяць эканамічную сітуацыю, хутчэй за ўсё, галоўным клопатам Мінска.

Барташ Тэслаўскі гаворыць, што праца ў кірунку зняцця санкцый – гэта тое, што павінна стаць галоўнай задачай дыпламатыі Сяргея Алейніка.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка, безумоўна, усведамляе, што ніякага паказнога дыстанцыявання ад Расіі, не кажучы ўжо пра фактычнае, ён сабе дазволіць не можа. Беларусь застаецца залежнай ад фінансавай кропельніцы з Расеі, але яна можа з часам спыніцца, калі праблемы расейскай эканомікі пачнуць абвастрацца.

«Я мяркую, што эканамічная сітуацыя можа выліцца ў рост эміграцыі, але хутчэй не прывядзе да выхаду беларусаў на вуліцы. Памяць пра падаўленне пратэстаў 2020 года ўсё яшчэ жывая, і на дадзены момант толькі ўступленне Беларусі ў вайну з Украінай можа стаць дастатковым штуршком для выбуху адкрытых пратэстаў», – выказвае сваю думку Барташ Тэслаўскі, шэф NaWschodzie.eu.

«Я мяркую, хоць Кіеў гэта пакуль катэгарычна выключае, што Захад разлічвае на магчымасць нейкага пасярэдніцтва Беларусі ў вядзенні мірных перамоваў, альбо таксама, што больш мяккая пазіцыя ў дачыненні да Мінска пры жорсткай да Масквы павінна быць сігналам для Беларусі, што ў выпадку ўступлення ў вайну іх сітуацыя можа пагоршыцца. Былі моманты, калі Беларусь давала сігналы, што хоча захаваць пазіцыю ў гэтым канфлікце нейтралітэту, вядома, з улікам таго, што яна без абмежаванняў аддае ў распараджэнне расійскай арміі свае аэрапорты і палігоны. Былі звесткі, што Мінск дапамагаў Польшчы ў пастаўках вугалю, пра гэта казаў Яраслаў Качыньскі, або што, паводле аднаго са сцэнароў, экспарт украінскага збожжа павінен адбывацца з літоўскіх партоў па Беларускай чыгунцы. Прастора для манеўраў у Мінска малая, але відавочна, што ў некаторых пытаннях ён зʼяўляецца «вентылем», – каментуе Барташ Тэслаўскі бягучыя падзеі.

вх