Беларуская Служба

Беларускі рэжым асудзіў «завочна» сваіх апанентаў

07.03.2023 11:14
Былая кандыдатка ў прэзідэнты ды лідары дэмакратычных сіл атрымалі разам 69 гадоў турмы.
Аўдыё
  • Лукашэнка помсціць сваім палітычным сапернікам
Ілюстрацыйны здымакВясна / Правы чалавека ў Беларусі/https://t.me/viasna96

Лукашэнкаўскі «суд» іх патрабаванне справядлівых і не сфальсіфікаваных выбараў палічыў «змовай з мэтай захопу ўлады». Працэс адбываўся завочна. На гэтым пераслед палітычных апанентаў Лукашэнкі ў Беларусі не спыніцца.

У Беларусі вынесены прысуд Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку, Вользе Кавальковай, Марыі Мароз, Сяргею Дылеўскаму. Лукашысты судзілі іх за «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фармавання, публічных закліках да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды бяспецы Беларусі ды распальванні сацыяльнай варожасці». Дадаткова Святлану Ціханоўскую абвінавацілі ў тым, што «у Літве, яна абвясціла сябе пераможцай прэзідэнцкіх выбараў і адзіным нацыянальным лідарам».

Справу разглядаў суддзя Пётр Арлоў, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў Міхаіл Кавалёў. У выніку «суддзя» прызначыў Святлане Ціханоўскай 15 гадоў калоніі, Паўлу Латушку 18 гадоў калоніі, Вользе Кавальковай, Марыі Мароз і Сяргею Дылеўскаму па 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму «завочна». У звязку з тым, што ўсе фігуранты справы знаходзяцца за мяжой, і лукашысты не могуць да іх дацягнуцца, «суд» пакінуў пад арыштам іх маёмасць. У Латушкі забралі зямельны ўчастак і жылы дом, грошы на банкаўскіх рахунках. У астатніх таксама арыштаваныя кватэры, аўтамабілі ды грошы на рахунках.

Святлана Ціханоўская пракаментавала вырак у Тэлеграм-канале наступным чынам: «...Я і дэмакратычныя сілы рабілі і працягнем рабіць усё магчымае, каб вызваліць нашых палітычных зняволеных і прывесці нашую краіну да дэмакратычных перамен. … І я не хачу думаць пра рэжымных чыноўнікаў, суддзяў, пракурораў. Тых, хто выконвае гэтыя злачынствы. Няхай яны лепш падумаюць пра сябе самі: бо Лукашэнка не стане абараняць іх у сапраўдным, незалежным судзе, для якога беларускія юрысты ўжо сабралі дастатковую колькасць сведчанняў».

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр назвала вынесены прысуд «здзекам з права».

- Вельмі шкада, што існуюць такія суддзі і пракуроры, якія замест таго, каб займацца рэальнай юрыдычнай працай на карысць грамадства, зараз выдумляюць нейкія справы ў дачыненні да людзей, якія змагаюцца за дэмакратычныя перамены ў Беларусі. Але дзякуй вам за вашыя подпісы ў працэсуальных дакументах, бо яны стануць вельмі добрай падставай для прыцягнення вас да адказнасці за здзейсненыя злачынствы супраць чалавечнасці.

У сваю чаргу Павал Латушка зазначыў, што неўзабаве ў Беларусі адбудзецца сапраўдны суд над Лукашэнкам ды яго памагатымі.

- Ці ёсць у Беларусі суд? Не, гэта лукашэнкаўскае судзілішча. Я буду працягваць змагацца за свабодную дэмакратычную Беларусь, дзе не будзе палітычных вязняў. Гэты прысуд даў мне яшчэ больш зарад ад барацьбы. Я не суддзя, каб рашаць, якія ў будучыні будуць вынесеныя выракі ў дачыненні да тых, хто сёння здзяйсняе злачынствы. Нешта мне даказвае, што неўзабаве на месцы абвінавачаных будуць сядзець Лукашэнка з усімі сваімі памагатымі на адкрытым судзе. Тэрмін, які пачуе дыктатар будзе нашмат больш, чым 18 год.

У самой Беларусі вынесены прысуд не выклікаў масавай рэакцыі. Грамадства запалоханае рэпрэсіямі ды баіцца пратэставаць, але пра стаўленне людзей можа сведчыць той факт, што беларусы адмовіліся купляць кватэру Ціханоўскага, якую лукашысты выставілі на таргі. У Мінску мусіў адбыцца аўкцыён па продажы трохпакаёвай кватэры, якая належыць Сяргею Ціханоўскаму. Таргі не адбыліся – не знайшлося ахвотных набыць яе.

Юры Ліхтаровіч