Беларуская Служба

Віцэ-міністр абароны: Калі Расія паглыне Беларусь, мяжа з агрэсіўнай Расіяй значна падоўжыцца

10.03.2023 13:07
Таму, на думку міністра, у польскай арміі павінна быць 300 тыс салдат.
 .
Ілюстрацыйны здымак. Знішчаны расійскі танк ва Украінефота: Aleksandrkozak/Shutterstock

На сайце Defence24.pl пятнічны агляд СМІ. У прыватнасці, прыводзіцца цытата з выдання Dziennik Gazeta Prawna – з інтэрв’ю з намеснікам міністра нацыянальнай абароны Польшчы Марцінам Ацепам (Marcin Ociepa). «Мы павінны інвеставаць ва ўстойлівасць грамадства і дзяржаўных структур. Мы павінны разумець, што супраць нас магчымыя акты агрэсіі на мяжы вайны.

А калі Расія фармальна паглыне Беларусь, мы будзем мець з ёй значна даўжэйшую мяжу, а сітуацыя Сувалкскага калідору стане яшчэ больш небяспечнай. Таму ў нашай арміі павінна быць 300 тыс салдат. Таму будуць створаныя дзве новыя дывізіі, якія ўзмоцняць наш патэнцыял стрымлівання на беларускім напрамку, адсюль набыццё вялікай колькасці танкаў і артылерыі, у тым ліку ракет. Уступленне Швецыі і Фінляндыі ў НАТА – гэта для нас добрая навіна, паколькі яно падоўжыць мяжу пакта з Расіяй на 1,3 тыс кіламетраў, што будзе скоўваць сілы Крамля на фінскім напрамку».


Наступная цытата – з выдання Wirtualna Polska: інтэрв'ю з доктарам Маркусам Кейпам (Markus Keupp), выкладчыкам Ваеннай акадэміі ў Цюрыху на тэму вайны ва Украіне.

Масква прайграе вайну – і апынецца перад выбарам: альбо сысці, альбо армія будзе знішчана, – падкрэслівае навуковец. Расія будзе дзейнічаць пад нарастаючым прэсінгам. Калі армія Пуціна не здолее правесці эфектыўнага наступу да канца сакавіка, то стане ахвярай украінскага контрнаступу. Навуковец таксама ўказвае на Польшчу як на краіну, па слядах якой павінны ісці іншыя. «Польшча ведае, што мае справу з агрэсіўнай Расіяй і агрэсіўнай Беларуссю. Варшава вырашыла хутка ўзброіцца, заключыла дамовы з Карэяй. На мой погляд, гэта было адзінае правільнае рашэнне», – лічыць навуковец.

нг