Беларуская Служба

Украіна не раскрывае рэальных страт нават саюзнікам. Washington Post пра «сур'ёзны выклік»

14.03.2023 11:54
Украінская армія знясіленая больш чым за год баёў, таму правядзенне анансаванага вясновага контрнаступлення можа стаць сурʼёзнай праблемай, піша Washington Post.
Wołodymyr Zełenski
Wołodymyr Zełenski Facebook/Володимир Зеленський

Паводле ацэнак заходніх аналітыкаў, Украіна на дадзены момант страціла ў вайне з Расіяй каля 120 тысяч салдат забітымі і параненымі, а колькасць страт у расіян дасягае 200 тысяч. Аднак колькасна меншая ўкраінская армія знясіленая больш чым за год баёў, таму правядзенне анансаванага вясновага контрнаступлення можа стаць сурʼёзнай праблемай, піша Washington Post.

Улады ў Кіеве замоўчваюць рэальныя маштабы баявых страт, не паведамляючы іх нават саюзнікам на Захадзе. Аднак у прыватных размовах украінскія камандзіры прызнаюць, што ў апошнія месяцы войска вымушана выкарыстоўваць нявопытных салдат тэрміновай службы, а рэсурсаў узбраення, нягледзячы на ​​значную дапамогу замежных партнёраў, не хапае. У прыватнасці, адчуваецца дэфіцыт артылерыі і мінамётаў, гаворыцца ў панядзелкавым аналізе амерыканскай газеты.

«Самае каштоўнае на вайне – гэта баявы вопыт. Салдат, які вытрымаў паўгода баёў, і салдат, які прыйшоў з вучэнняў на палігон, – гэта два розныя салдаты. Гэта як неба і зямля», – цытуе WP аднаго з украінскіх камандзіраў. Іншыя суразмоўцы штодзённіка падкрэслівалі, што абяцаныя пастаўкі заходніх узбраенняў, асабліва танкаў, былі толькі «сімвалічнымі».

Асабліва востра гэтыя цяжкасці могуць паўстаць у выпадку правядзення наступальных аперацый. «У нас няма (дастаткова) ні людзей, ні (адэкватнай) зброі. Прапорцыі вядомыя – калі атакуеш, губляеш у два-тры разы больш салдат, чым калі абараняешся. Мы не можам дазволіць сабе такія страты», – сказаў адзін з украінскіх чыноўнікаў на ўмовах ананімнасці.
Некаторыя аглядальнікі, аднак, ацэньваюць сітуацыю куды больш аптымістычна, падкрэсліваючы, што Расія сутыкнулася з яшчэ больш сур’ёзнымі цяжкасцямі. Як паведаміла крыніца WP ва ўладных структурах Вашынгтона, Украіна цяпер наўмысна не адпраўляе ўсе свае войскі на фронт, рыхтуючыся да вясновага контрнаступлення. На думку інфарматара штодзённіка, гэта адбываецца нават нягледзячы на ​​тое, што жорсткія баі за Бахмут ідуць на Данбасе са жніўня мінулага года.

Аналагічнае меркаванне выказаў кіраўнік Офіса (Канцылярыі) прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак. «Я не думаю, што мы вычарпалі свой патэнцыял. Я думаю, што ў кожнай вайне (калі-небудзь) надыходзіць час, калі трэба падрыхтаваць новыя рэсурсы. Гэта адбываецца цяпер», – сказаў палітык.

Выклік, які паўстане перад Украінай у бліжэйшыя месяцы, будзе асабліва сурʼёзным. Краіны Захаду, якія дапамагаюць Кіеву, хочуць праверыць, ці здольнае ўкраінскае войска зноў узяць на сябе ініцыятыву і вызваліць далейшыя тэрыторыі, акупаваныя Расіяй, адзначае WP.

«У такіх, а не ў іншых рэаліях даводзіцца жыць і змагацца. Канешне, для нас гэта праблематычна. (Гэтае становішча) вымушае нас больш дакладна весці агонь, быць больш уважлівымі пры разведцы, больш уважліва выбіраць баявыя пазіцыі, больш дэталёва арганізоўваць узаемадзеянне нашых злучэнняў. Іншага шляху ў нас няма», – прызнаўся генерал Аляксандр Сырскі.

PAP / dziennik.pl / вх