Беларуская Служба

«Мірны план» Кітая па спыненні баявых дзеянняў можа стаць пасткай для Украіны

15.03.2023 14:28
Кіраўнік Кітая плануе адправіцца ў Маскву на сустрэчу з Пуціным, а пасля гэтага Сі Цзіньпін хацеў бы правесці перамовы з Зяленскім.
Аўдыё
  • Пазіцыя Кітая адносна вайны ва Украіне
Сакратар ЦК Камуністычнай партыі Кітая Сі Цзіньпінфота: PAP/EPA/XINHUA / Yan Yan

Надоечы заходнія СМІ паведамілі, што кіраўнік Кітая плануе ў бліжэйшы час адправіцца ў Маскву на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. А пасля гэтага Сі Цзіньпін хацеў бы правесці перамовы з прэзідэнтам Украіны. Каментатары заяўляюць, што «мірны план» Кітая можа быць пасткай для Украіны. 

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну больш за год таму, вялікае занепакаенне выклікае стаўленне адной з самых буйных і магутных краін свету – Кітая – да гэтай вайны. Вайскоўцы і палітолагі сочаць за кожным крокам і рашэннем кіраўніцтва камуністычнай дзяржавы і стараюцца прадугледзіць, у якім напрамку можа пайсці Кітай – ці магчыма, каб ён адкрыта падтрымаў Расію, ці магчыма, каб ён прымусіў Украіну пайсці на перамовы, каб яна згадзілася на афіцыйную перадачу часткі ці ўсёй акупаванай расійскімі войскамі сваёй тэрыторыі пад юрысдыкцыю Расіі.

Учора агенцтва Reuters паведаміла, што на наступным тыдні нядаўна пераабраны лідар Кітая Сі Цзіньпін намераны адправіцца з візітам у Маскву. Гэта нясе сур’ёзную небяспеку Украіне ды яе саюзнікам. Праўда, большасць экспертаў мяркуюць, што Кітай надта асцярожны і прагматычны, для яго важныя добрыя адносіны з заходнім светам, аднак для Украіны кітайскі «мірны план», з якім Сі можа ехаць у Маскву, нясе негатыўныя наступствы. Пасля візіту ў Маскву Сі Цзіньпін намераны правесці перамовы па відэасувязі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. На думку ўкраінскага ваеннага эксперта, палкоўніка запасу ЗСУ Алега Жданава, Кітай можа пастарацца прымусіць Украіну да спынення баявых дзеянняў і перамоваў. Для Украіны гэта была б фактычная капітуляцыя, – адзначае эксперт.

- Пуцін будзе выкарыстоўваць спыненне агню дзеля перагрупоўкі, нарошчвання войскаў і новых наступальных дзеянняў. Ён не збіраецца саступаць, а Сі Цзіньпін пераследуе свае інтарэсы. Для яго важней за ўсё пасадзіць нас за стол перамоваў, каб спыніўся агонь. А пазней, калі мы збяром сілы і захочам пайсці ў контрнаступ, нас абвінавацяць у агрэсіўнасці, развязванні вайны і не дазволяць гэтага зрабіць. Ніхто не ўспомніць, што гэта наша тэрыторыя.

Кітаю абсалютна непатрэбная гэтая вайна, хаця ён і не быў супраць, каб Расія хутка захапіла Украіну і ўзяла кантроль над ёю. Гэта для Кітая быў бы добры варыянт, – кажа дырэктар незалежнай ініцыятывы New Geopolitics Research Network палітолаг Міхаіл Самусь.

- Калі б Украіна была пад кантролем Расіі, тады Кітай мог бы праз Расію, Украіну і Беларусь рэалізаваць свае планы, у тым ліку стратэгічны эканамічны праект набліжэння да рынкаў ЕС «Адзін пояс – адзін шлях». Цяпер Кітай разумее, што Украіна ніколі не будзе пад кантролем Расіі.

Кітай заяўляў, што неабходна паважаць тэрытарыяльную цэласнасць краінаў свету, але не казаў канкрэтна пра Украіну ў гэтым кантэксце, ён не асудзіў вайну Расіі супраць Украіны і не раз выступаў за мірныя перамовы. КНР таксама крытыкавала ЗША за тое, што яны пастаўляюць Украіне ваенную дапамогу. Меркаваннем амерыканскіх чыноўнікаў, Кітай разглядае магчымасць адпраўкі ў РФ артылерыі і боепрыпасаў.

Кітай мог бы хутка закончыць вайну, калі б ён заявіў, што выступае па баку Украіны і пастаўляе ёй узбраенне. На дадзены момант гэта, канешне, вельмі малаверагодны варыянт. Іншы варыянт – Кітай становіцца на бок Расіі і пастаўляе ёй узбраенне. Такі крок прымусіў бы да рашучай рэакцыі Злучаныя Штаты Амерыкі, – кажа публіцыст, доктар гістарычных навук Юрый Фельштынскі.

- Тады ЗША адкрыта ўступяць у вайну і, адпаведна, у вайну ўступіць НАТА. Калі Кітай уступіць у вайну, гэта будзе самая буйная памылка кітайскага кіраўніцтва. Я спадзяюся, што ў іх хопіць розуму гэтага не рабіць, але, на жаль, вельмі часта кіраўнікі краін здзяйсняюць прымітыўныя памылкі.

У Еўрапейскім Саюзе падкрэслілі, што калі Кітай пачне пастаўляць зброю расійскаму боку, то такое дзеянне Пекіна стане для ЕС «чырвонай лініяй».

Фабрика новин/УНІАН/нг