Беларуская Служба

Расія зайздросціць Кітаю

21.03.2023 14:14
У Маскве з афіцыйным візітам знаходзіцца кітайскі лідар Сі Цзіньпін.
Ілюстрацыйны здымакEPA/DMITRY ASTAKHOV / SPUTNIK / GOVERNMENT PRESS SERVICE Dostawca: PAP/EPA

 Пуцін спадзяваецца атрымаць ад Пекіна дапамогу ў вайне з Украінай. Кітайскі бок кажа важнасць адносін з Расіяй ды мірнае ўрэгуляванне расійска-украінскага канфлікту.

20-22 сакавіка Старшыня КНР Сі Цзіньпін прыехаў у Расію з рабочым візітам. Гэты першы візіт замежнага кіраўніка ў Маскву пасля выдачы ордара на арышт Пуціна Міжнародным судом у Гаазе.

Расія звязвае з гэтымі перамовамі «вялікія чаканні». Напярэдадні візіту Пуцін апублікаваў артыкул у кітайскай прэсе, у якім заявіў, што спадзяваецца на «новы магутны імпульс па ўсім комплексу двухбаковага супрацоўніцтва», выказаў «удзячнасць за ўзважаную лінію КНР у сувязі з падзеямі ва Украіне».

Пуцін паспрабаваў таксама напалохаць Кітай НАТА, якое нібыта «нацэлілася на пранікненне ў Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён..., настойліва імкнецца раздрабніць агульнаеўразійскую прастору».

Падчас непасрэднай размовы з кітайскім лідарам Пуцін не хавай зайздрасці ды прасіў падтрымку. Таксама расійская прапаганда не хавае захаплення ад візіта Сі Цзіньпіна ў Маскву. Прапагандысты разлічваюць, што Кітай пачне паўнавартасны ленд-ліз: снарады і ўсё, што спатрэбіцца, а беспілотнікі будуць ісці праз Беларусь. Пра гэта заявіў публіцыст Мікалай Вавілаў у эфіры Салаўёў Live.

Кітайскі бок пакуль такой падтрымкі не абяцаў. Сі Цзіньпін зазначыў толькі, што Расія кіраўніцтвам Пуціна дабілася значных поспехаў у апошнія гады, што расіяне падтрымаюць пуціна на выбарах у наступным годзе, і што Пекін надае вялікае значэнне адносінам з Расіяй.

- Я ведаю, што ў наступным годзе ў вашай краіне адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары. Дзякуючы вашаму моцнаму кіраўніцтву за апошнія гады ў Расіі дабіліся значных поспехаў у справе дасягнення поспехаў і працвітання краіны. Упэўнены, што расійскі народ моцна вас падтрымае ў вашых добрых пачынаннях.

На думку незалежных палітолагаў візіт кітайскага лідараў Расію – гэта дэманстрацыя жадання, каб Крэмль не прайграў у развязанай ім вайне, але і аднаўленне даваеннай магутнасці Расіі Пекіну таксама не выгадна. Сі Цзіньпін будзе ўгаворваць расійскага прэзідэнта спыніць вайну ва Украіне, распавёў палітолаг Валер Салавей у інтэрв'ю праграме «Паветра».

У сваю чаргу амерыканскія ўлады лічаць, што абвяшчэнне перамір'я ва Украіне на дадзены момант замацавала б расійскія тэрытарыяльныя заваёвы. Каментуючы візіт лідара Кітая Сі Цзіньпіна ў Маскву, каардынатар Белага дома па стратэгічных камунікацыях Джон Кірбі заявіў, што планы спынення вайны павінны ўключаць вывад расійскіх войск з тэрыторыі Украіны.

- Кітай не асудзіў вайну, але не прадстаўляе зброю, не ўдзельнічае ў санкцыях, хаця мы б хацелі, каб яны далучыліся. Яны прымаюць свае суверэнныя рашэнні, у тым ліку падтрымліваюць расійскія прапагандысцкія заявы, што гэтая вайна ёсць пагрозай існавання Расіі, што нібыта ЗША і Захад падштурхнулі Расію да гэтага, што ёсць абсурдам. Я магу толькі паўтараць тое, што мы не раз казалі кітайцам, што гэта не прывядзе да хутчэйшага завяршэння вайны.

Былы дарадца украінскага прэзідэнта Аляксей Арастовіч заявіў, што план Кітаю не спрыяе пакуль Украіне.

- Мы не можам прыняць кітайскі план, які прадугледжвае замарожванне канфлікту, што дасць Расіі час набраць сілы, у тым ліку высмоктваючы рэсурсы з украінскай тэрыторыі. Потым яны зноў нападуць у зручны для іх момант.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін запрасіў расійскае кіраўніцтва наведаць Кітай у 2023 годзе падчас трэцяга міжнароднага форума ў рамках «Аднаго пояса – аднаго шляху». Пасля размоў Маскве кітайскі бок анансаваў перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Юры Ліхтаровіч