Беларуская Служба

Карбалевіч: Лабістам беларускага рэжыму будзе цяжка пасля з’яўлення на тэрыторыі расійскай ядзернай зброі

30.03.2023 10:06
Беларусь удала абыходзіла апошнія тры этапы санкцый супраць Расіі, хаця адзінства ў ЕС няма па гэтай тэме, напрыклад, Польшча настойвае, што рэжым Лукашэнкі мусіць быць пакараны нароўні з рэжымам Пуціна. Што будзе адбывацца пасля размяшчэння на тэрыторыі Беларусі адзернай зброі?
Аўдыё
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч: Лабістам беларускага рэжыму будзе цяжка пасля з’яўлення на тэрыторыі расійскай ядзернай зброі
Biały Dom zapowiedział wstrzymanie wymiany informacji z Rosją na temat arsenału jądrowego
Biały Dom zapowiedział wstrzymanie wymiany informacji z Rosją na temat arsenału jądrowegoHamara/Shutterstock

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч пракаментаваў для Беларускай Службы Польскага радыё патэнцыйна сур'ёзныя перамены.

– Прайшло некалькі дзён пасля таго, як Уладзімір Пуцін заявіў пра планы размясціць у бліжэйшыя месяцы на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю. Заява не шараговая, і сярод мноства каментароў былі і такія, што Лукашэнка ніякім чынам ужо не ўплывае на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, быццам бы ўсё вырашаюць у Маскве. Ці згодныя вы з гэтым?

– Аляксандр Лукашэнка сам шмат разоў гаварыў пра тое, што хацеў бы вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь. Мой калега Юрый Дракахруст падлічыў, што толькі летась Лукашэнка не менш, чым восем разоў пра гэта казаў публічна. Лагічна, што гэтая заява прагучала з вуснаў Пуціна. Кантэкст такі, што менавіта ад Пуціна мусіла прагучаць гэтае рашэнне. Што вырашае Лукашэнка? Шмат што вырашае: кантралюе сілавыя структуры, узброеныя сілы Беларусі, унутраная палітыка Беларусі пад яго кантролем. Залежнасць Беларусі ад Расіі значна ўзрасла, уплыў Расіі на Беларусь шмат у якіх кірунках пасля падзей 2020 году ўзрос, гэта факт. Тым не менш Лукашэнка захоўвае значную аўтаномію ва ўнутранай палітыцы і крыху менш у знешняй і ваеннай палітыцы. Але менавіта Лукашэнка прымае асноўныя рашэнні на тэрыторыі Беларусі.

Пасля інфармацыі аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі гучыць стрыманая рэакцыя з боку Захаду, хіба што польскія палітыкі больш гучна гавораць пра санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Напрыклад, настойваюць, што санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі, павінны быць роўнымі санкцыям, уведзеным супраць Расіі. Складваецца ўражанне, што не так страшныя санкцыі для Беларусі, як гэта падаецца: рэжым на месцы, і нават незалежныя эканамісты канстатуюць, што сістэма адаптуецца да абмежаванняў, шукае новыя хады і абходы.

– Усё залежыць ад таго, на які вынікі былі арыентаваныя тыя людзі, якія ўводзілі санкцыі. Калі заходнія краіны, якія ўводзілі эканамічныя санкцыі, лічылі што пасля гэтага Лукашэнка памяняе сваю палітыку, то наўрад гэтыя разлікі былі рэальнымі. На паводзіны афіцыйнага Мінска гэта не паўплывала, але на эканамічную сітуацыю ўплыў значны: летась ВУП Беларусі ўпаў на пяць працэнтаў, за першыя два месяцы бягучага года – яшчэ на некалькі працэнтаў. Таму ўплыў ёсць і ўплыў негатыўны, іншая справа, шмат што залежыць ад рэакцыі грамадства, эліты, эканамічных суб’ектаў, якія пад ціскам санкцый мусяць уплываць на кіраўніцтва. Вось гэтага мы пакуль не бачым. І цяжка было на гэта разлічваць. Тое, што Беларусь не была ўключаная ў тры апошнія пакеты санкцый, што ўводзіліся супраць Расіі, было зроблена адмыслова, к аб паказаць, што ёсць розніца ў пазіцыі Беларусі і Расіі да вайны ва Украіне: беларускае войска не ўступіла ў паўнавартасную вайну. На Захадзе гэта ацанілі, але думаю цяпер, пасля размяшчэння ядзернай зброі, Беларусь увойдзе ў новыя пакеты санкцый, а лабістам беларускага рэжыму будзе цяжка аргументаваць абарону пасля з’яўлення на тэрыторыі расійскай ядзернай зброі, – падкрэслівае Валер Карбалевіч.

Палітычны аглядальнік згодны з тым, што Беларусь усё больш і больш апынаецца за заслонай ад заходняга свету.

«Пачатак гэтага быў звязаны з міграцыйным крызісам, калі Польшча і Літва пачалі будаваць сцены, гэта ж адбываецца на памежных пераходах, прымаюцца рашэнні, напрыклад, у Літве, якія будуць абцяжарваць пераезд у гэтую краіну грамадзянам Беларусі. Не гаворым ужо пра спыненне авіязносінаў з Беларуссю, праграм эканамічнага, ваеннага, гуманітарнага супрацоўніцтва. Заслона з’яўляецца, але гэта працэс. Нельга сказаць, што гэта адбываецца з пэўнага моманту», – адзначае Карбалевіч.

Варта нагадаць, што і адваротны працэс – аднаўленне сувязяў, нармальных кантактаў і адносінаў не адбываецца ў адзін момант, гэта таксама працэсы, расцягнутыя на гады. Але гаварыць пра гэта цяпер нават і сэнсу няма, бо «пакуль гэты час нават не праглядаецца на гарызонце».

У супрацьвагу палітыцы афіцыйнага Мінска апазіцыйныя палітыкі ў выгнанні, за мяжою актыўна працуюць на выбудоўванне кантактаў. Але ці датычыцца гэта Беларусі як дзяржавы, краіны? Відавочна, цяпер гэта скіравана на эміграцыю, дыяспары, перспектыву.

«Беларуская дзяржава цяпер зварочвае розныя сувязі з захадам, у той час як апазіцыя, грамадзянскія структуры падтрымліваюць беларускі парадак дня ў міжнароднай палітыцы, у адносінах з захадам, і тут адбываюцца два паралельныя працэсы, якія паміж сабою не перасякаюцца».

І напрыканцы пакуль не аптымістычны прагноз – логіка рэжыму Лукашэнкі цяпер не прадугледжвае змякчэння рэпрэсіўнага апарату.

«Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што ў тэме прысутнасці ядзернай зброі на тэрыторыі краіны толькі 20 працэнтаў выступаюць «за». А восемдзесят працэнтаў – супраць. Зразумела, калі ўлада ваюе з гэтымі васьмюдзесяццю працэнтамі, яна мусіць быць перманентна жорсткай. Гэта логіка рэжыму, які апынуўся ў вайне з беларукім грамадствам, Еўропаю. Мяжы няма, дна няма – працэсы і меры могуць быць як заўгодна жорсткімі далей», – гаворыць Валер Карбалевіч.

вх