Калі мы паглядзім на ўвесь цыкл вытворчасці аўтамабіля, у тым ліку яго ўжыванне і ўтылізацыю, а таксама выпрацоўку энергіі для яго выкарыстання, ніякага скарачэння выкідаў парніковых газаў не будзе, канстатуе намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя Эдуард Сярка ў размове з газетай Nasz Dziennik.
Такім чынам віцэ-міністр пракаментараваў рашэнне Савета Еўрасаюза з 2035 года забараніць рэгістрацыю аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання. Паводле палітыка, калі ўзяць пад увагу ўвесь «жыццёвы» цыкл транспартнага сродка, то колькасць выкідаў ад выкарыстання электрамабіляў будзе такой жа, як цяпер у выпадку аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання.
Палітык дадаў, што нават калі гэтыя электрамабілі будуць мець нулявы або нізкі ўзровень выкідаў, «іх усё роўна трэба выпрадукаваць і выкарыстоўваць», між тым, паводле віцэ-міністра, электрамабілі «патрабуюць вялікай колькасці сінтэтычнага паліва або электраэнергіі, што пацягне за сабой дадатковыя выкіды». «Так што ніякага станоўчага эфекту ад гэтай змены мы не дасягнем. Гэта не палепшыць клімату», – сказаў Эдуард Сякра.
Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што згаданае рашэнне – «вельмі моцны ўдар« па эканоміцы. «Асновай эканомікі, якая хутка расце, з'яўляецца транспарт. Еўропа ў гэтым плане не выключэнне. Між тым, транспарт павінен быць эфектыўным», – ацаніў палітык і нагадаў, што забарона распаўсюджваецца не толькі на легкавыя аўтамабілі.
Нагадваем, надоечы прадстаўнікі краін Еўрасаюза дамовіліся забараніць рэгістрацыю новых аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання пасля 2035 года. Польшча выступіла супраць гэтай забароны.
аз