Беларуская Служба

Усходняя Еўропа вітае пашырэнне Паўночнаатлантычнага Альянсу

04.04.2023 13:52
Сёння Фінляндыя афіцыйна ўступіць у NATO, стаўшы 31-м чальцом Паўночнаатлантычнага альянсу. Перамовы, якія правялі да гэтай падзеі, працягваліся з мая. Далучэнне Фінляндыі ўспрымаецца як узмацненне Пакту асабліва на фоне расійскай агрэсіі ва Украіне.
Аўдыё
  • У 74 гадавіну свайго заснавання NATO пашыраецца на Поўнач і Усход
   NATO   ,      NATO
Уступленьне Фінляндыі ў NATO — гістарычны дзень, заявіў у Брусэлі генэральны сакратар NATO Енс СтолтэнбэргNATO/https://www.nato.int/

Штогод 4 красавіка ў сталіцах краін Альянсу адзначаецца Дзень NATO, каб згадаць гадавіну падпісання ў 1949 годзе асноватворнага дакумента Пакту – Вашынгтонскай дамовы. На працягу сямідзесяці чатырох гадоў Альянс заставаўся непахісным у сваёй рашучасці абараняць сваіх грамадзян, бараніць кожны сантыметр сваёй тэрыторыі ды бараніць свабоду і дэмакратыю. Сёлета Дзень NATO праходзіць у асаблівых гістарычных умовах – у гэты дзень Фінляндыя стала трыццаць першым членам Альянсу, гаворыцца ў паведамленні прэсавай службы NATO.

Афіцыйная цырымонія ўступлення Фінляндыі ў НАТА пачалася ў Бруселі, а 15.30 перад штаб-кватэрай альянсу быў узняты фінскі сцяг. Уступленне Фінляндыі магчымае таму, што Турцыя, як апошні чалец Альянсу, завяршыла ратыфікацыю дакументаў аб уступленні.

4 красавіка 2023 года Фінляндыя стала трыццаць першым членам NATO. Уступленне Фінляндыі ў NATO — гістарычны дзень, заявіў у Бруселі генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Кіраўнік NATO падкрэсліў, што сяброўства Фінляндыі важна для паўночных краін і дзяржаў рэгіёну Балтыйскага мора.

- Я шчаслівы і ганаруся тым, што як генеральны сакратар магу вітаць Фінляндыю як паўнапраўнага чальца Альянсу. Гэта важна для NATO, важна для Фінляндыі, але таксама важна для паўночных і балтыйскіх рэгіёнаў. Проста паглядзіце на карту, каб убачыць, наколькі важная Фінляндыя для бяспекі Паўночна-Балтыйскага рэгіёну.

Енс Столтэнбрэг сказаў, што Фінляндыя прыўносіць у Альянс высокі ваенны патэнцыял: добра падрыхтаваныя ўзброеныя сілы і развітую абаронную прамысловасць. Кіраўнік NATO падкрэсліў, што яшчэ некалькі гадоў таму ўступленне Фінляндыі ў Альянс было неверагодным. Сітуацыю змяніла ўварванне Расіі ва Украіну. Улады Хельсінкі накіравалі заяўку на ўступленне ў NATO у траўні, менш чым праз тры месяцы пасля таго, як Крэмль пачаў вайну.

Ужо ёсць рэакцыя ўсходнееўрапейскіх краін на далучэнне Фінляндыі. Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак лічыць, што ўступленне Фінляндыі ў NATO пазітыўна паўплывае на бяспеку ўсяе Ўсходняй Еўропы.

- Сёння выключны дзень, таму што сёння адзначаецца 74 гадавіна стварэння Паўночнаатлантычнага альянсу. Сёння ўпершыню ў гісторыі ў сядзібе арганізацыі ўздымецца сцяг Фінляндыі – гэта 31 краіна, якая далучылася да Альянсу. Гэта вельмі добрая навіна для бяспекі Польшчы ды ўсяго ўсходняга фланга НАТО. Ёсць салідарнасць і супольны клопат пра бяспеку.

Пашырэнне НАТО Фінляндыяй узмацняе бяспеку Польшчы – сказаў дырэктар Польскага інстытуту міжнародных спраў Славамір Дэмбскі ў эфіры 3 канала Польскага радыё. Эксперт адзначыў, што гэты крок мае стратэгічнае значэнне, бо дазволіць больш эфектыўна бараніцца ад расійскай агрэсіі і больш эфектыўна стрымліваць агрэсіўныя намеры Крамля. Адмысловец нагадаў, што Фінляндыя з'яўляецца адной з самых моцных у ваенным плане краін Еўропы.

- Гэта дазволіць Польшчы ды іншым саюзнікам падрыхтаваць больш эфектыўную абарону на выпадак расійскай агрэсіі. У Еўропе Фінляндыя ёсць адной з наймацнейшых у вайсковым плане дзяржаў. Гэта ўзмацненне NATO і нашай бяспекі.

Апроч Фінляндыі ўступлення ў NATO чакае Швецыя. Стакгольм падаваў заяўку на ўступленне разам з Хельсінкі. Аднак шведскае сяброўства ў NATO пакуль блакуюць дзве дзяржавы – Венгрыя і Турцыя. Міністр замежных спраў Літвы Габрыэліс Лансбергіс зазначыў, што на чарзе набліжэнне Украіны да NATO.

- Хай у нас пакуль няма вырашэння, але мы не можам ігнараваць факт, што апроч фінскай, ёсць шведская ды ўкраінская заяўкі. Мы працуем на тым, як наблізіць Украіну да NATO, каб яна стала хутка сябрам арганізацыі, калі будзе гатова.

Што тычыцца ядзерных пагроз Пуціна ды Лукашэнкі, у Пакта ёсць чым на іх адказаць, зазначыў Лансбергіс.

- Пагрозы – гэта не рыторыка. Тым больш, што заяўлены тэрмін размяшчэння – чэрвень. Гэта час, калі будзе праходзіць саміт NATO ў Вільні. Яны чакаюць, што лідары свабоднага свету збяруцца ў Вільні, тады яны пачнуць пагражаць сваімі старымі ракетамі. Гэта пасланне для нас, але мы даўно жывём у асяроддзі, дзе прысутная ядзерная зброя даўно. Гэта сведчанне таго, што Беларусь губляе рэшткі сваёй суверэннасці. З боку Альянсу будуць рашучыя меры па стрымліванні любых вайсковых пагроз у Балтыйскім рэгіёне.

У адказ на расійскія пагрозы НАТО будзе ўмацоўваць вайсковую прысутнасць на Усходнім флангу, будзе пашыраць паветраную абарону.

Юры Ліхтаровіч