Беларуская Служба

Крэмль вяртаецца да сталінскіх практык

11.04.2023 14:31
Расійскія сілавікі пачалі абвінавачваць палітычных сапернікаў Пуціна ў дзяржаўнай здрадзе. Гэта вяртанне бальшавіцкіх практык. Расія стаіць на мяжы «Вялікага тэрору», як у сталінскія часы.
Аўдыё
  • Расійскія праваахоўныя службы сталінізуюцца
Ілюстрацыйны здымакEPA/MAXIM SHIPENKOV Dostawca: PAP/EPA.

Пра вяртанне сталінскіх практык у Расіі журналісты кажуць даўно. Аднак раней гэта былі адзінкавыя выпадкі. Апошнія рашэнні расійскіх улад сведчаць пра тое, што неўзабаве «чысткі» стануць масавай практыкай. У сталінскія часы рэпрэсіі пачаліся са «справы Кірава». У пуцінскай Расіі старт чыстак даў прысуд Уладзіміру Кара-Мурзе.

Пракуратура запатрабавала для Уладзіміра Кара-Мурзы 25 гадоў пазбаўлення волі па цэлым шэрагу абвінавачанняў, сярод якіх галоўнае - дзяржаўная здрада. Сам палітык зазначыў у сваім апошнім слове, што «гэта цана не маўчання ў сённяшняй Расіі». Сігнал Крамля падхапілі дэпутаты Дзяржаўнай Думы ад ЛДПР, якія выступілі з ініцыятывай узмацнення жорсткасці пакарання за дзяржаўную здраду.

Гэтыя падзеі сведчаць пра тое, што кропкавыя рэпрэсіі ў Расіі могуць ператварыцца ў масавыя ў бліжэйшы час. Такое меркаванне выказаў на сваім канале заснавальнік праекту «Агентура.ру», даследчык расійскіх спецслужб Андрэй Салдатаў.

- Цяпер ідзе шырокае вяртанне да савецкага досведу. Замежны журналіст у зачынены горадзе – гэта шпіён замежнай дзяржавы. Адраджаецца таталітарная ідэя, што журналіст не можа дзейнічаць самастойна, а толькі на загад дзяржавы. Гэта разуменне, што кожны грамадзянін краіны ёсць жаўнерам. Гэта савецкія таталітарныя ідэі моцна адрадзіліся за апошні год.

Пуцінскае ФСБ прымярае на сябе досвед сталінскага НКУС, кажа эксперт

- Мы гэта бачым па тым, як яны кажуць самі пра сябе. Яшчэ год таму супрацоўнікі ФСБ спасылаліся на досвед савецкага КДБ, бралі з яго прыклад. Цяпер спасылкі ідуць на СМЕРШ – сталінскую вайсковую контрразведку. Цяпер у ФСБ кажуць пра чэкісцка-вайсковыя аперацыя, як дэпартацыі народаў ці барацьба з партызанамі.

Гэты працэс сталінізацыі расійскіх спецслужб узмацніўся з пачаткам вайны.

Трэнд пачаўся даўно, ідзе працэс па абвінавачанні любых апазіцыйных сіл у Расіі ў здрадзе. Да вайны такіх спраў не было, цяпер ёсць. Тое самае тычыцца і замежных журналістаў. Раней пры Пуціне не абвінавачвалі ў шпіёнстве. Гэта рух у той бок, каб тлумачыць незадаволенасць грамадства, тое, што людзі кажуць непрыемныя рэчы пра ўладу, тым што яны здраднікі.

Стан расійскага грамадства сведчыць пра тое, што расіяне гатовыя падтрымаць рэпрэсіі. У Расіі частай практыкай сталі даносы. Людзей пачалі саджаць у турму з-за даносаў знаёмых ці суседзяў. Апошняя такая гісторыя здарылася ў Пецярбургу. Знаёмыя пасварыліся з-за Бучы і адзін з іх данёс на другога, каб «перавыхаваць». Таго прыгаварылі да 5,5 гадоў калоніі - нягледзячы на інваліднасць і сына з цяжкім захворваннем.

Юры Ліхтаровіч